“Калі пачаўся працэс тэлефанізацыі, усе мужчыны выйшлі на рыццё траншэі, каб правесці тэлефонны кабель”. Як зараджалася і чым жыве сёння вуліца, названая ў гонар героя вызвалення камбата Салаўёва

Імя камбата Салаўёва вуліца атрымала нездарма: менавіта тут у ліпені 1944-га ішлі кровапралітныя баі першага батальёна 556-га стралковага палка пад камандаваннем маёра В.Ф.Салаўёва. План штурма Зэльвы быў распрацаваны начальнікам штаба 556-га палка Р.І.Іларыёнавым дэталёва. Кожны батальён атрымаў канкрэтнае заданне. Вось і салдаты Салаўёва да пачатку штурма пасёлка павінны былі паспець размініраваць вызначаны ім участак поймы, зрабіць на ім фашынную дарогу (г.зн. укласці загадзя нарыхтаваныя сотні пукоў чароту для ўмацавання балота), знайсці броды на рацэ, вызначыць найменш умацаваныя ўчасткі ворага на левым беразе, ліквідаваць іх і фарсіраваць Зяльвянку.

Штурм пачаўся ў 2 гадзіны 30 хвілін 12 ліпеня. Першую лінію абароны на беразе ракі прарвалі адразу. Пачалося праследаванне ворага па вуліцах Зэльвы. Батальён Салаўёва павінен быў злучыцца з батальёнам Семізорава, які вёў бой у паўночнай частцы пасёлка. Вулічныя баі заўсёды непрадказальныя і вельмі небяспечныя. Нямала было ранена і забіта байцоў, перш чым полк рушыў у накірунку Ваўкавыска, а затым – Беластока. За вызваленне Беластока 556-ы стралковы полк, у складзе якога знаходзіўся і батальён Салаўёва, атрымаў ганаровае званне “Беластоцкі” і стаў ардэнаносцам.

Першыя “салаўёўцы”

Забудова вуліцы пачалася ў другой палове 70-х гадоў. Некаторыя арганізацыі і ўстановы пасёлка, клапоцячыся пра захаванне кваліфікаваных кадраў, выдзялялі сродкі на пабудову кватэр. Так сталі першымі “салаўёўцамі” работнікі філіяла Слонімскай аўтакалоны Станіслаў Шчылік і Анатоль Месячык, РЭСа – Аляксей Арцюх і Фёдар Чарнецкі, райфінаддзела – Тамара Язерская і Вера Тукальская, дзве сям’і ўрачоў. Да іх далучыліся дзве сям’і індывідуальных забудоўшчыкаў.

Усе сем’і былі маладыя, у кожнай падрасталі дзеці. Маленькая вуліца была заўсёды шумнай і вясёлай. Клопату бацькі мелі: зусім побач з іх дамамі ўзвышалася сапраўдная гара з “кратарам”. Гэта так выглядалі ачысныя збудаванні, пакуль рашэннем райвыканкама яны не былі вынесены ў паўночны бок Зэльвы. Яшчэ адно экзатычнае збудаванне захавалася ў памяці першых жыхароў вуліцы – склад газавікоў для захоўвання балонаў, які таксама ў хуткім часе быў знесены.

Жылі навасёлы дружна, ахвотна прымалі ў сваю сям’ю тых, хто пачаў будавацца пазней. Разам вырашалі складаныя пытанні. Колькі радасці было, калі пачаўся працэс тэлефанізацыі! Усе мужчыны выйшлі на рыццё траншэі, каб з в.Булака правесці на Салаўёва тэлефонны кабель. Гэта зараз рэдка карыстаемся гарадскім тэлефонам, а ў пачатку 80-х гадоў жыхары стаялі ў чарзе на яго падключэнне. Тое ж і з газам: вуліцу не адразу ўключылі ў перспектыўны план, і калі дабіліся дазволу на падвядзенне блакітнага паліва – усе разам збіраліся каля газавікоў, ганарыліся, што зваршчык на іх вуліцы працуе з імянной пячаткай, – значыць, за якасць работы не трэба хвалявацца.

Падрасталі дзеці навасёлаў, выходзілі замуж, жаніліся, нараджалі першых унукаў – усё адбывалася на вачах суседзяў. А калі прыходзіла ў сем’і бяда, таксама не пакідалі з ёй адзін на адзін. Да гэтай пары добрым словам успамінаем рана адышоўшых ад нас Анатоля Тукальскага, Віктара Язерскага, Станіслава Шматка, Віктара Карозу, Аляксея Арцюха.

Вуліца ў вуліцы

Унікальнасць нашай вуліцы яшчэ і ў тым, што яна, апісваючы дугу, пачынаецца і заканчваецца на перакрыжаванні з вуліцай Булака. Пачынаецца непадалёку ад яшчэ адной «геройскай» вуліцы – Шапавалава. А заканчваецца, уліваючыся ў вул. Карла Маркса. Тую яе частку, што ідзе паралельна рацэ Зяльвянцы, можна было б назваць Набярэжнай – настолькі блізка падыходзіць яна да ракі. Двухпавярховыя катэджы, што ўзводзіліся ў 90-я гады, прызначаліся для энергабудаўцаў – сем’яў Кузьміных, Ганжыных і Сідаровічаў. Потым да іх далучыліся індывідуальныя забудоўшчыкі – Маркушэўскія, Пазнякі, Найдзены, Карозы, Рудыя, Пратасевічы.

З вакон вагонаў, калі ехаць па чыгунцы, добра відаць гэтую прыгожую вулачку ў вуліцы. А з вакон дамоў – Зяльвянку, яе пойму, блізкі лясок, куды так вабіць аматараў грыбоў і ягад. Дух займае ад замілавання. Жыхары ўпэўнены, што больш прыгожага месца ў Зэльве не знайсці.

Наша аўтаномія

На Салаўёва жылі і жывуць людзі розных прафесій. Калі б ішоў не XXI век, а напрыклад, XVII ці XIX, мы маглі б спакойна ў штодзённым побыце абыходзіцца сваімі сіламі. Настаўнікі і медыкі – ёсць, фінансісты і эканамісты – ёсць, бухгалтары, інжынеры, электрыкі, прадпрымальнікі – калі ласка!

Вось сям’я Арцюхоў. Лідзія Міхайлаўна вось ужо 40 гадоў працуе медсястрой у раённай бальніцы. “Спакусіла” сваёй прафесіяй і сына з дачкой: сын Андрэй – урач з больш як 20-гадовым стажам, дачка Наталля – медсястра. Калі ёсць патрэба ў іх дапамозе – нікому не адмовяць.

Дынастыя ўрачоў хутка будзе і ў доме Дунецкіх: дачка іх стала студэнткай Гродзенскага медуніверсітэта, які ў свой час заканчвала мама Наталля Мікалаеўна.

Дзвюх медыцынскіх сястрычак выгадавалі Валерый і Валянціна Урбановічы. Наталля шмат гадоў працуе ў рэанімацыйным аддзяленні раённай бальніцы, Таццяна – у рэгістратуры. (Сама іх матуля – настаўніца).

Старэйшая дачка Таццяны Карозы – таксама медык. Малодшая стала настаўніцай і памножыла лік педагогаў-салаўёўцаў.

Самая знакамітая тут – сям’я Чарткоў. Яшчэ бацька Івана Ігнатавіча ўсё жыццё прысвяціў дзецям: загадваў Савіцкай пачатковай школай. За ім пайшлі сын Іван і дачка Людміла. І ў сям’і Івана Ігнатавіча жонка Вольга Іванаўна, сын Валерый і нявестка Ганна – таксама настаўнікі.

Па суседстве з Чарткамі жыве Святлана Бандарэнка, настаўніца па прафесіі, зараз узначальвае Міжэрыцкі дз/с-БШ.

Доўгі час працавалі ў аддзеле адукацыі Аліна Кузьміна і Вольга Ганжына. Не збаялася цяжкасцей педагагічнай працы і дачка Вольгі Аляксандраўны – Дар’я.

Калі ўлічыць, што Алена Рудая і Ірына Пазняк – таксама педагогі, то вось вам цэлы дзясятак знаўцаў чалавечай душы.

Мужчынская палова Палівачоў аддала перавагу інжынерна-тэхнічнай службе, жаночая – рахунковай і бухгалтарскай справе.

Любую тэхнічную задачу вырашыць Станіслаў Шчылік, яму дапамогуць Анатоль Месячык, Уладзімір Шматко, Валерый Урбановіч, Генадзь Іоська, Валянцін Руды і малодшыя мужчыны-салаўёўцы.

Ганарымся трывалымі сем’ямі старэйшых Месячыкаў, Іоськаў, Чарткоў, Урбановічаў, Палівачоў, Дунецкіх, Рудых, Кузьміных. Радуемся, калі бачым у поўным зборы малодшае пакаленне Пазнякоў, Найдзеных, Пратасевічаў, Карташовых, Маркушэўскіх.

Вось так і жывём: малодшыя гадуюць дзяцей, старэйшыя – унукаў. Ці не аб гэтым марылі героі вызвалення ў далёкім ліпені 1944 года?..

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены