Вуліца 17 Верасня ў Зэльве. Чаму яна так названа?

Хто не ведае ў Зэльве вуліцу імя 17 Верасня?! Пытанне рытарычнае. Але чаму яна так названа, магчыма, вядома не ўсім.

Чаму 17 Верасня?

Да верасня 1939 года Зэльвеншчына ўваходзіла ў склад Другой Рэчы Паспалітай. Нападзеннем на Польшчу 1 верасня 1939 г. Германія распачала Другую сусветную вайну. Нямецкія войскі амаль бесперапынна рухаліся ў глыб краіны. З дня на дзень нашы землі маглі апынуцца пад акупацыяй. І тады па распараджэнні ўрада СССР ад 17 верасня Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую граніцу і пачала паход па вызваленню зямель Заходніх Беларусі і Украіны.

У азнаменаванне тых падзей – уз’яднання ў адну сям’ю ўсходніх і заходніх беларусаў – вуліцам многіх гарадоў і мястэчак прысвойвалася імя 17 Верасня. У Зэльве такую назву атрымалі былыя Млынная і Ваўкавыская вуліцы, якія, злучыўшыся на сучаснай плошчы, фактычна сталі адным цэлым.

Якой была Млынная-Ваўкавыская да 1939 года?

З удзячнасцю скарыстаемся ўспамі-намі жыхара вуліцы Адама Данюка, надрукаванымі ў “Працы”, каб уявіць, як выглядала вуліца да верасня 1939 года. Была яна досыць ажыўленай. Ваўкавыская пачыналася ад Ружанскай (сучаснай Пушкінскай), Млынная працягвала яе ад плошчы да ракі Зяльвянкі.

У цэнтры вуліцы стаяў вялікі будынак, абрысамі падобны на літару П, у якім размяшчаліся гандлёвыя лаўкі, майстэрні, кузня, студня з пітной вадой. Належала ўсё гэта немцу Шухардту. Непадалёку ад вялікага будынка знаходзіўся невялікі – заезны дом для гасцей мястэчка.

Насупраць названых пабудоў, на ўзвышшы, былі малітоўны дом для яўрэяў – сінагога, школа і месца іх вечнага спачыну – могілкі. І гэта не выпадкова: яўрэйскага насельніцтва ў Зэльве было больш, чым хрысціян. Арганізаванае ў абшчыну яўрэйскае насельніцтва валодала значнай колькасцю сенажацяў у пойме Зяльвянкі. Дамашнюю жывёлу пасвілі нанятыя пастухі.

Бліжэй да ракі размяшчалася школа для хрысціянскіх дзяцей. Маленькі Адам Данюк запомніў фруктовы сад на яе тэрыторыі, кусты чырвоных і чорных парэчак, жоўтай акацыі ўздоўж агароджы, крытыя альтанкі з лаўкамі. Будынак школы не ўмяшчаў усіх вучняў, таму арандавалі яшчэ і суседні – бальнічны. Сама бальніца, па ўспамінах дзеда Адама, была пабудавана яшчэ ў 19-м стагоддзі. А вось дадатковыя памяшканні ўзніклі ўжо ў пасляваенны час. Пра гэта памятае Раіса Камякевіч, бо ўдзел у будаўніцтве прымаў яе бацька.

Самым ажыўленым месцам была, вядома, пляцоўка перад млынам. Млын – таксама дзіця XIX стагоддзя. Яго ўладальнікі – памешчык Смірноў, а затым – купец Бараноўскі – закуплялі вялікія партыі зерня, малолі і адпраўлялі па блізкай чыгунцы ў гарады Польшчы. Побач з млынам быў крухмальны завод. Адам Данюк застаў толькі каменныя разваліны ад яго. Паміж млынам і заводам былі масты: адзін – на палях, другі – на каменных апорах.

Халакост у Зэльве

Летам 1943 года жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці з мястэчка Зэльва (а гэта, у асноўным, жыхары вуліц Ваўкавыскай і Пілсудскага (Савецкай) і навакольных вёсак выгналі са сваіх дамоў і пагналі на чыгуначны вакзал, дзе ўжо былі падрыхтаваны два саставы для адпраўкі ахвяраў у польскі горад Малкіне. Там неўзабаве ўсе былі знішчаны. З хворымі і старымі людзьмі, якія маглі б не перанесці дарогі, расправіліся яшчэ ў Зэльве. Нельга не давяраць успамінам сведкі тых падзей У.Сячэйкі. Ён расказваў: “Частку яўрэйскага насельніцтва накіроўвалі на чыгуначны вакзал. Патрабуючы ўзяць з сабой самыя каштоўныя рэчы, якія пры ўваходзе ў вагоны фашысты забіралі, хворых ці нежадаючых пакідаць абжытыя месцы гналі ў двор хаты, якая знаходзілася на цяперашняй вуліцы 17-га Верасня, і расстрэльвалі…”

Рэдка каму ўдалося тады выратавацца. Іх нашчадкі, што жывуць зараз у Ізраілі, запісваюць успаміны, выдаюць кнігі і фотаальбомы. У асобных выданнях ёсць згадкі і пра Зэльву. Памятаеце матэрыял у “Працы” аб прыездзе ў Зэльву стрыечных сясцёр Вішніцкіх? Яны расказалі аб выданні, якое напісана былымі жыхарамі Зэльвы…

Вуліца 50-60-х гадоў

Пасля ваеннай разрухі людзі пачалі актыўна будаваць новае жыллё. Першымі забудоўшчыкамі былі Данюкі, Попкі, Шлыкі, Галаскокі, Галавачы і інш. Узводзіліся будынкі для ўсеагульнага выкарыстання. Пра выгляд вуліцы ў той перыяд памятаюць Раіса Камякевіч (Попка), Лілія Шлык, Ала Граздзей (Галавач), Галіна Ляонік (Юрчук), Аляксей Галаскок.

На скрыжаванні з вуліцай імя Пушкіна тагачасны старшыня Зэльвенскага райспажыўтаварыства У.З.Кашуткін узвёў першы ў Зэльве ўнівермаг і кантору для спецыялістаў. Вельмі радаваліся ўсе жыхары раёна, наведваючы ўніверсальны магазін, дзе можна было купіць так неабходныя тканіну, абутак, дробныя, але не менш важныя рэчы. А потым адчыніў свае дзверы прадуктовы магазін. Ён здаваўся такім шыкоўным! Паднімаешся па прыступках, адчуваеш пах хлеба, цукерак (няхай такіх танных, як падушачкі), яшчэ нечага няўлоўна-прывабнага, а ўсярэдзіне – прастор, чысціня, утульнасць, проста дух займае… Потым адчыніліся іншыя гандлёвыя кропкі: “Мяса-малако”, галантарэя, кнігарня, якая яшчэ і ў 70-80-я гады была цэнтрам прыцягнення ўсіх кнігалюбаў раёна!)

Аматары піва ніколі не праходзілі міма ларка “Блакітная хваля”, а запаслівыя людзі – міма гаспадарчай лаўкі, у якой працавалі Грэкавы. Побач – рыбны аддзел з жывой і замарожанай рыбай.

На ўзгорку, дзе ў канцы 60-х пачалі будаваць Дом Саветаў і ўнівермаг, размяшчаліся будынак райфінаддзела і рэдакцыі раённай газеты. (Калі рэдакцыя атрымала будынак больш прывабны, домік перадалі бібліятэцы). Былі тут і гандлёвыя рады.

А ніжэй, злева, можна было з дзецьмі ў міні-парку пагушкацца на арэлях, моладзі – патанчыць пад баян І.Я.Трухалёва (гэта ўжо справа ад міні-парку). Да 1970 года, калі астанкі загінуўшых за вызваленне Зэльвы былі перанесены на месца сённяшняга мемарыялу і быў адкрыты новы помнік, побач з танцпляцоўкай знаходзіўся першы пасляваенны помнік. Мітынгі праходзілі таксама непадалёку: трыбуна размяшчалася з боку Дома быту.

З магазінамі ўвесь час адбываліся метамарфозы. Напрыклад, сённяшнія “Электратавары” (уласнік – ІП Аляксандр Прахарэнкаў) то хлеб прапаноўвалі, то дробязь для “ўмелых ручак”. А невялікі акуратны домік каля сучаснай “Мэблі” быў сапраўды “трыма ў адным”. Гаспадар яго – “дзядзя Ваня” Бабрукевіч і керасін прадаваў, і райспажыўтаварыскія машыны бензінам запраўляў, і будаўнічыя тавары прапаноўваў. Дзіву даешся, дзе і як там усё захоўвалася (потым домік выкарыстоўвалі аўтаінспектары).

Самай шумнай і вясёлай была частка вуліцы, што з ранку да ночы поўнілася дзецьмі. Тут размяшчалася адчыненая ў 1950 годзе школа. Хочацца падзякаваць праекціроўшчыкам, якія так прадумана размясцілі будынак у глыбіні вуліцы. Паднімаешся па шырокіх ступенях, ідзеш шырокай сцяжынкай, любуешся кветкамі паабапал яе, размаўляеш з сябрамі, радуешся сустрэчы з любімымі настаўнікамі. А яны ўсе – маладыя, энергічныя, улюбёныя ў сваю справу: географ А.Д.Калеснікаў, фізік І.В.Іоська, матэматык В.У.Сцяцко, філолаг З.Т.Удавенка, выкладчык музыкі І.Я.Трухалёў…

Была для школьнікаў і свая сталовая, за прыватнымі суседнімі дамамі хавалася спартыўная школа, а з боку вул. Чапаева – майстэрня для заняткаў на ўроках тэхнічнай працы.

Калі пабудавалі новую школу на вуліцы Перамогі, у старым будынку засталіся вучыцца малодшыя дзеці (2-і паверх), перавялі сюды Дом піянераў, размясцілі і фільматэку, прышкольны інтэрнат для школьнікаў з прылеглых вёсак (1-ы паверх).

Сапраўдным святам для зэльвенцаў было адкрыццё кінатэатра ў 1953 годзе. Сюды любілі прыходзіць сем’ямі, абмяркоўваць убачаны раней кінафільм, а хлопцы прызначалі спатканні каханым. Некаторы час, як згадвае Ала Граздзей, тут урачыста рэгістравалі шлюбы. (А што? Тут спаткаліся – тут і прысягайце на вернасць!)

Многія памятаюць будынак для пашыву адзення, што мясціўся насупраць вуліцы Чапаева і даваў працу многім зэльвенкім жанчынам. (Зараз тут месцы для прыватнага гандлю).

На перакрыжаванні з вуліцай Булака два будынкі з’яўляюцца ўласнасцю РАУС. Гісторыя аднаго з іх, дзе сёння размешчаны група па грамадзянству і міграцыі і аддзяленне па ахове аб’ектаў у г.п. Зэльва, вельмі цікавая. Так, неўзабаве пасля вайны тут адкрылі дом для дзяцей-інвалідаў. А потым з невялічкага будынку друкарні, што стаяў непадалёку ад яўрэйскай школы, перанеслі рэдакцыю і друкарню для выпуску раённай газеты. (Зараз рэдакцыя – на 4-м паверсе будынку райвыканкама, а патрэбы ў сваёй друкарні даўно няма).

Зусім блізка ад Зяльвянкі – ветэрынарны гарадок. Тут і адміністрацыйны будынак, і ветлячэбніца, і аптэка. Вопытныя спецыялісты не толькі ў гаспадаркі раёна выязджаюць, але і лечаць дамашніх гадаванцаў.

Добра знаёмы зэльвенцам невялікі домік насупраць РАУС, у якім размешчана інспекцыя па насенняводству, каранціну і ахове раслін. Нелішне нагадаць, што менавіта з вуліцы 17 Верасня пачынаецца Бальнічны завулак, які вядзе да сучаснага прыгожага будынка раённай бальніцы і да старых карпусоў, у якіх да 80-х гадоў размяшчаліся тэрапеўтычнае, хірургічнае і дзіцячае аддзяленні, раддом, прыбудова для фізіяпрацэдур…

Былі на вуліцы ўстановы, пра якія сёння ўжо не ўсе старажылы памятаюць. Напрыклад, непадалёку ад рэчкі знаходзіліся будынак ЖКГ і лесапільны цэх, а за метраў сто ад вуліцы Пушкіна – ашчадная каса (на адным баку) і дзіцячая кансультацыя з малочнай кухняй (на другім).

Сённяшні выгляд Вераснёўскай

Не толькі ўдзельнікі Ганненскага кірмашу XVIII-XIX стст. не пазналі б вуліцу, але і перадваенныя жыхары стагоддзя XX-га. Асаб-ліва ўражваюць сучасныя плошча і сквер. Яны пастаянна абнаўляюцца, заварожваюць вока гармоніяй усіх складнікаў. Прыгожы будынак райвыканкама на чатыры паверхі, пабудаваны ў 1970 го-

дзе – “мазгавы цэнтр” усяго раёна – узвышаецца на плошчы ў цэнтры вуліцы. З яго вакон добра відаць сквер, упрыгожаны драўлянымі скульптурамі, малымі архітэтурнымі формамі, сімваламі Ганненскага кірмашу. Пад час самога свята на плошчы ўстанаўліваецца вялікая сцэна, зробленая таленавітымі рукамі зэльвенскіх майстроў. І якіх толькі гасцей не збірае князь Сапега ў канцы жніўня на гэтай сцэне: “Батьку Атамана” і латвійскую “Аколіцу”, цыганскі “АлЛюР” і Гюнэш, Сашу Нэма і арт-групу “Беларусы”!..

Непазнавальна змяніўся пабудаваны ў 1953 годзе кінатэатр. Да Міжнароднага дня абароны дзяцей у 2019 годзе адбылося адкрыццё 3Д-кіназалы, і цяпер зэльвенцам даступны тыя ж навейшыя фільмы, што і жыхарам Гродна і Мінска.

Рэканструяваны і іншыя будынкі. Хораша глядзіцца пабудаваны ў 1969-1970 гг. рэстаран “Зяльвянка” з магазінам “Лакомка” (уваход у іх – з невялічкай вуліцы акадэміка Жэбрака, але левы бок цалкам належыць вуліцы 17 Верасня!)

Змяніў свой статус былы гаспадарчы і мэблевы магазін: зараз тут на ўсёй вялікай плошчы раскашуе прадукцыя прадпрыемства “Пінскдрэў”.

Не ўяўляецца вуліца без будынка дзіцячай школы мастацтваў. Гэта – другі корпус школы, у старым, што ўзнік як музычная школа, працягваюць рыхтаваць музыкантаў. А “вераснёўскі” корпус збірае мастакоў, танцораў, харавікоў. Выпускнікі дзіцячай школы мастацтваў – наш гонар – удзельнічаюць і перамагаюць у прэстыжных міжнародных конкурсах. Многія з іх працягваюць вучобу ў ВНУ і становяцца выкладчыкамі каледжаў Ліды, Гродна і Мінска.

На месцы будынка для масавага пашыву адзення – рыначны гарадок, асабліва шматлюдны па пятніцах, калі ў Зэльву з’язджаюцца прыватныя гандляры з усёй вобласці.

На скрыжаванні з вуліцай Чапаева былы хлебны магазін стаў вітрынай для бытавой тэхнікі, а прадуктовы перапрафілявалі ў гаспадарчы. І апошні не проста змяніў тавар, але і твар свой аздобіў па-сучаснаму.

Па-ранейшаму не змяняюць адрасоў супрацоўнікі міліцыі і ветэрынары – толькі абнаўляюць фасады і ўнутранае ўбранне сваіх устаноў.

Вуліца, якой больш 80-ці гадоў, не старэе, а толькі маладзее і прыгажэе.

Гонар вуліцы

На вуліцы жылі ці гадаваліся вядомыя на Зэльвеншчыне людзі. Перш згадаем пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

17-гадовым юнаком пайшоў добраахвотнікам на фронт Барыс Канстанцінавіч Сямёнаў. Служыў пад камандаваннем маршала Жукава. Разведчык Сямёнаў удзельнічаў у Вісла-Одэрскай, Варшаўска-Познанскай аперацыях, вызваляў польскія гарады і мястэчкі, дайшоў з баямі да Берліна.

Аляксандр Андрэевіч Маркаў на фронце быў з самага пачатку вайны, у арміі заставаўся і пасля Перамогі. Камандаваў батарэяй, прымаў удзел у баях некалькіх франтоў. Вызваляў Украіну, Беларусь, Прыбалтыку, Польшчу, Румынію.

Інвалід вайны Леанід Уладзіміравіч Чыргун ваяваў ва Усходняй Прусіі, быў цяжка паранены пры вызваленні Кёнігсберга. Уладзімір Васільевіч Юрчук ваяваў на легендарнай Малой зямлі, вызваляў Беларусь. Пасля вайны старшынстваваў у калгасе “Шлях да камунізму”, узначальваў быткамбінат.

Мікалай Аляксандравіч Панін і Аляксандр Ігнатавіч Галавач – удзельнікі партызанскага руху на Зэльвеншчыне (адзін – камандзір роты, другі – узвода). Абодва пасля вайны працавалі ў міліцыі.

Усе яны былі ўзнагароджаны медалямі і ордэнамі за свае баявыя і працоўныя заслугі. У сем’ях ветэранаў выраслі таленавітыя дзеці і ўнукі. Дачка Б.К.Сямёнава Людміла была выкладчыкам музычнай школы, сын А.А.Маркава – вядомы маскоўскі прадзюсар, дзеці і ўнукі Л.У.Чыргуна – інжынеры, эканамісты, бухгалтары, жонка, дачка і ўнучкі У.В.Юрчука – ўрачы, настаўнікі, праграмісты. Сыны М.А.Паніна і А.І.Галавача – вайскоўцы, дачка Алясандра Ігнатавіча – эканаміст-бухгалтар.

Пэўны час жыла на вуліцы сям’я першага дырэктара новай школы па вуліцы Перамогі Я.В.Сончыка. 27 гадоў узначальваў Яўген Васільевіч гэту ўстанову, у падмурак будынка якой заклаў першую цагліну. Яго жонка Ала Матвееўна сваім цяплом сагравала сотні маленькіх зельвенцаў, вучыла іх грамаце і дабрыні.

Жыў на вуліцы і першы дырэктар музычнай школы В.І.Панаскевіч. Настаўнікам быў і ветэран вайны А.А.Маркаў. Вельмі цёплыя ўспаміны пакінула пасля сябе Марыя Паўлаўна Голуб і як настаўніца, і як дабрэйшай душы чалавек. Шмат хлопчыкаў і дзяўчынак “улюбіла” ў хімію Кацярына Іосіфаўна Папова. (За прыкладам далёка хадзіць не трэба: суседка Галіна Уладзіміраўна Ляонік, дачка У.В.Юрчука, таксама стала выкладчыкам гэтага прадмета).

Пра віртуоза сваёй справы, філолага Тамару Ціханаўну Капіцу без вялікай удзячнасці не ўспамінае ніхто з яе навучэнцаў. Яна выхавала нямала паслядоўнікаў сваёй справы, у тым ліку гадаванку вуліцы Ларысу Сячэйка-Сталпец і сваю ўнучку. Сям’я Капіцаў увогуле карысталася вялікай павагай у Зэльве. Муж Тамары Ціханаўны Іван Міхайлавіч, які доўгі час працаваў намеснікам старшыні райвыканкама, быў вельмі ўважлівы да патрэб людзей і пакінуў пасля сябе самыя цёплыя ўспаміны. (Яшчэ адна вучаніца Тамары Ціханаўны, праўда, не філолаг, а гісторык – Ірына Пятроўна Пазняк – таксама жыхарка гэтай самай “вераснёўскай” вуліцы).

Яўген Іванавіч Шлык, які адным з першых пачаў будавацца на вуліцы пасля вайны, быў адным з тых, хто аднаўляў у Зэльве банкаўскую сістэму. Яго жонка і дачка Лілія былі не толькі добрымі спецыялістамі сваёй справы, але і выдатнымі рукадзельніцамі. Вышытыя імі абрусы, ручнікі і сурвэткі ўпрыгожваюць да гэтай пары не адзін пакой у дамах зэльвенцаў.

Сям’я Галаскокаў вядомая сучаснікам перш за ўсё дзякуючы Аляксею Пятровічу. Ён, былы вайсковец, стаў вядомым у Беларусі паэтам, часта выступае па радыё, друкуе свае творы ў цэнтральных выданнях, і, вядома, у “Працы”.

Марыя Данюк, гадаванка вуліцы, са школы звязала свой лёс з журналістыкай. Была селькорам “раёнкі”, пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ працавала спачатку ў “Працы”, а потым узначаліла слонімскую раённую газету. А яе родзічу Адаму Данюку будуць удзячны многія пакаленні зэльвенцаў за цудоўныя ўспаміны аб даваеннай і ваеннай Зэльве. Ён, ужо немалады чалавек, пастараўся захаваць для нашчадкаў усё, што бачыў сам, і што перадалі яму яго продкі.

Галоўны аб’ект галоўнай вуліцы

Шмат пра каго і пра што можна расказаць, вандруючы па вуліцы 17 Верасня. І абмінуць яе галоўны аб’ект – раку Зяльвянку – проста немагчыма. Ніводная вуліца пасёлка так цесна не звязана з ракой, як “вераснёўская”. Мы ўжо вялі гутарку пра млын і крухмальны завод, што верна служылі зэльвенцам на працягу многіх гадоў. Наша Зяльвянка адыграла вядучую ролю і ў заснаванні мястэчка, і яго развіцці. Паўнаводная, яна звязвала нашу мясцовасць з Балтыйскім морам, многімі гарадамі, размешчанымі на берагах Нёмана. Быў час, калі яна злучала Зэльву з Палессем і Поўднем Расіі.

І ў пасляваенныя гады (да адкрыцця вадасховішча) рака была прыцягальнай для зэльвенцаў. А што казаць пра тых, хто рос на яе берагах, хто жыў на вуліцы 17 Верасня?! Маленькі Алёша Галаскок з сябрукамі лавіў тут рыбу, яго сястрычкі і суседкі Лілія і Оля Шлыкі, Ала Галавач, Рая Попка мылі бялізну, плавалі і загаралі (хлопцы – у сваёй купальні, дзяўчаткі – у сваёй). Узброіўшыся пранікамі (ці ведае сённяшняя моладзь такую прыладу працы?), дзяўчаты ў спецыяльным месцы калацілі на каменнях бялізну, дапамагаючы матулям, рассцілалі на сенажаці чыстае адзенне, сушылі яго і адпачывалі… Незабыўная пара!

“Хоць і не вельмі сытны быў час, але дзяцінства ўспамінаю з вялікай любоўю,– гаворыць Аляксей Пятровіч Галаскок. – Мы ж усе тут былі прыкладна аднаго ўзросту, сябравалі. Хлопцы Тараканы, дзяўчаты Шлыкоў, брат і сястра Галавачы, Чыргуны – усе мы захавалі самыя цёплыя ўспаміны аб дзяцінстве і рацэ Зяльвянцы. Няхай і новыя пакаленні памятаюць толькі лепшае са свайго мінулага і не забываюць пра свае вытокі” .

Яніна ШМАТКО
Фота Аляксея НУЖКОВА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены