Версия для слабовидящих

Бяспека пачынаецца з адказнасці: зэльвенскія выратавальнікі праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах

17 июля 2026
Просмотры: 108

Бяспека пачынаецца з адказнасці: зэльвенскія выратавальнікі праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах

Прафілактыка ў працоўных калектывах – гэта не сумныя лекцыі, а жывы дыялог, дзе людзі маюць магчымасць напрамую задаць пытанні спецыялістам і атрымаць кампетэнтныя адказы. Менавіта ў такім фармаце прайшла сустрэча намесніка начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Іслана Іманжанава з калектывам Зэльвенскай санаторнай школы-інтэрната.

Размову пачалі са статыстыкі. Прадстаўнік МНС агучыў аператыўную абстаноўку ў раёне і прывёў канкрэтныя прыклады пажараў, дзе фатальную ролю адыграла чалавечая бестурботнасць. Выснова адна – кошт секунднай няўважлівасці бывае занадта высокі. 

Паколькі лета зараз у самым разгары, ключавой тэмай абмеркавання сталі паводзіны на вадзе. Выратавальнік заклікалі дарослых да пільнасці і далі рэкамендацыі, як зрабіць адпачынак бяспечным.   

Адпачываючы ля вадаёма, выбірайце толькі спецыяльна абсталяваныя для купання пляжы, – распавёў Іслан Іманжанаў. – Ніякага алкаголю і ні на секунду не выпускайце з-пад увагі непаўналетніх! Памятайце, што менавіта вы адказваеце за бяспеку сваіх дзяцей. 

Ад тэорыі перайшлі да практыкі – педагогам правялі майстар-клас па выкарыстанні вогнетушыцеля і нагадалі алгарытм дзеянняў у выпадку вогненнага надзвычайнага здарэння.   

Пагаварылі і аб важнасці ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Невялікі прыбор рэагуе на задымленне і імгненна апавяшчае аб небяспецы. Прадстаўнік райаддзела МНС рэкамендаваў устанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік у кожным жылым пакоі і абавязкова сачыць за яго спраўнасцю: своечасова мяняць элемент харчавання і перыядычна чысціць ад пылу.   

Завяршаючы сустрэчу, Іслан Іманжанаў адказаў на ўсе пытанні, а каб карысныя веды заўсёды былі пад рукой, уручыў кожнаму ўдзельніку памяткі ад службы «101».

Зэльвенскі РАНС