Важкі падмурак у будучую манаграфію пра Зэльву і Ганненскі кірмаш

Як і ў папярэднія гады, навукоўцы Мінска і Гродна і сёлета не абмінулі Зэльву падчас Ганненскага кірмашу: у раённай бібліятэцы адбыўся круглы стол на тэму “Ганненскі кірмаш. 300 гадоў”. Прапануем справаздачу з гэтай вельмі насычанай сустрэчы, у якой прынялі ўдзел кандыдаты гістарычных навук Інстытута гісторыі НАН Беларусі А.Б.Доўнар, Т.В.Даўгач, Р.У.Зянюк, дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Т.У.Вароніч і гродзенец, кандыдат гістарычных навук М.М.Шаўчэня. Гасцей віталі гаспадары раёна Д.А.Альшэўскі, С.М. Лойка, парламентарыі В.М.Семяняка і В.А.Лісковіч. Прадставіла ўсіх дырэктар бібліятэкі С.А.Жамойціна.

ДАСЛЕДЧЫКІ ЎНІКАЛЬНАЙ З’ЯВЫ

Кандыдат гістарычных навук М.М.Шаўчэня, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Гродзенскага палітэхнічнага каледжа, засяродзіў увагу на працах даследчыкаў унікальнай з’явы ў жыцці нашага мястэчка. На сённяшні час першым яго даследчыкам лічыцца Г. Астраменскі, які ў часопісе Міністэрства ўнутраных спраў за 1831 год змясціў артыкул “Описание Зельвенской ярмарки”. Да гэтага Астраменскі ўжо меў нямала матэрыялаў аб беларускіх кірмашах першай паловы ХІХ стагоддзя, і яму было з чым параўнаць размах Зэльвенскага. Да асаблівасцей нашага кірмашу ён адносіў павелічэнне долі мясцовых вырабаў у агульным тавараабароце, добра падрыхтаваныя месцы для купцоў і спажыўцоў, маштабны гандаль коньмі. Прычым заўважае, што коней спецыяльна гадуюць цэлы год для продажу на дадзеным рынку. Кірмаш моцна ажыўляе мясцовую прамысловасць, ваколіцы Зэльвы нагадваюць шматлюдную вобласць, бо возчыкі, развозячы тавар, увесь месяц не выпрагаюць коней.

Да гэтага часу нельга з упэўненасцю назваць імя аўтара брашуры “Зэльвенскі кірмаш”, апублікаванай ананімна ў 1840-я гады. З лёгкай рукі гісторыка І.Казлоўскага, які ў часопісе “Нёман” у 1968 годзе змясціў свой погляд на “Зэльвенскі кірмаш”, напісаць брашуру мог Юзаф Крашэўскі. Гады жыцця віднага вучонага і краязнаўцы з-пад Пружан (1812-1887 гг.) дазваляюць лічыць слушным такое дапушчэнне. Тым болей, што яго вядомыя гістарычныя працы (“Успаміны Палесся, Валыні і Літвы”, 1840 г., “Малюнкі з жыцця і падарожжаў”, 1892 г. і інш.) падказваюць накірунак яго зацікаўленняў.

Дык вось, калі прыняць усё сказанае пад увагу, можна менавіта Крашэўскага лічыць аўтарам крылатых слоў аб Ганненскім кірмашы: “Ад вельмі даўніх часоў Зэльва і яе жыхары падначальваюцца здзіўляючаму праву, калі адзінаццаць месяцаў у годзе марнеюць, а толькі месяц жывуць”. А тады дапоўнім выказванне вучонага яшчэ адным не менш цікавым назіраннем: першымі прывозілі свой тавар маскоўскія купцы. Менавіта яны “закладвалі краевугольны камень кірмашу і так дакладна прытрымліваліся даты свайго прыбыцця ў Зэльву, як жаваронак вясны”. Цікава і прыгожа. Ці не так?!

Расказаў Міхаіл Шаўчэня і пра палеміку наконт Зэльвенскага кірмашу паміж Паўлам Баброўскім і Уладзімірам Шыраевым, якую яны вялі на старонках “Віленскага весніка”. Баброўскі лічыў, што не зручнае становішча Зэльвы стала прычынай росквіту ў ёй кірмашу, а штучныя меры, якія прымалі для гэтага яе гаспадары. І чыгунка, якая пройдзе праз Зэльву, не будзе на карысць гандлю ў ёй. Шыраеў, наадварот, лічыў, што адмоўнага ўплыву на кірмаш чыгунка не прынясе, бо бяднейшая частка гандляроў і пакупнікоў застануцца прыхільнікамі звыклага віду гандлю. Погляды палемістаў разыходзіліся і наконт вагі коннага гандлю ва ўсім тавараабароце кірмашу. Па Шыраеву, галоўны прадмет гандлю – коні і буйная рагатая жывёла. А Баброўскі прыводзіў неабвержаны статыстычны доказ процілегламу: на долю коней прыходзілася толькі 3%, а мануфактуры – 54%.

Павел Баброўскі ўвогуле ўнёс вельмі вялікі ўклад у апісанне функцыянавання Зэльвенскага кірмашу. У працы “Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба. Гродзенская губерня” (1963 г.) ён апісвае і месца правядзення кірмашу, дае звесткі аб умовах перавозкі тавараў, аб кошце гэтых перавозак з розных населеных пункаў (Гродна-Зэльва, Беласток-Зэльва, Варшава-Зэльва і г.д.)

Нямала цікавых звестак пра Зэльвенскі кірмаш змешчана ў 3-ім томе фундаментальнай працы “Жывапісная Расія”, падрыхтаваным Адамам Кіркорам. Напрыклад, адтуль мы даведваемся аб пародах коней, якіх гадавалі на конным заводзе Сапегі, і аб іх колькасці. Гэта былі англійскія, дацкія, турэцкія і іншыя скакуны, а іх колькасць дасягала 1500 штук.

Згадаў Міхаіл Шаўчэня і пра даследаванні Мікалая Улашчыка, які прыводзіў вельмі яскравы прыклад пра кірмаш 1830-га года: раней акцёры, пакідаючы Зэльву, прасілі грошай на кавалак хлеба, а ў той год “засталіся задаволены зборам”.

З даследчыкаў больш позняга часу навуковец адзначыў І.Казлоўскага, В.Шведа, а таксама нашых землякоў Т.Броска, С.Чыгрына і У.Ягоўдзіка. Ішоў зацікаўлены абмен думкамі паміж вучоным і прысутнымі. Даследчык або прыводзіў неабвержныя факты з прац іншых вучоных, або выказваў асабістае меркаванне.

ІНТРЫГУЮЧЫЯ ЗНАХОДКІ АЛЯКСАНДРА ДОЎНАРА

Трэці раз прыязджае ў Зэльву загадчык аддзела спецыяльных гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі А.Б. Доўнар. Ён даследаваў тэму “Зэльва ў другой палове ХVІІІ стагоддзя”. Шмат працаваў у розных архівах. Дакументаў у іх шмат, і, каб выявіць неабходныя, не хопіць часу цэламу інстытуту. Таму так радуецца кожны даследчык, калі знойдзе нешта, вартае яго ўвагі. Аляксандр Барысавіч спадзяецца адшукаць яшчэ больш пацвярджэнняў аб існаванні ва ўладаннях Сапегаў самакіравання. Некалькі Інструкцый Францішка Сапегі аб увядзенні “магдэбургскай правамоцнасці” ў Зэльве і Дзярэчыне вучоны знайшоў. І вось што распавёў аб гэтым удзельнікам круглага стала.

“Другая палова ХVІІІ – пачатак ХІХ стагоддзя – гэта перыяд, звязаны з распаўсюджваннем ідэалогіі Асветніцтва, прапагандай свабоды асобы, абароны правоў чалавека. І Францішак Сапега (1772-1829 гады жыцця) распрацаваў шэраг Інструкцый, што адпавядалі патрабаванням часу. Прытым ён улічваў, што жыхары яго ўладанняў – не толькі хрысціяне, але і яўрэі, таму і Інструкцыі для іх былі асобныя.

Прычын увядзення самакіравання было некалькі. Асноўная – неабходнасць выхаду са складанага грамадска-палітычнага становішча ў сувязі з трыма падзеламі Рэчы Паспалітай. Сапега імкнуўся стварыць умовы “для ўсеагульнага дабрабыту”, для развіцця і аздобы мястэчка, унутранага парадку ў ім, за якім бы і наглядвалі самі насельнікі.

У асноўны орган кіравання – магістрат – павінна ўвайсці 6 чалавек: бурмістр, чатыры радцы і пісар. Пасады ўсіх – выбарныя. Бурмістр выбіраўся на 2 гады, радцы – на адзін год, пісар – на 3 гады. Прычым адна асоба выбіралася на пасаду не больш, як на 2 тэрміны і не магла займаць дзве пасады адначасова. Каб быць рэкамендаваным на любую з іх, чалавек павінен быў мець нерухомую маёмасць, даход не менш 100 злотых у год, узрост больш за 24 гады, быць прыкладам паводзін у штодзённым жыцці. Не маглі вылучацца і быць выбранымі мяшчане з аднаго роду (бацька і сын, цесць і зяць, брат і швагер). Каб выбары сапраўды былі выбарамі, на кожную пасаду вылучалася па 3 кандыдатуры. \

Адслужыўшы службу ў храме, мяшчане збіраліся ва ўстаноўленым месцы і ў прысутнасці прадстаўніка двара ўносілі кандыдатуры ў спіскі, а потым выбіралі годных на магістрацкія пасады людзей. Пасяджэнні магістрата праводзіліся два разы на тыдзень: у аўторак і чацвер з 8 да 12 гадзін дня.

За збор гарадскіх даходаў адказваў касір. У спецыяльную кнігу ён уносіў усе паступленні, а грошы захоўваў у спецыяльнай скрыні, якая замыкалася з дапамогай 3 ключоў. Адзін ключ захоўваўся у прадстаўніка панскага двара, другі – у прадстаўніка магістрата, трэці – у касіра. Так што прысвоіць сабе збор не мог ніхто.

Падобным чынам выбіраліся прадстаўнікі ад яўрэяў у іх абшчыну. Кандыдаты таксама павінны былі быць добрымі аселымі гаспадарамі, уносіць у кагал штогод 10 злотых з даходу, ведаць усе яўрэйскія правы і звычаі. Выбары адбываліся ў сінагозе. Прадстаўлялі абшчыну 12 чалавек: чатыры старшыні і восем радцаў. Тэрмін іх кіравання – адзін год.

Пасяджэнні адбываліся ў тыя ж дні, шо і ў хрысціян, толькі ў розныя гадзіны: з 15:00 да 18:00.

На пытанне прысутных, якія ёсць доказы дзейнасці прадпісанняў Сапегі, Аляксандр Барысавіч адказаў: “Так, факты ёсць. Напрыклад, ад 12 ліпеня 1797 года зафіксавана скарга, у якой патрабуецца, каб у кагал не выбіралі больш асобаў, маладзейшых за 24 гады. Значыць, такі факт меў месца. Знойдзены дакумент 20-ых гадоў ХІХ стагоддзя, у якім гаворыцца аб наяўнасці ў Зэльве гарадскога пісара (як памятаем, ён выбіраўся разам з бурмістрам і радцамі)”.

Будзем спадзявацца, што да наступнага прыезду ў Зэльву Аляксандр Барысавіч абавязкова знойдзе яшчэ больш доказаў існавання самакіравання ў Зэльве і Дзярэчыне.

ЖЫЦЦЁ МЯСТЭЧКА ПАСЛЯ АДМЕНЫ ПРЫГОННАГА ПРАВА

Таццяна Даўгач пазнаёміла прысутных са змяненнямі ў жыцці местачкоўцаў пасля адмены ў 1861 годзе прыгоннага права. Як і ўсе мястэчкі той пары, Зэльва была пераходным мосцікам паміж укладам жыцця гараджан і вёсак, што садзейнічала захаванню як традыцыйнага ўкладу, так і новага, капіталістычнага. Прадстаўнікамі неземляробчых прафесій былі яўрэі: гандляры, рамеснікі, сталяры, рамізнікі, муляры і г.д. Па колькасці насельніцтва яўрэі пераўзыходзілі хрысціян у два і нават больш разоў.

Хрысціяне – беларусы і палякі – жылі за кошт працы на зямлі. З іх асяроддзя пачалі вылучацца першыя інтэлігенты: сельскі ўрач Аляксей Лабадоўскі, выпускнік Кіеўскага ўніверсітэта, настаўнік Трафім Клімук, які скончыў настаўніцкую семінарыю.

Зэльва становіцца цэнтрам воласці ў складзе Ваўкавыскага павета. Яна была самай вялікай па колькасці насельніцтва сярод іншых валасцей (Крамяніцкай, Міжэрыцкай, Пянюгаўскай, Самаравіцкай). Кіраўніком воласці быў валасны старшыня, якога выбіралі сяляне. Па дзеючых правілах адлегласць ад вёскі да воласці не павінна была перавышаць 12 вёрст, хіба што трапляўся маёнтак, землі якога дзяліць не дазвалялася. Валасное праўленне – элемент самакіравання, і гэта, безумоўна, было прагрэсіўнай з’явай. Сяляне самі вырашалі шэраг земляробчых пытанняў.

Рэарганізоўваліся сістэмы адукацыі і аховы здароўя. Пачало дзейнічаць народнае вучылішча. Здароўе сялян перастала цалкам залежаць ад добрай ці нядобрай волі памешчыкаў. У 1886 годзе была адкрыта станцыя Зэльва, што садзейнічала міграцыі насельніцтва. У адрозненне ад усходніх раёнаў Беларусі, у заходняй яе частцы мігранты не асядалі ў Еўропе, Прыбалтыцы ці Расіі, а вярталіся з заробкам дамоў, каб ці купіць землі, ці пабудаваць дом, ці адкрыць нейкую сваю справу.

У самой Зэльве дзейнічалі крухмальнае і лесапільнае прадпрыемствы, піваварня, свечкавая майстэрня, вадзяны млын, вінакурня.

Заінтрыгавала новымі знаходкамі ў архівах Р.У. Зянюк. Ёй давялося растлумачваць прысутным нават паняцці “рубрыцэлі” і “схематызм”, што былі прадметам яе пошукаў. А працавала яна з даведнікамі па гісторыі касцёлаў, парафій, календарамі пастаянных і рухомых святаў, каталогамі, звесткамі пра духавенства і г.д. Гэта старонка нашай гісторыі вывучана найменей, таму выклікала шэраг пытанняў да даследчыцы. Раіса Уладзіміраўна добра арыентуецца ў гісторыі Зэльвенскай парафіі, мае звесткі пра тых, хто працаваў у касцёле ў розныя часы яго існавання (напрыклад, у 1828,1832 гг.). Лічыць, што шмат інфармацыі можна знайсці не столькі ў архівах, але і ў самых храмах.

“АДНА З НАЙЯРЧЭЙШЫХ СТАРОНАК У ГІСТОРЫІ ЗЭЛЬВЫ”

– усклікнула, падводзячы вынік размовы за круглым сталом, дацэнт БДЭУ Т.У. Вароніч. Можна толькі пазайздросціць яе студэнтам: настолькі заварожвае Таццяна Уладзіміраўна сваім яркім эмацыянальным выступленнем!

Гісторык параўнала паказчыкі пяці самых вядомых кірмашоў Гродзенскай губерніі. І ўсе параўнанні былі на карысць Ганненскага. Так, у Гродна прывозілі тавараў на 1,5 тыс. рублёў, у Свіслач – на 70 тысяч, а ў Зэльву – на 670 тысяч! І няхай у ХVІІІ стагоддзі тавараў рэалізоўвалася на 70%, а ў ХІХ-ым – на 50%, усё роўна гэта вельмі значны паказчык.

Па месцах, якія займалі тавары з розных краін, першае належала расійскім, другое – еўрапейскім, трэцяе – азіяцкім. Вядомы імёны некаторых “доўгажыхароў” кірмашу, якія штогод дастаўлялі свае тавары ў Зэльву. Напрыклад, Дзехцяроў больш трыццаці год працаваў на нашым кірмашы. (Напэўна, сваёй адданасцю яму ён заслужыў і прывілеяванае становішча, бо хто не ацэніць любові?!) Купец Зотаў таксама не скупіўся на расходы і штогод вёз з няблізкай расійскай сталіцы тавараў на 40-50 тысяч серабром.

“Пасартавала” Таццяна Уладзіміраўна і шматлікія тавары ў працэнтах. Ювелірных, металічных вырабаў бывала да 7%, шкляных, крыштальных, люстраных – 3%, тканін – 54%, галантарэі – 23% і г. д. Прадметаў мастацтва і кніг было няшмат, каля 1%, але запыт быў і на іх.

…Усё больш і больш цаглінак-даследаванняў нарыхтоўваюць для фундаментальнай працы пра Ганненскі кірмаш беларускія навукоўцы. І няхай аўтарамі манаграфіі абавязкова будуць тыя, хто ўжо ўнёс важкі ўклад у яе стварэнне!

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены