Вожык з бульбы, конік з агурка, міньёны з кукурузы – выстава вырабаў з прыроднага матэрыялу праходзіць у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1

Вось і наступіла цудоўная пара – восень. Яна пазалаціла фарбамі лясы, сады і агароды. Прыгажосць – ды і толькі!

Кожны год у гэты час у нашым дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1 г.п.Зэльва праходзіць падрыхтоўка да восеньскага свята. Адным з мерапрыемстваў яго з’яўляецца арганізацыя выставы вырабаў з прыроднага матэрыялу.

Сёлета педагогі таксама прапанавалі дзецям і іх бацькам прыняць актыўны ўдзел у выставе, якая мела сімвалічную назву «Асенні тэатр».

Пастараліся ўсе. І на паліцах выставы з’явіліся пацешныя цацкі, чароўныя персанажы з любімых казак, цэлыя кампазіцыі, якія можна назваць сапраўднымі творамі мастацтва. Напрыклад, з бульбы атрымаліся прыгожыя вожык і чабурашка, з агурка – конік, з кукурузы – мульцяшныя міньёны, з гарбуза – царэўна-жаба, кошык ягад і букет з лесу, з шышкі – птушка і шмат іншых казачных персанажаў.

Выстава “Асенні тэатр” дзейнічала на працягу двух тыдняў, пастаянна папаўнялася і радавала вочы дзяцей, іх бацькоў і работнікаў дашкольнай установы. На жаль, вырабы з агародніны доўга не захоўваюцца, таму мы заўсёды робім здымкі, з якіх потым арганізуем фотавыставу.

Актыўны ўдзел бацькоў і дзяцей у жыцці дашкольнай установы, іх зносіны ў сумеснай творчасці ў хатніх умовах аб’ядноўваюць і спрыяюць умацаванню сямейнага мікраклімату. У дзяцей прывіваецца любоў да прыроды, роднага краю.

Святлана СКІБА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены