Версия для слабовидящих

ЗЭЛЬВЕНШЧЫНА Ў СКЛАДЗЕ ПОЛЬСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ

9 сентября 2026
Просмотры: 60

Зэльвеншчына ў складзе Польскай Дзяржавы

Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г. заходнебеларускія землі адышлі да Польшчы. Тэрыторыя сённяшняга Зэльвенскага раёна ў асноўным уваходзіла ў склад Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства і Слонімскага павета Баранавіцкага ваяводства. У межы сучаснага раёна ўваходзяць поўнасцю ці часткова тэрыторыі былых Дзярэчынскай, Кастровіцкай, Старасельскай гмін Слонімскага павета, а таксама Зэльвенскай, Міжэрыцкай, Крамяніцкай, Падароскай, Ізабелінскай гмін Ваўкавыскага павета.

Сялянская хата

Буйной прамысловасці на Зэльвеншчыне не было, але шмат невялікіх дробных прадпрыемстваў размяшчалася па вёсках і мястэчках. Так, у в. Сынковічы працавала вінакурня, піларама, паравы млын, у в. Елка – сыраварня, у в. Казловічы – млын. Цагельныя заводы працавалі ў вёсках Старое Сяло, Пляцянічы, Сынковічы, Цяглевічы, вінакурні – у вёсках Бязводна, Сынковічы, Крамяніца Дольная, Старое Сяло. У в. Залацеева працавала маслабойня, у в. Бязводна – сыраварня. Кузні і млыны былі ў кожным маёнтку.

У пачатку 1930-х гг. у Дзярэчыне дзейнічалі 3 газагенератарныя і 1 паравы млыны, 3 гарбарныя майстэрні, 2 майстэрні па зборы веласіпедаў і матацыклаў (дэталі прывозілі з-за мяжы), часальна-вязальная майстэрня (працавала 5 машын), пякарня, маслабойня, майстэрня па вытворчасці безалкагольных напіткаў, мясабойня. У Зэльве працавалі 2 тартакі, майстэрня па вырабе коўдраў, такарня, каўбасны цэх, пякарня, швейная, воўначасальная, шавецкая, гарбарныя майстэрні, 2 млыны – газагенератарны і вадзяны. На развіццё гаспадаркі адмоўна паўплывалі вайна, нізкая, у параўнанні з Еўропай, прадукцыйнасць працы і нізкі ўзровень тэхнічнага абсталявання, разрыў старых эканамічных сувязей, канкурэнцыя фабрычных тавараў, банкруцтва адных прадпрыемстваў і ўзмацненне эксплуатацыі на астатніх. Рабочыя працавалі па 10-12 гадзін у суткі. Іх заработная плата была ніжэйшая, чым на ўласнапольскіх землях.

Становішча ў сельскай гаспадарцы было таксама складаным: польскія памешчыкі адабралі ў сялян маёмасць, ужо падзеленую пры савецкай уладзе, вярнулі адпрацоўкі і здольшчыну. У 1930-х гг. на Зэльвеншчыне было 36 панскіх маёнткаў. Каля 44% з іх мелі звыш 100 га зямлі ў кожнай гаспадарцы, валодалі 48% усіх сельскагаспадарчых угоддзяў. У той жа час большасць сялянскіх гаспадарак мела ў сваім карыстанні ад 2 да 5 га зямлі. Іх колькасць адносна да ўсіх сялянскіх гаспадарак складала болей 34%; серадняцкіх гаспадарак, якія валодалі ад 5 да 10 га, было каля 33%, заможных гаспадарак – 14%. 

У в. Залацеева ў 1930-х гг. было 220 двароў: бясконных гаспадарак – 12, малазямельных каля 180. У в. Вішнеўка – 63 гаспадаркі, з іх малазямельных 24. Памешчык Ягалкоўскі з в. Дзешкавічы меў 450 га зямлі, сяляне ж, у асноўным, 3-4 га на двор. Братам Паркоўскім у в. Пляцянічы належала 300 га зямлі, а 81 сялянская гаспадарка мела прыкладна па 4 га. У в. Мадзейкі памешчык Вітарфув меў 240 га зямлі і 300 га лесу. На яго працавала больш за 30 батракоў, якія жылі ў цесных і брудных бараках. В. Конна налічвала 120 гаспадарак. 3 іх толькі дзве мелі па 10 га зямлі, а больш як 50 гаспадароў былі малазямельныя. Толькі ў 5 хатах была насцелена падлога. Калі на 120 гаспадарак прыходзілася каля 300 га ворыўнай зямлі, то побач, у маёнтку памешчыка Андрэева, было больш за 300 га зямлі. Большая частка сялян вёсак Бародзічы, Манцякі, Церахавічы, Крываконна, Забагонне была таксама малазямельная. Чацвёртая частка гаспадароў вёсак Аляксандраўшчына, Рэксці, Агатава, Мадзейкі, Крамяніца Дольная не мелі коней. У Пляцянічах толькі кожны другі гаспадар меў коней. Каб апрацаваць зямлю, селянін павінен быў заплаціць гаспадару за каня ці адпрацаваць на яго гаспадарцы.

У в. Драпаўцы памешчыка не было – зямля належала дзяржаве. З 44 сялянскіх двароў 9 мелі ад 9 да 18 га, 10 па 6 га і 25-па 2 га на двор. У той жа час, паводле прынятага ў 1920 г. закона аб асадніках, афіцэры і салдаты польскай арміі, якія вызначыліся ў вайне супраць Савецкай Расіі, надзяляліся зямлёй да 45 га бясплатна ці на льготных умовах. Усяго на Зэльвеншчыне было каля 70 асадніцкіх гаспадарак. Ім належала каля 2 тыс. га. зямлі. Яны былі надзейнай апорай улад у барацьбе з рэвалюцыйным рухам у заходнім краі. 

Даўгавая распіска селяніна В. Лойкі памешчыцы Н. Янкоўскай.

Сялянскія сем'і ў большасці сваёй былі мнагадзетнымі, таму зямлі часцей не хапала, была яна малаўрадлівая. Польскі ўрад распрацаваў для сялян такую сістэму падаткаў, розных адпрацовак, плацяжоў і штрафаў, устанавіў такія нізкія цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю, што як бы селянін ні гнуў спіну на сваім кавалачку зямлі, ён заўсёды быў у даўгу перад памешчыкам. Польскія секвестратары (зборшчыкі даўгоў), апіраючыся на войтаў (кіраўнікі гмін) і паліцыю, забіралі ў сялян за нявыплату доўгу апошнюю карову, каня, сельскагаспадарчы інвентар, лён, апошні пуд хлеба, кавалак саматканага палатна. Па ўспамінах старажылаў вёсак Драпаўцы, Ярнева, Раўтовічы, у сярэдзіне 1930-х гг. падатак на зямлю складаў 3 злотыя за 1 гектар. Калі сяляне не маглі заплаціць падатак у тэрмін, то ўлады павялічвалі яго ў тры разы і адтэрміноўвалі ўзнос. Калі ж і гэта не дапамагала, то забіралі ў сялян маёмасць і прадавалі з малатка. 

Сяляне начамі хавалі жывёлу, лішкі хлеба, іншую маёмасць, баяліся, што назаўтра могуць прыйсці секвестратары. Многія нават не ведалі, які падатак ці штраф яны абавязаны плаціць. Іх было шмат: павятовы, сеймавы, грунтовы, за зямлю, дарожны, шарваркавы, царкоўны, за жывёлу, маёмасць і інш. 

У тыя гады бераглі кожнае зернятка, кожны акраец хлеба. Хлеб быў усяму галава, усё вымяралася ім, але за яго селяніну дзяржава плаціла грашы. Пуд зерня ён павінен быў прадаваць за 1,8-1,9 злотага; каб купіць плуг, неабходна было прадаць 450 кг, за пару ботаў – 490 кг, за 10 кг солі – 28, за 10 м баваўнянай тканіны – 98 кг жыта. 

Жылося цяжка. Для таго, каб пабудаваць самае прымітыўнае жыллё, трэба было прадаць не менш шасці кароў. У в. Пляцянічы з 85 сялянскіх двароў толькі ў 5 падлога была з дошак, у астатніх земляная, 2 сям'і мелі прытулак у курных хатах.

У большасці сялянскіх хат адсутнічала якая-небудзь фабрычная мэбля. Ложак замянялі палаці, замест крэслаў уздоўж сцен стаялі лаўкі і збітыя табурэткі, накрыўкі сталоў збівалі з дошак і клалі на «казлы». Памяшканне асвятлялася газавай лямпай ці лучынай, спалі на палацях, на земляной падлозе, на печы.

Адзенне, якое насілі днём, у некаторых сем'ях ноччу станавілася падушкай і коўдрай, а насілася яно да таго часу, пакуль на ім маглі трымацца заплаты. У хатах не было гадзіннікаў, і людзей будзілі спевы пеўняў. У большасці сялянскіх сем'яў не было і посуду: талерак, відэльцаў, уся сям'я ела драўлянымі лыжкамі з адной вялікай глінянай міскі. З-за дарагавізны посуду і аконнага шкла дзіравыя гаршкі замазвалі глінай, а разбітыя вокны затыкалі мешкавінай, набітай саломай; кожную запалку расколвалі на чатыры часткі.

Добры абутак і адзенне былі не па кішэні селяніну. Вясной і летам насілі самаробныя «хадакі» у асноўным яны былі зроблены са старых аўтамабільных пакрышак. 

За адзін дзень лячэння ў бальніцы у плацілі 10 злотых (а зараблялі ў летні дзень 1 злоты). Каб аплаціць 2 тыдні лячэння ў бальніцы, трэба было прадаць карову. 

Зусім прымітыўнай была і ежа. Сяляне маглі дазволіць сабе паесці мяса толькі на святы і ў гарачую пару ўборкі ўраджаю. Галоўным прадуктам харчавання была бульба, якую ўжывалі ў ежу ў розных відах. Аднак і гэтага традыцыйнага «беларускага хлеба» ў многіх сялянскіх хатах нехапала. 

Такое жыццё прымушала збяднелых ісці ў кабалу да памешчыкаў і багацеяў, якія ахвотна прымалі батракоў, робячы выгляд, што аказваюць ім міласэрнасць. Такая «міласэрнасць» тлумачылася толькі жаданнем набыць такую працоўную сілу, якая аплачвалася хлебам і бульбай.

Цукар у вёсцы лічыўся лякарствам. Шклянка чаю каштавала 25 грошаў, а за 1 літр малака селяніну плацілі ўсяго 6 грошаў, за 1 кг свініны – каля 80 грошаў.

Каб выплаціць шматлікія падаткі, працэнты па пазыках, даўгі і штрафы, сяляне былі вымушаны адвозіць на рынак большую частку ўраджаю, абмяжоўваючы харчаванне сваёй сям'і да паўгалоднай нормы. Гэта прыводзіла да таго, што многія з іх у пошуках заробку кідалі родныя месцы і ішлі ў горад або эмігрыравалі ў іншыя краіны. Яны выязджалі на чужыну, каб уцячы ад жабрацтва і голаду, ад здзекаў пілсудчыкаў.

На тэрыторыі цяперашняга Зэльвенскага раёна ў той час апорай улад былі ўчасткі паліцыі ў Зэльве, Дзярэчыне, Галынцы, Міжэрычах, Крамяніцы. На кожным участку было ад 4 да 10 паліцэйскіх. Дзейнічалі міравыя суды ў Зэльве і ў Дзярэчыне. Па сутнасці, яны выконвалі волю паноў, спаганяючы з сялян штрафы за выпасы, высечку лесу, збор у панскім лесе ягад, грыбоў, галля. Сялян каралі за нявыплату запазычанасці па падатках, невыкананне дарожных павіннасцей, вырошчванне тытуню і іншыя «правіннасці».

Па старонках кнігі "Памяць"

Працяг будзе

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX.  Подписывайтесь по ссылке!