Віншаванне калектыву газеты «Праца» з 80-годдзем з дня выхаду першага нумара і Днём друку ад міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь


Паважаныя калегі!

Віншую калектыў рэдакцыі, а таксама шаноўных ветэранаў журналістыкі з 80-годдзем з дня выхаду першага нумара газеты.
Ваша выданне, якое ўбачыла свет адным з першых у заходніх раёнах Беларусі пад назвай “3а высокий урожай” за год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, мае слаўную гісторыю, у тым ліку і баявую. Падчас барацьбы з фашысцкімі акупантамі зельвенская газета “За советскую Белоруссию” выходзіла падпольна. Са студзеня 1967 года – больш за паўстагоддзя – яе назва нязменная – “Праца”.
I сёння, працягваючы свае лепшыя традыцыі, паважаная мясцовая раёнка ва ўсіх ракурсах асвятляе жыццё роднага краю. Яна – крыніца актуальных навін і каментарыяў, рэпартажаў пра самыя важныя падзеі Зельвеншчыны, Гродзеншчыны, Беларусі. Займае актыўную пазіцыю ў пытаннях асвятлення жыцця грамадства, захоўваючы беражлівае стаўленне да слова, уменне разгледзець у штодзённай інфармацыі імклівы рух жыцця.

Асаблівае значэнне мае сацыяльная накіраванасць вашых матэрыялаў. Праблемы эканомікі, павышэння эфектыўнасці вытворчасці, адукацыі, аховы здароўя, патрыятычнага выхавання, папулярызацыя сямейных каштоўнасцей, беражлівых адносін да зямлі разглядаюцца ўдумліва, з любоўю да роднага краю, з павагай да землякоў.

Асабліва прыемна адзначыць, што газета актыўна ўдзельнічае ва ўсіх абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсах, неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі, ганаровымі граматамі. Стала пераможцам аднаго з першых Нацыянальных конкурсаў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Ліцера” ў намінацыі “Лепшы творчы праект года рэгіянальных СМІ”.
Дзякуй вам за нястомную працу, за праўдзівае і своечасовае асвятленне жыцця рэгіёна, суайчыннікаў. Упэўнены, што і надалей вы будзеце ісці ў нагу з часам, застаючыся патрыётамі сваёй малой радзімы, нашай Айчыны.

Жадаю вам новых выдатных творчых дасягненняў, добрага здароўя, дабрабыту, нязменнай адданасці чытачоў.

Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены