Вайна перакрэсліла яе дзяцінства. Гісторыя зэльвенчанкі Станіславы Путрэша

Вялікімі стратамі, людскімі пакутамі, палаючымі дамамі, страшнымі бамбёжкамі ўварвалася Вялікая Айчынная вайна ў гісторыю Зэльвеншчыны, дакранулася сваімі чорнымі крыламі амаль да кожнай сям’і. Дзеці вайны… Яны не змаглі забыць тое, што давялося перажыць, што ўраз перакрэсліла шчаслівую пару –
дзяцінства.

Мая матуля нарадзілася ў Сянькоўшчыне. У даваенныя часы вёска ўваходзіла ў склад Зэльвенскага раёна, а 12 кастрычніка 1940 года быў створаны Сянькоўшчынскі сельсавет.

Дом, у якім праходзіла дзяцінства мамы, стаяў на перакрыжаванні дарог. Гэта быў вялікі, па тых часах, дом на высокім моцным падмурку з цэментнымі прыступкамі. Па суседству польскія ўлады ўзводзілі будынак пачатковай школы, будаўніцтва якой закончылі ў 1938 годзе. Навучанне вялося на польскай мове. Наведвала школу і мая матуля.

У мамы была сястра і двое братоў. Малодшы з іх нарадзіўся ў сакавіку 1941 года. Паведамленне пра тое, што пачалася вайна, выклікала жах.
Бацькі пачалі назапашваць ежу, хаваць пажыткі, а швейную машынку Зінгер проста закапалі ў зямлю. Дом згарэў. Некранутымі засталіся падмурак, прыступкі і склеп, у якім ратавалася сям’я. Дарэчы, яны былі вельмі трывалыя і існавалі яшчэ многа дзясяткаў гадоў пасля вайны. Я памятаю, як у дзяцінстве бабуля адпраўляла мяне ў склеп па бульбу. Памятаю, таму што ў ім нават летам было вельмі холадна. А як жа ў вайну сям’я мамы выжывала там?

У мясцовасці вакол Сянькоўшчыны дзейнічалі партызанскія атрады. Было неспакойна. У кастрычніку 1942-га карнікі правялі аперацыю супраць партызан, у школе была адкрыта камендатура, якую акружалі бункеры і байніцы. Па дарозе рухаліся то тэхніка, то павозкі, то салдаты. І ўсё гэта побач з тым склепам, заставацца ў якім было проста небяспечна. Сям’я матулі на пэўны час перабралася да сваякоў у Куцэйкі.

Менавіта ў верасні – кастрычніку 1942 года Сянькоўшчына была разбурана. Да вайны ў вёсцы было 96 дамоў, у якіх пражывала 364 чалавекі. Пасля аперацыі 1942 года было забіта 27 чалавек і знішчана 81 хата. Пад час нямецкай акупацыі пачатковая школа ў Сянькоўшчыне размяшчалася ў наёмных памяшканнях. Па магчымасці мая мама наведвала заняткі.

Матуля была старэйшай з дзяцей, працаваць фізічна даводзілася шмат. Працавала ў полі, даглядала малодшых, карміла жывёлу, ездзіла на млын, вазіла дровы. І праца тая была нішто ў параўнанні з раненнем. Снарад разарваўся недалёка ад таго месца, дзе мама знаходзілася з іншымі дзецьмі. Пачалі ўцякаць. Асколак трапіў у нагу. Мама ўпала. На дапамогу прыбеглі дарослыя, пераняслі яе ў будан. Агляд нагі паказаў, што ў некалькіх месцах закранута косць, шматлікія рваныя раны вакол. Пачаліся доўгія месяцы пакут. Нага моцна балела, гнаілася і дрэнна зажывала. У добрае надвор’е матулю на руках пераносілі пад яблыню і садзілі на зямлю, у руку давалі галінку, якой мама адганяла з параненай нагі назойлівых мух. Раны не заўсёды маглі перавязаць, бо бінтоў і матэрыялаў не хапала. Перажыць давялося і гэтае. На назе засталіся шрамы на ўсё жыццё, засталіся яны і ў душы, і ў памяці ад асколка, ад выбухаў, ад страт, ад пажараў, ад голаду, ад бяды, якая навісла над роднай зямлёй і забрала дзяцінства.

Пасля вайны маме давялося многа працаваць. Бацькі аднаўлялі сваю гаспадарку, будавалі новую хату, якая была значна меншая, чым даваенная. Таму і будавалі не на тым падмурку, які вытрымаў пажар і бамбёжкі.

З кастрычніка 1944 года пачаліся заняткі ў Сянькоўшчынскай пачатковай школе. Восенню 1945 года яна стала сямігодкай, потым – васьмігодкай. Матуля з задавальненнем наведвала школу, а бацькі заўсёды падтрымлівалі жаданне дзяцей вучыцца. Яшчэ да сённяшніх дзён я захоўваю зборнік вершаў А.С. Пушкіна, які набылі маёй маме ў пасляваенныя гады.

Фотаздымкі тых часоў – вялікая рэдкасць, бясцэнныя сведкі. Я трымаю некалькі пажоўклых фота ў руках і ўглядаюся ў шчаслівы твар маёй мамы (першая злева ў трэцім радзе).

Мама скончыла 8 класаў у 1952 годзе, ёй было 19 гадоў. Вось такія “карэкцівы” унесла вайна ў жыццё тагачаснай моладзі. Выпускнікамі былі і шаснаццацігадовыя, і сямнаццацігадовыя, і дзевятнаццацігадовыя маладыя людзі.

Пасля заканчэння школы мама паступіла ў Мінскі тэхнікум сувязі. Атрымаўшы дыплом, усё жыццё працавала на пошце ў Зэльвенскім раёне і Зэльве. Па рабоце даволі часта трэба было дабірацца да аддзяленняў сувязі, размешчаных у вёсках, і мама атрымала пасведчанне матацыкліста. Вадзіць матацыкл умела добра, а галоўнае – любіла.Да сваёй справы мама, Путрэша Станіслава Іосіфаўна, ставілася заўсёды адказна. Яна паважала і падтрымлівала людзей, дапамагала ім. А людзі паважалі яе.

Алена ФЁДАРАВА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены