Вайна ва ўспамінах маленькіх зэльвенцаў

Сустракаючыся ў розныя гады з зэльвенцамі, што нарадзіліся незадоўга да вайны, заўсёды з хваляваннем слухала іх успаміны пра чэрвень 1941-га, гады акупацыі і вызваленчы ліпень 1944-га. Захацелася яшчэ раз услухацца ў іх галасы, тым болей што не ўсе героі маіх інтэрв’ю дажылі да гэтых дзён. Уявім іх усіх жывымі за круглым сталом у рэдакцыі і дадзім кожнаму слова…

Дети войны: истории тех, кто родился перед Великой Отечественной Присылайте  рассказы своих родственников — мы их опубликуем — Meduza

Валянцін Уладзіміравіч СЦЯЦКО, Зэльва:

22 чэрвеня 1941 года мы з братам пайшлі ў недалёкі лес за ягадамі. Жылі мы на хутары Нябайкі каля Грабава. Толькі адышліся трохі ад хаты, як пачулі гул самалётаў, разрывы бомбаў каля Зэльвы. Гул набліжаўся, і вось ужо недалёка самалёты разварочваюцца амаль над нашымі галовамі. Мы кінуліся дамоў.

Неяк хутар аказаўся у цэнтры наступлення немцаў з Зэльвы на Дзярэчын. Хаваліся ад страляніны ў склепе пад домам. Калі бой адкаціўся, убачылі каля хаты столькі адпрацаваных гільзаў і куляў, што можна было іх збіраць поўнымі прыгаршчамі. Для нас, маладых, гэта былі цацкі. Ледзь старэйшыя адцягнулі нас ад гэтых небяспечных забавак.

Карл Антонавіч КАНАНОВІЧ, Зэльва:

Назаўсёды запомніўся дзень, калі немцы сагналі ўсіх жыхароў нашай вёскі Бібікі на расстрэл. Дапытваліся, хто дапамагае партызанам. Здавалася, нішто не ўратуе людзей. Але адбыўся цуд: усіх адпусцілі. Як гаварылі між сабой старэйшыя, не дапусціў расправы сам Бог: немцы пастроілі людзей каля крыжа, і зладзейства там не магло быць здзейснена.

Генадзій Іванавіч НІЧЫПАР, г. Чалябінск, Расія, былы жыхар в. Бібікі:

Мой стрыечны брат Сяргей Іванавіч Канановіч быў у партызанах. Зрэдку ён прыходзіў у Бібікі, каб пабачыцца з матуляй. Мая бабуля расказвала, як аднойчы Сяргей прыйшоў, а тут немцы нечакана заявіліся. Сяргея схавалі, а пра яго аўтамат забыліся. Бабуля заўважыла зброю, калі немцы ўжо дзверы адчынялі. Яна ўхапіла той аўтамат і села на яго, прыкрыўшы шырокай спадніцай. Так і прасядзела ўвесь час, пакуль немцы “гасцілі”. Відаць, яны вырашылі, што жанчына анямела ад страху, бо ўсё смяяліся, паказваючы на яе пальцамі.

Антаніна Юльянаўна СТЫРНІК, Угрынь:

На скрыжаванні вуліц Малой і Вялікай Угрыняў яшчэ да Першай сусветнай вайны браты Дожыны ўзвялі крыж. Ён і стаў нашым абярэгам. Дачуліся мы, што немцы збіраюцца спаліць нашу вёску. І тады жанчыны і з вёсак, і з хутароў за адну ноч выткалі вялікі ручнік, павесілі яго на крыж, а ніткамі, што засталіся, абвязалі ўсе хаты. Раніцай немцы спыніліся каля крыжа, пастаялі, паглядзелі, “пагергеталі” між сабой і паехалі далей.

Марыя Сцяпанаўна КАЛІНКІНА, Луконіца:

27 чэрвеня 1941 г. немцы ні за што ні пра што спалілі нашу хату, забілі бацьку. Відаць, нехта штосьці нагаварыў на яго. Пасля іх бандыцкага набегу яшчэ адступалі нашы салдаты. Ім давалі людзі ўсё, што мелі – такія яны былі змарнелыя і змучаныя. Падчас акупацыі нацярпеліся і холаду, і голаду, і страху. Каб не трапіць да немцаў, мы падчас іх “візітаў” уцякалі з вёскі, хаваліся ў лесе.

Зінаіда Васільеўна КОНЮХ, Росцевічы:

Мне было ўсяго 3 гады, калі пачалася вайна. Але я запомніла бой у вёсцы паміж нямецкім і савецкім танкамі. Адзін выйшаў з аднаго боку вёскі, другі – з другога. А сустрэліся якраз насупраць нашай хаты. Бацькі з намі, дзецьмі, хаваліся ў каменным свірне, які служыў за бамбасховішча. Мы назіралі і той бой, і як гарэла пасля яго наша хата… А ў ліпені 1944-га, калі мы вярнуліся з бліжэйшага да нас хутара, дзе хаваліся ад бамбёжкі, на нашых вачах падарваліся на міне два савецкія афіцэры. Не забуду той страшнай карціны да апошніх дзён жыцця.

Надзея Васільеўна РАМАНЧУК, Росцевічы:

Родам я з Караліна, да вайны споўнілася мне 4 гады. Неяк падзеі 1941-га не запомніліся. А вось ліпень 1944-га не забудзецца ніколі. Чырвоная Армія наступала з аднаго берага Зяльвянкі, а немцы акапаліся з другога, у самой вёсцы. Усё вакол гарэла. Згарэла і наша хата. Жылі ў склепе з-пад бульбы, потым бацька зляпіў маленьую хацінку з адзіным акенцам. Ужо калі арганізавалі калгас у вёсцы, праўленне дапамагло з лесам, і бацька пабудаваў крыху большую хату.

Іван Іосіфавіч ШЭЙКА, Кашалі:

Рос я на хутары непадалёку ад в.Дабрасельцы. Хата ў нас была прасторная, і ў ёй размясцілі пачатковую школу. Вельмі я любіў настаўніка Яўгена Іосіфавіча. Сам ужо ў першы клас рыхтаваўся. А тут – вайна… Неяк прыйшоў да нас настаўнік з двума незнаёмымі. Нас з малодшым братам адправілі пагуляць каля хаты і паведаміць, калі раптам убачым немцаў. Так і павялося: як толькі незнаёмыя прыйдуць да нас, мы з братам назіраем, што дзеецца навокал. Часта пасылалі нас у вёску за мужчынамі. Называлі імя, прозвішча ці вясковую мянушку, і мы прыводзілі тых людзей у хату. Ужо пасля вайны я даведаўся, што матуля была сувязной партызанскага атрада, а мы выконвалі яе даручэнні. Адзін выпадак з ваеннага жыцця запомніўся асабліва. Мы з братам ведалі, што ў нас на гарышчы хавалася каля 10ці “дзядзяў”. Мы, гуляючы, убачылі, што да хутара набліжаецца некалькі падвод з немцамі. Паведамілі маме. Але што яна магла зрабіць сярод белага дня?.. На шчасце, немцы прыязджалі за маслам і яйкамі, пра партызан нічога не ведалі. Атрымалі жаданае і пакінулі хутар.

Сабіна Іванаўна АНТАНОВІЧ, Міжэрычы:

У маёй дзіцячай памяці дзве вайны. Першая – пачатак, чэрвень 1941 года. Мне 4 гады. Мы з бабуляй бяжым па жыце. Яно ўсё вытаптана нагамі людзей, каласкі раструшчаны пад коламі машын і танкаў. Забеглі мы на нейкі хутар, схаваліся ў яме. А дома засталіся мае бацькі. Нехта з аднавяскоўцаў (да вайны я жыла ў Косцевічах) прыбег да нас і паведаміў, што наша хата згарэла. Загаласілі мы з бабуляй, бо думалі, што і мама з татам згарэлі. А калі вярнуліся на папялішча, засталі там жывых бацькоў. Зноў галасілі, але ўжо ад радасці. А “другая” мая вайна – гэта ліпень 1944-га. Мне ўжо 7 гадкоў, многае добра памятаю. Фота носіць ілюстрацыйны характар. Тата паспеў пабудаваць новы дом замест згарэлага ў 1941-ым і вельмі перажываў, каб і ён не стаў папялішчам. Мы разам з іншымі сялянамі павыганялі з хлявоў жывёлу, а самі хаваліся, хто дзе мог. Вяртаемся пасля абстрэлу дадому, радуемся, што хата цэлая. Толькі шыбы ў вокнах павыляталі. Але ў хату нас не пусцілі, сказалі, што ў ёй размясціўся штаб. А за тое, што камандаванне знайшло ў нашай хаце прытулак, тату потым выдзелілі шкло для вокнаў.

Ніна Іосіфаўна КАЛЮТА, Клепачы:

Мы ўсёй сям’ёй хаваліся ад бамбёжак у яме. Аднойчы выбухі былі такімі моцнымі, што наша сховішча разам з намі засыпала зямлёй. Я была ўжо без прытомнасці, калі бацькі адкапалі мяне. Памятаю: яны плачуць, а я не разумею, чаму….

Софья Іванаўна МАЎЧУН, Клепачы:

Тата мой меў сувязь з партызанамі. У адну з начэй яму давялося быць правадніком для новага папаўнення атрада. Мы з мамай усю ноч не спалі, усё чакалі тату.

Георгій Сямёнавіч САКАЛОЎСКі, Агатова:

Хоць быў я малы, але, як і ўсе хлопчыкі даваеннай пары, сам зарабляў на кусок хлеба: парабкаваў у Рудзевічах. Мой гаспадар, калі наляцелі немцы, вырашыў захаваць хоць нешта са сваёй гаспадаркі. Пагрузіў сёе-тое на воз і адправіў мяне далей ад вёскі. Спадзяваўся, шо мяне, малога, не чэпяць. Але хіба вораг меў літасць над намі? Еду я, а тут немцы. Спалохаўся, вядома, дрыжу. А немцы паказваюць на мяне пальцамі, рагочуць і …ўзнімаюць аўтаматы. Над галавой некалькі куляў праляцела. Як я жывы застаўся, не ведаю….

Равеснік грознага 1941-га паэт Анатоль Сербантовіч пісаў: Вайна прайшла шырокай баразной, І цягнецца з дзіцячае калыскі: Я столькі не далічваюся блізкіх, Што нават сёння дыхаю вайной! Менавіта такое адчуванне далучанасці да трагічных падзей мінулай вайны заўсёды жыло і жыве ў памяці нашых землякоў – дзяцей вайны.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены