В СПК «Каролино» спешат убрать урожай в оптимальные технологические сроки

Дзень, у які мы наведвалі СВК “Караліно”, выдаўся вельмі цёплым. Таму і праца на палетках ішла вельмі інтэнсіўна – усе добра ўсведамлялі, што марудзіць з сезоннымі сельскагаспадарчымі работамі нельга.


– Клопатаў у нас нямала: вядзём уборку кукурузы на сілас і зерне, цукровых буракоў, уздымаем зябліва, закладваем кармы, – адзначыў старшыня сельгаскааператыва Алег Бурдук. – Стараемся ўкласціся ў тэрміны, правесці ўборачную якасна, без страт. 
І сапраўды, якасці ў гаспадарцы ўдзяляецца асаблівая ўвага. На якім бы вытворчым участку мы ні пабывалі, паўсюдна бачылі адказнае стаўленне работнікаў да сваёй справы. На камбайне “КЗС-10К” з кукурузнай прыстаўкай уборку вёў механізатар Віктар Садоўскі. “Добры і сумленны працаўнік, мае шматгадовы стаж работы, – коратка ахарактарызаваў яго старшыня сельгаскааператыва. – Да ўборкі кукурузы на зерне, як і да любой іншай работы, падыходзіць вельмі сур’ёзна”. Замацаваная за механізатарам тэхніка атрымлівае належнае тэхабслугоўванне. Двойчы ў дзень, як і на жніве зерневых, Віктар аглядае камбайн, прадзімае фільтры. Уборка ўраджаю павінна весціся хутка, перакананы сельскі працаўнік, аднак яшчэ важней не дапусціць страт прадукцыі. Для гэтага ён рэгулярна правярае гэрметычнасць камбайна, каб не прапала ні зярняці. На адвозцы ўбранага з палёў задзейнічаны вадзіцелі Міхаіл Смурага і Валерый Янушка. На аўтамабілях “ГАЗ-53Б” яны перавезлі на збожжасушыльны комплекс “КЗСВ-30” звыш 330 тон зерня. Тут аператары Мікалай Крокас і Юрый Стрык даводзяць прадукцыю да неабходнай кандыцыі.  
На палетках цукровых буракоў паўнапраўнымі гаспадарамі ў сельгаска-аператыве называюць Уладзіміра Кіруна і Мікалая Куліка, якім даручана ўборка салодкіх караняплодаў. Па словах Алега Бурдука, ураджайнасць у гэтым годзе значна лепшая, чым летась – каля 443 ц/га. Механізатары Юрый Янушка і Яўгеній Ганчар на трактарах “МТЗ-82” з прычэпамі звозяць выкапаныя караняплоды ў бурты. Вяскоўцы хочуць прадаць сваю прадукцыю як мага даражэй, таму стараюцца чысціць караняплоды так, каб працэнт іх забруджанасці быў па магчымасці ніжэйшым. Механізатар Іван Ксянжук на буракапагрузчыку “СКС-4,2” для адпраўкі на буракапрыёмны пункт пагрузіў звыш 2,1 тыс. тон прадукцыі. Адвозяць яе аўтамабілі ААТ “Зэльвенская сельгасхімія”.
Якія кармы – такія надоі і прывагі. З запланаваных 524 га кукуруза на сілас і зялёны корм убраны на 490 га. На корманарыхтоўчых камбайнах К-Г-6 “Палессе” працуюць механізатары Мікалай Масальскі і Аляксандр Маркоўскі. Невялікія затрымкі здараюцца толькі ў выпадку паломкі тэхнікі, але механізатары хутка спраўляюцца з пазаштатнай сітуацыяй. За своечасовую адвозку зялёнай масы ў сельгаскааператыве адказваюць трактарысты Мікалай Шпетны, Аляксандр Лухтан, Уладзімір Лабовіч, вадзіцелі Павел Яцулевіч, Сяргей Жывулька, Казімір Палубінскі. Каб кармы былі якаснымі, у сіласнай траншэі строга прытрымліваюцца тэхналогіі закладкі: сочаць за тэмпературай, вільготнасцю. На пагрузчыках “Амкадор” трамбуюць масу механізатары Віктар Масальскі, Мікалай Чарняк і Васілій Сахарчук. На сённяшні дзень у траншэі закладзена 10083 т сіласу, ці 106% ад задання. Усяго ж на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 22,7 цэнтнера кармавых адзінак, што на 2,5 цэнтнера больш, чым летась.  
– Спяшаемся і з уздымам зябліва, – прадоўжыў размову кіраўнік сельгаскааператыва. – Тут штодзённа перавыконваюць нормы выпрацоўкі механізатары Іван Маркоўскі і Віталій Мышэйка. Яны выдатна ведаюць кожны кавалачак каралінскіх палеткаў, а стараннасці і цярплівасці працаўнікам не займаць. У выніку палі застаюцца роўнымі і чыстымі. Пасля зімняга “адпачынку” на гэтых плошчах будуць пасеяны яравыя культуры. Для павышэння будучай ураджайнасці механізатар Валерый Плаўскі цяпер уносіць калійныя і фосфарныя мінеральныя тукі.
Асенні дзень год корміць, памятаюць каралінскія працаўнікі. Таму і працуюць старанна, адказна, каб убраць вырашчаны ўраджай у аптымальныя тэхналагічныя тэрміны.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.