Валянцін Семяняка: Мы вывучаем вопыт краін, якія не ўваходзяць у СНД

Напэўна, сімвалічна, што сёлета, калі СНД спаўняецца 30 гадоў, у гэтай міждзяржаўнай рэгіянальнай арганізацыі старшынствуе Беларусь, якая стаяла каля вытокаў яе стварэння. Яшчэ адну прыгожую дату згадваюць гэтымі днямі прадстаўнікі краін — членаў Садружнасці, і наша краіна таксама мае да гэтага непасрэднае дачыненне — 25 гадоў таму была створана Пастаянная камісія Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД па вывучэнні вопыту дзяржаўнага будаўніцтва і мясцовага самакіравання. Сёння гэту камісію ўзначальвае старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін СЕМЯНЯКА. Мы спыталі яго пра тое, што парламентарыям удалося зрабіць за чвэрць стагоддзя, і над чым яны працуюць цяпер.

— Валянцін Міхайлавіч, раскажыце гісторыю стварэння Пастаяннай камісіі Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД па вывучэнні вопыту дзяржаўнага будаўніцтва і мясцовага самакіравання.

— Яна была ўтворана на чацвёртым годзе работы Асамблеі — 17 лютага 1996 года. Каля вытокаў стаяў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Красуцкі, які потым узначальваў камісію да сакавіка 2001 года, браў непасрэдны ўдзел у пошуку асноўных напрамкаў яе дзейнасці, формаў узаемадзеяння і вывучэння вопыту краін Садружнасці.

Назва камісіі вызначае сферу яе інтарэсаў: вывучэнне вопыту дзяржаўнага будаўніцтва, пытанні рэгіянальнага дзяржаўнага кіравання, рэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва, эканоміка і фінансы рэгіёнаў, агульныя прынцыпы арганізацыі мясцовага самакіравання, пытанні абароны правоў грамадзян на ажыццяўленне мясцовага самакіравання, распрацоўка мадэльных заканадаўчых актаў па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў на дзяржаўным і мясцовым узроўні, супрацоўніцтва з міжнароднымі саюзамі, асацыяцыямі і іншымі аб’яднаннямі органаў мясцовага самакіравання.

Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць з гадавінай стварэння камісіі ўсіх парламентарыяў, якія ў розны час працавалі ў яе складзе і працягваюць плённую дзейнасць у цяперашні час, падзякаваць за асабісты ўклад у яе стварэнне і станаўленне дэпутатам, якія стаялі каля яе вытокаў, і пажадаць плёну ў рабоце на карысць нашых народаў.

Ужо на першым яе пасяджэнні было прызнана неабходным прыступіць да распрацоўкі мадэльнага Закона аб агульных прынцыпах мясцовага самакіравання ў дзяржавах СНД, і ў канцы наступнага года такі закон быў прыняты (з 2015 года — у новай рэдакцыі). Яшчэ да ўхвалення закона з нацыянальных парламентаў паступіла інфармацыя аб выкарыстанні асобных палажэнняў яго праекта ў заканатворчым працэсе.

У 1998—1999 гадах Міжпарламенцкай Асамблеяй былі прынятыя мадэльныя законы «Аб мясцовым рэферэндуме», «Аб агульных прынцыпах арганізацыі мясцовых фінансаў», «Аб асновах дзяржаўнай службы» і рэкамендацыі «Аб асноўных гарантыях выбарчых правоў і агульных прынцыпах арганізацыі і правядзення выбараў і рэферэндумаў».

З таго часу вядзецца актыўная дзейнасць камісіі па падрыхтоўцы мадэльнай заканадаўчай базы ў сферы выбарчага права. Летась Міжпарламенцкай Асамблеяй прыняты мадэльны Выбарчы кодэкс для дзяржаў — удзельніц СНД, на 2021—2022 гады запланавана падрыхтоўка яшчэ трох дакументаў.

Акрамя таго, камісіяй падрыхтаваны Канвенцыя аб прыгранічным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД і Канвенцыя аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД (падпісаныя на пасяджэннях Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Бішкеку), а таксама шэраг мадэльных законаў.

— У чым каштоўнасць стварэння мадэльных законаў у сферы дзяржаўнага будаўніцтва і мясцовага самакіравання?

— У абмене вопытам і магчымасці ўзяць нацыянальным парламентам найлепшае для сябе з напрацаванага і праверанага.

— Якія найбольш важныя вынікі работы камісіі за 25 гадоў? Якім чынам камісія, у склад якой, акрамя беларусаў, уваходзяць прадстаўнікі яшчэ сямі краін, працуе над дакументамі?

— Мы абменьваемся думкамі і прававымі дакументамі (у тым ліку на праектнай стадыі) па распрацаваных у парламентах праектах законаў, што адносяцца да пытанняў кампетэнцыі нашай камісіі.

На пасяджэннях прадстаўнікі аднаго з парламентаў, якія ўваходзяць у МПА СНД, распавядаюць аб практыцы ажыццяўлення мясцовага самакіравання ў сваёй краіне. Па выніках такіх выступленняў, якія выклікаюць жывую дыскусію, у часопісе «Веснік Міжпарламенцкай Асамблеі» рэгулярна публікуюцца матэрыялы.

Добрай традыцыяй для камісіі стала правядзенне выязных пасяджэнняў. Парламентарыі неаднаразова мелі магчымасць азнаёміцца з дзейнасцю профільных камітэтаў адміністрацый Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці, наведвалі Заканадаўчы сход Ленінградскай вобласці. Абмяркоўвалі праблемы, звязаныя з фарміраваннем сістэмы органаў мясцовага самакіравання, дзяліліся існуючым тэарэтычным і практычным вопытам, атрыманым як у працэсе работы над законапраектамі, так і ў час правядзення дзяржаўна-прававых эксперыментаў, накіраваных на адпрацоўку нормаў і прынцыпаў мясцовага самакіравання.

Камісія ўдзельнічала ў арганізацыі і правядзенні канферэнцый, круглых сталоў і семінараў, якія адбыліся ў розных гарадах і краінах. Выязныя мерапрыемствы (Мінск, Калінінград, Ноўгарад, Душанбэ, Чалпон-Ата, Ольштын, Лапеенранта, Шлісельбург, Выбарг, Гатчына і іншыя), якія праходзілі ў атмасферы ўзаемнага разумення і супрацоўніцтва, дазволілі азнаёміцца з вопытам арганізацыі мясцовага самакіравання, механізмамі рэалізацыі муніцыпальных праграм сацыяльна-культурнага развіцця, абмяняцца поглядамі па найбольш вострых праблемах.

Статус афіцыйнага назіральніка пры камісіі мае Агульнарасійскі кангрэс муніцыпальных утварэнняў, які бярэ самы актыўны ўдзел у яе мерапрыемствах.

Даўняе сяброўства звязвае камісію з Саюзам расійскіх гарадоў — у пераліку сумесных спраў не толькі падрыхтоўка семінараў і канферэнцый, але і ўдзел у падрыхтоўцы праектаў мадэльных дакументаў.

— Ці вывучаеце вы вопыт краін, якія не ўваходзяць у СНД?

— Так, і вельмі ўважліва. Супрацоўніцтву з міжнароднымі саюзамі, асацыяцыямі і іншымі аб’яднаннямі органаў мясцовага самакіравання мы аддаём вялікую ўвагу.

Яшчэ ў 1998 годзе на пасяджэнні камісіі прысутнічала дэлегацыя Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Еўропы, якую ўзначаліў прэзідэнт Кангрэса Клод Эгі. У працэсе дыскусіі, якая адбылася на пасяджэнні камісіі, абодва бакі паказалі сваё імкненне да далейшага ўзаемавыгаднага і плённага супрацоўніцтва. Па выніках сустрэчы членамі дэлегацыі і прадстаўнікамі Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД было падпісана камюніке.

У цэлым Пастаянная камісія Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД па вывучэнні вопыту дзяржаўнага будаўніцтва і мясцовага самакіравання ў сваёй дзейнасці імкнецца максімальна грунтоўна вывучыць існуючыя ў краінах — удзельніцах СНД падыходы да заканадаўчай дзейнасці і ўлічыць яго, а таксама сусветны вопыт і навуковыя распрацоўкі пры праектаванні мадэльнага заканадаўства.

— Якім чынам працягваецца работа камісіі ва ўмовах пандэміі?

— Выкарыстоўваем дыстанцыйныя сродкі відэасувязі. Гэта не адбілася на якасці заканатворчай дзейнасці і вастрыні дыскусій. У планах камісіі — напружаная работа над гарманізацыяй заканадаўчай базы краін — удзельніц СНД з улікам асаблівасцяў нацыянальнага заканадаўства.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
zviazda.by

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены