В д.Кошели праздник деревни собрал всех местных жителей

Незабыўныя эмоцыі, цудоўны настрой у чэрвеньскія выхадныя жыхарам в.Кашалі падарылі работнікі мясцовага Дома фальклору: для сваіх аднавяскоўцаў яны правялі свята вёскі. Рыхтавацца да яго пачалі задоўга да дня правядзення: збіралі звесткі аб працаўніках мясцовай гаспадаркі, тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, юбілярах, мнагадзетных сем’ях.

 

 

В д.Кошели праздник деревни собрал всех местных жителей

В д.Кошели праздник деревни собрал всех местных жителей

В д.Кошели праздник деревни собрал всех местных жителей

 

 

Пачалося свята ўрачыстым шэсцем па вясковай вуліцы. Работнікі Дома фальклору заходзілі на кожны падворак, каб паглядзець і ацаніць аформленыя там выставы. Адметнае ў выставе Марыі і Мікалая Крокасаў–дываны, на якіх на чыстым белым полі льняной тканіны мноства ўзораў. Сям’я Аляксандра і Святланы Лухтанаў мае добры афарміцельскі густ: выстава работ, зробленых іх рукамі, і тых, што засталіся ў спадчыну, запомнілася сваёй прыгажосцю. Афармляць прыдамавую тэрыторыю гаспадарам дапамагалі іх дзеці. У двары сям’і Івана і Ганны Худзіных—змайстраваныя самім гаспадаром лавы і стол, вырабы з дрэва. Вера Масальская ўразіла гасцей вышыванымі посцілкамі, сурвэткамі. Вызначыліся і падворкі Таццяны Лухтан, Антона і Надзеі Селяня. Лепшай была прызнана прыдамавая тэрыторыя Віктара і Марыі Масальскіх. Вялікія і прыгожыя кусты руж, вышываныя ручнікі, посцілкі, сурвэткі, на стале – толькі што сабраныя свежыя ягады, духмяны пірог, варэнікі– усё для шаноўных гасцей. 
Затым свята перамясцілася ў Дом фальклору. Тут ва ўрачыстай абстаноўцы прадстаўнік СВК “Караліно” Тамара Кухарчык уручыла каштоўныя падарункі вяскоўцам, якія сумленна і старанна працавалі ў гаспадарцы шмат гадоў і адзначаны высокімі ўзнагародамі. Сярод іх – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аркадзій Жывулька, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і Працоўнай Славы ІІІ ступені, Антон Селяня–ордэнам “Знак пашаны”, Георгій Жук–ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Гэтыя людзі, а таксама Зінаіда Скробат, Мікалай Садоўскі, Ніна Войтка, Марыя Пашкоўская ўдастоены звання заслужаны калгаснік.
Падарункі атрымалі і лепшыя працаўнікі СВК “Караліно”: даярка Ніна Сахарчук, жывёлавод Марыя Русак, загадчыца МТФ “Івашкавічы” Валянціна Мядзведзь, механізатары Мікалай Масальскі, Віктар Масальскі.
З пашанай людзі вёскі адносяцца і да воіна-інтэрнацыяналіста Анатолія Сідарэнкі, які мужна выконваў свой воінскі абавязак на вогненнай зямлі Афганістана. На свяце яму таксама быў уручаны падарунак.
Шчырыя словы пажаданняў, мілагучныя песні, букеты кветак падарылі самадзейныя артысты мнагадзетным сем’ям Бражукоў і Качукоў, самым маленькім жыхарам вёскі Ксеніі Качук і Серафіме Кліш, сямейным парам, адзначыўшым юбілеі сумеснага жыцця: Міхаілу і Вользе Данікам, Ганне і Івану Худзіным, справіўшым сярэбраныя вяселлі, Сяргею і Валянціне Жывулькам, Мікалаю і Веры Крокасам, якія разам крочаць па жыцці вось ужо 30 гадоў, Міхаілу і Ганне Смурагам, сямейнаму саюзу якіх 35 гадоў.
Работнікі Кашалёўскага дома фальк-лору выказваюць удзячнасць усім, хто не застаўся ўбаку, дапамагаў арганізаваць свята вёскі Кашалі.

Лідзія КІСЛАЯ,

дырэктар Кашалёўскага Дома фальклору.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.