Валянцiн Семяняка: Эвалюцыйны падыход – адзіны правільны рэальны інструмент

Усебеларускі народны сход сёлета праводзіцца ў шосты раз. За час існавання, а гэта чвэрць стагоддзя, сход стаў не проста адметнай з’явай грамадскага жыцця краіны, а ператварыўся ў неад’емную частку нацыянальнай палітычнай культуры, сфарміраваўся як адзін з элементаў беларускай палітычнай традыцыі,  – лічыць старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін СЕМЯНЯКА. 

Кожны раз яго правядзенне і звязаныя з гэтым грамадскія працэсы не толькі выклікаюць усеагульны інтарэс, становяцца прадметам для нацыянальнай дыскусіі, але і вызначаюць тэндэнцыі развіцця грамадства на найбліжэйшую перспектыву. У гэтым заключаецца значэнне ўсенароднага форуму для фарміравання дзяржаўнай палітыкі і ўнікальнасць гэтай формы дэмакратыі як аднаго з інструментаў народаўладдзя.

Парламентарый вызначае некалькі адметнасцяў VІ Усебеларускага народнага сходу.

Першая  – форум праводзіцца ў перыяд дастаткова вострага палітычнага супрацьстаяння легітымнай дзяржаўнай улады спробам гвалтоўнага насаджэння метадаў «каляровых рэвалюцый» на беларускай зямлі, лічыць Валянцін Семяняка і дадае, што гэтыя метады не спрацавалі.

Другая адметнасць – краіна стаіць перад складанай праблемай перафармаціравання адносін паміж рознымі палітычнымі плынямі, перазагрузкі механізмаў, а можа, і асобных прынцыпаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў кіравання, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, дадае дэпутат.

Старшыня профільнай парламенцкай камісіі падкрэслівае, што дзяржаўнае будаўніцтва вызначаецца вялікай ступенню інертнасці — яго наступствы праяўляюцца не імгненна, а праз працяглы прамежак часу, таму працэс гэты патрабуе асаблівай адказнасці.

— Акрамя таго, пэўная інертнасць дзяржаўных пераўтварэнняў не прадугледжвае імгненнага перафармаціравання грамадскіх адносін, — дадае Валянцін Семяняка. — Галоўнае расчараванне ўсіх рэвалюцыянераў, як правіла, хаваецца ў чаканні імклівага выніку — «вось зменім уладу і зажывём…» У рэальнасці ўсё адбываецца з дакладнасцю да наадварот: імкліва разбураюцца не толькі палітычныя інстытуты, але і эканамічныя мадэлі, што імгненна адбіваецца на дабрабыце людзей».

Эвалюцыйны падыход, якім кіруецца беларуская ўлада, калі прапануе правядзенне Усебеларускага народнага сходу, — адзіна правільны і рэальны інструмент да праектавання механізмаў згуртавання грамадства і пошуку фарматаў запатрабаваных часам перамен, лічыць дэпутат.

Яшчэ адна адметнасць сёлетняга народнага форуму — абмеркаванне вынікаў агульнанацыянальнай дыскусіі. «Менавіта цывілізаваная дыскусія, дыялог у пошуку шляхоў развіцця грамадства — асноўны інструмент падрыхтоўчай работы да правядзення сходу. І ў гэтым, на мой погляд, найвялікшая каштоўнасць аналітычных матэрыялаў, прадстаўленых у аргкамітэт сходу»,  – лічыць парламентарый і дадае, што Пастаянная камісія, якую ён узначальвае, знаходзілася ў цэнтры гэтай работы.

Пры ўсёй стракатасці думак ён вызначыў некалькі найбольш характэрных тэндэнцый, якія праявіліся ў час дыскусій.

У прыватнасці, нашы грамадзяне ў большасці выступаюць за захаванне асноўных прынцыпаў дзяржаўнага будаўніцтва: сацыяльную накіраванасць дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, незалежнасць краіны, прыхільнасць да традыцыйных культурных і маральных каштоўнасцяў. Вялікая частка дасланых прапаноў утрымлівае словы падтрымкі дзеючаму Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку, яго палітычнаму курсу і дзяржаўнай палітыцы, – расказаў парламентарый.

У той жа час парламентарыі сутыкнуліся са спробамі спыніць дыялог, сарваць яго ход, што, па меркаванні дэпутата, сведчыць пра негатоўнасць асобных прадстаўнікоў беларускага грамадства да цывілізаванай дыскусіі.

zviazda.by
Фота БелТА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены