У гонар легендарнага генерала Д.М. Карбышава названа вуліца Зэльвы

Адна з паўднёва-заходніх вуліц пасёлка названа ў гонар генерала Д.М. Карбышава невыпадкова. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Міхайлавіч быў адным з арганізатараў  прарыву астаткаў 3-й і 10-й армій, што адступалі ад Беластока да Слоніма, якраз у раёне Зэльвы. Даследчыкі гэтай трагедыі лічаць, што ў гісторыі войн мала прыкладаў такога маштабнага патоку войск і бежанцаў, што рухаліся ў адным накірунку на адлегласці больш за 60 кіламетраў. Нямецкая авіяцыя няспынна і беспакарана абстрэльвала калоны тэхнікі і людзей, што не мелі ніякай магчымасці супрацьстаяць ворагу. Уся шасьцідзесяцікіламетровая паласа была ўсыпана целамі загінуўшых людзей, завалена ўзарванымі танкамі, машынамі і гарматамі. І ўвесь паток вымушаны быў спыніцца перад Зэльвай. Шашэйны мост праз Зальвянку фашысты ўжо ўзарвалі. Рухацца на Слонім можна было толькі праз чыгуначны. Прарывам войск кіравалі некалькі камандзіраў, у тым ліку генерал Д.М. Карбышаў і палкоўнік А.В. Смалякоў, у гонар якіх  у 1990 годзе быў устаноўлены памятны знак ля шашы Ваўкавыск–Слонім. Палкоўнік Смалякоў застаўся ля Зальвянкі навечна, Карбышаў з зэльвенскага катла прарваўся, але лёс рыхтаваў для яго нечалавечыя пакуты ў фашысцкіх канцлагерах. Тры з паловай гады мучылі фашысты Д.М. Карбышава ў Асвеціме, Майданэку, Закценхаўзе і Маўтхаўзене, дабіваючы згоды на супрацоўніцтва з імі. Але генерал быў нязломным. І тады фашысты прыдумалі для яго страшную смерць: раздзетага аблівалі на марозе халоднай вадой да таго часу, пакуль ён не стаў ледзяной статуяй.

Вуліца Карбышава вельмі каларытная і па сваіх абрысах, і па насельніках. Калі б аб’явілі конкурс на роўную, як страла, вуліцу, то вядома, журы яе адразу б забракавала. Праўда, адна яе частка, – тая,  што пачынаецца на ўзгорку, ад шашы, – магла б удзельнічаць у спаборніцтве. Асабліва цяпер, калі ў канцы 2019 года яна была заасфальтавана. Стромкая, шырокая, яна запалоніць сэрца і зэльвенца, і госця. Але гэта – толькі частка вуліцы. Пасля перасячэння з Камсамольскай вуліца -загадка крута заварочваецца ўніз і ўтварае амаль перпендыкуляр да сваёй узвышанай часткі. Тут ужо – нізіна, хутар, як кажуць жыхары гэтай своеасаблівай аўтономіі.

Тое ж і з жыхарамі. Якіх толькі прафесій не сустрэнеш. І вельмі цяжка ўзгадаць пра ўсіх насельнікаў (іх больш за сотню). Таму паспрабуем аб’днаць носьбітаў некаторых прафесій па ўмоўных групах, і хоць такім чынам назваць як мага больш карбышаўцаў.

Лечаць, вучаць і выхоўваюць

 Больш сарака гадоў аддала служэнню людзям жыхарка дома №1 Вяслава Уладзіміраўна Нядвецкая. Спецыялізацыя яе вельмі няпростая: псіхіятр. Шырокія пазнанні і шматгадовы вопыт дазволілі ёй авалодаць сумежнымі спецыяльнасцямі, таму яна працуе там, дзе спатрэбіцца: і нарколагам, і неўрапатолагам. Нездарма наша “угрыньская Галіна” – паэтка Галіна Тарасік – пісала:
Не с восьми и до пяти – круглосуточно
Врач спасает от беды неминуемой.
И наркологу давно не до шуточек –
Психология больных предсказуема ль?

… Самааддана працуюць у медыцыне і медыцынскія сёстры з Карбышава. Умелыя і моцныя рукі масажысткі Алены Пятроўны Каленка больш за 30 гадоў выратоўвалі ад болю сотні пацыентаў Зэльвенскай бальніцы.

Наталля Антонаўна Наточый працуе на “нябачным фронце”, у лабараторыі, але пра важнасць аналізаў для вызначэння хваробы і гаварыць не даводзіцца. Напэўна, не раз расказвала Наталля Антонаўна дома пра сваю работу і захапіла ёю дачушак: адна з іх стала медыкам, другая – біёлагам.

Алену Аляксееўну Раманоўскую памятаюць і калегі, і пацыенты былой Тулаўскай участковай бальніцы, бо менавіта там пачынала яна свой працоўны шлях. Зараз шчыруе ў тэрапеўтычным аддзяленні Зэльвенскай раённай бальніцы.

Паважаныя ў Зэльве і педагогі-карбышаўцы. Валянціна Браніс лаваўна Шмат да закрыцця Угрыньскай васьмігодкі працавала там настаўніцай пачатковых класаў. Калі пабудаваліся ў Зэльве, стала выхавацелем у садку. Шмат маленькіх зэльвенцаў удзячны ёй за ласку і цяпло, якія яна шчодра ім дорыць вось ужо 27 гадоў. Таццяна Уладзіміраўна Макарчук паспяхова спраўляецца со школьнікамі пачатковых класаў. Класныя кіраўнікі сярэдняга звяна СШ №3 заўсёды рады ўзяць ад яе добра падрыхтаваных выпускнікоў-чацвёртакласнікаў. Святлана Мікалаеўна Буткевіч вучыць дзяўчынак быць гаспадынямі, Мікалай Уладзіміравіч Каўчун гартуе целы школьнікаў на ўроках фізічнай культуры. Праскоўя Іванаўна Чаркалава многім выхаванцам перадала любоў да рускай мовы і літаратуры, а Таццяна Вацлаваўна Дзяміда сагравае душэўным цяплом дзетак, што часова знаходзяцца далёка ад дому (яна працуе ў санаторнай школе).

Без каго “не пражыць і дня”?

Сучасны чалавек адчувае сябе вельмі няўтульна, калі электрыкі на некалькі гадзін адключаюць на вуліцы электрычнасць, камунальнік і– ацяпленне ці ваду, а газавікі перакрыюць на непрацяглы час газ, каб выявіць нестандартную сітуацыю. Мы зусім забыліся, што яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя электыфікаваны былі далёка не ўсе вёскі ў раёне, а ў пасёлку – вуліцы; што газ наогул прыйшоў да нас гадоў 30 таму, і што пячное ацяпленне на памяці многіх… І як жа мы ўдзячны людзям, без якіх не ўяўляем жыцця! На вуліцы Карбышава жывуць і РЭСаўцы, і газавікі, і камунгасаўцы. Сярод РЭСаўцаў – М.У.Шмат, У.І.Макарчук, А.У.Андрэева, А.І.Чаркалаў; сярод газавікоў – В.П.Дубовы, З.М.Сплендзер. А камунгасаўцаў – цэлая армія: муж і жонка Акулічы, электраманцёры А.А.Пратасевіч т Т.У.Міроненкка, аператар цэнтральнай кацельні В.А.Наточый, а таксама рабочыя А.А. Іўко, А.У.Дзяміда, А.М.Пасюк, І.І.Чайчыц.

Зэльвенцы ўжо маглі ацаніць многія новаўвядзенні ў рабоце названых службаў, аператыўнасць у выкананні заявак, адказныя адносіны да кліентаў, і шчыра ўдзячны ўсім працуючым у гэтых структурах.

 Будаўнікі, меліяратары, работнікі транспарту

Нямала карбышаўцаў звязалі сваё жыццё з будаўнічымі арганізацыямі. Ф.І.Мацкевіч шмат гадоў узначальваў рамонтна-будаўнічае ўпраўленне (РБУ), М.І.Гарошка – амаль 20 гадоў перасоўна-механізаваную калону (ПМК-35). Былы начальнік планавага аддзела ПМК-35 В.С.Маркач, маючы ўнікальны вопыт разведвальных работ (6 гадоў аддаў геалагічнай службе), быў вельмі запатрабаваны пры правядзенні падрыхтоўчых работ на вадасховішчы. Прараб І.І.Кісель з настальгіяй згадвае гады працы ў МПМК-148 і “Зэльваэнергабудзе”. І.К.Каленка не здраджваў сваёй МПМК-148 ні  ў гады яе росквіту, ні ў крызісныя перыяды.

Самае непасрэднае дачыненне да будаўнічых работ меў Ч.Р.Зубялевіч, які ў працоўнай кніжцы мае адзіны запіс – землеўпарадкавальная служба райвыканкама. Цесна супрацоўнічала з будаўнічымі арганізацыямі аўтакалона, якой пэўны час кіраваў карбышавец В.І.Кузака.

Вытворцыпрадукцыі і прадаўцы

Адзін з дамоў на вуліцы будаваўся ў свой час для работнікаў маслапрыёмнага пункта. Ч.А.Бурак працавала там мікрабіёлагам, С.І.Урбановіч – вадзіцелем, а Н.М.Жамойціна – кіраўніком. Надзея Мікалаеўна прайшла ўсе ступенькі прафесійнага сталення, таму ёй было лёгка знаходзіць агульную мову з усімі работнікамі, тым больш – з суседзямі па дому.

 Прадукцыя вытворцаў малочнай прадукцыі заўсёды была выдатнай якасці. Зэльвенцы да гэтай пары настальгуюць па “сваім” масле ды марожаным….

Дарэчы, як і па прадукцыі быткамбіната, дзе 14 гадоў працаваў галоўным інжынерам Ф.І.Мацкевіч, а ўсё працоўнае жыццё швачкай К.У.Кісель.

Рэалізацыяй прадукцыі каля дваццаці гадоў паспяхова займаецца М.А.Канановіч. Раней Марыя Аляксандраўна працавала ў кафетэрыі пры ўнівермагу ды былой “Алёнушцы”, зараз – у магазіне “Лакомка”, ці, як мы прывыклі называць “Кулінарыі”.

Не дапускаюць банкруцтва

З класічнай літаратуры 19 стагоддзя добра памятаем, як цярпелі банкруцтва знакамітыя дваранскія сем’і. А ўсё таму, што не вялі падліку сваім прыходам і расходам, трацілі намнога больш, чым мелі прыбытку. Сучасны чалавек – рацыяналіст, ён не будзе марыць аб недасяжным, і лічыць не толькі кожны рубель, але і кожную капейку. І дапамагаюць у гэтым фінансісты, эканамісты, планавікі, бухгалтары. Іх прадстаўнікі жывуць і на вуліцы Карбышава.

А.У.Хадакоўскую памятаюць як паспяховую кіраўніцу аддзяленнем Зэльвенскага Белаграпрамбанка, Г.І.Маркач – як эканаміста некалькіх арганізацый (сельгастэхнікі, сельгасупраўлення, райспажыўсаюза). Ч.В.Зубялевіч і С.П.Мацкевіч добра знаёмы са спецыфікай бухгалтарскай справы ў аддзеле адукацыі (Зубялевіч яшчэ і ў Белдзяжстраху). А.М.Пасюк і А.Ю.Адзінцова – асы па падліку даходаў і расходаў ў райспажыўсаюзе, М.К.Сухадольская – добры дарадца гаспадара аднаго з прыватных магазінаў. Г.І.Кузьма ведае магчымасці будаўнікоў МПМК-148, А.В.Іванова спасцігае ўсе бар’еры і рыфы бухгалтарскай справы з дапамогай старэйшых калег цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела адукацыі.

Нярэдка выратоўвае сям’ю ад банкруцтва страхаванне маёмасці ці жылля (зараз столькі непрадказальных кліматычных катаклізмаў!). Ва ўсіх тонкасцях страхавання дапаможа разабрацца агент А.Ц.Кудзелька.

На жаль, у нашы ўмоўныя групы не ўвайшлі ўсе карбышаўцы, у тым ліку і вядомыя ўсяму раёну людзі: старшыня суда Зэльвенскага раёна Н.В.Сцяпанава, намеснік начальніка ўпраўлення архітэктуры, будаўніцтва і ЖКХ райвыканкама А.М.Чайчыц. Ды і маладыя карбышаўцы не згаданы, а яны, дзякуй Богу, ёсць (і значыць, ёсць надзея, што вуліца легендарнага генерала будзе множыцца новымі і новымі героямі нашых замалёвак).

Хочацца шчыра падзякаваць усім, хто дапамог сабраць звесткі пра старэйшых жыхароў вуліцы, хто не адмовіўся сустрэцца і расказаць пра сваіх суседзяў. Здароўя і дабра вам, дарагія карбышаўцы!

Яніна Шматко
Вам может быть интересно

Комментарии отключены