У аграгарадку Каралін урачыста асвяцілі новы храм

Дзясятага лістапада для праваслаўных вернікаў аграгарадка Каралін стаў гістарычным днём – тут урачыста асвяцілі новую царкву, названую ў гонар Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы.

Радасная падзея аб’яднала вялікую колькасць вернікаў. Першыя прыхаджане пачалі збірацца ў храме яшчэ задоўга да пачатку Богаслужэння: адны – каб палюбавацца прыгажосцю новай святыні, другія – каб напісаць свае просьбы Багародзіцы і асабіста малітоўна падзякаваць Богу за такі цудоўны падарунак.

Задоўга да афіцыйнай ўрачыстасці айцец Арсеній на вуліцы перад храмам адслужыў спецыяльны малебен.

Дарогу да храма вяскоўцы выклалі кветкамі: так гасцінна, з хлебам-соллю каралінцы сустракалі Уладыку Арцемія. Услед за вялікім госцем царкву запоўнілі вернікі. Многія жыхары Зэльвеншчыны прыехалі на ўрачыстасць з іншых прыходаў. Таму маленькая і ўтульная святыня не змагла умясціць ўсіх жадаючых.

Чын асвячэння новага храма ўзначаліў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі. Прысутныя сталі сведкамі прыгожага абрада, падобнага да таінства Хрышчэння чалавека: спачатку святары амылі прастол, памазалі мірай і “апранулі” яго ў светлае ўбранне. Затым і сам храм пакрапілі святой вадой. А на яго сценах, пад самай столлю, з’явіліся чатыры маленькія крыжыкі – як сімвал прысутнасці Бога.

Святочнаму ўбранству царквы адпавядаў і радасны настрой людзей, і ўся ўрачыстая атмасфера. У чыстых беласнежных сценах святыні шчырая шматгалосая малітва ўзнімалася ў вышыню, да крыжа, які ўзнёсся над купалам храма, а затым – у неба. 

У час Богаслужэння Уладыка Арцемій сардэчна вітаў ўсіх прыхаджан, а таксама паломнікаў.

– У царкоўным жыцці чалавек нараджаецца нанова, – звярнуўся з архіпастырскім словам да прысутных Яго Высокапраасвяшчэнства. – Праз цярністы шлях пакаяння хрысціяне імкнуцца ўз’яднацца з Богам. І новая святыня стане яшчэ адной прыступкай на гэтым шляху. Дай Бог, каб у міры і любові гэты храм стаяў да сканчэння веку, каб у вас была адзіная царкоўная абшчына, адзіная царкоўная сям’я.

Уладыка таксама выказаў спадзяванне, што святыня стане своеасаблівым цэнтрам для моладзі, якая штогод збіраецца ў Караліне на экалагічныя злёты.

Актыўным прыхаджанам і тым, хто аказваў дапамогу ў будаўніцтве святыні, архіепіскап уручыў узнагароды. Благачынны Зэльвенскай акругі Георгій Субаткоўскі адзначаны медалём Кірыла Тураўскага. Медаля “Каложская адзігітрыя” ўдастоена прыхаджанка Раіса Вярстак. “Каложскі Крыж” атрымалі майстар Канстанцін Лявіцкі, дыспетчар РЭС Аляксандр Сячэйка. Архірэйскай граматай узнагароджаны старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі, старшыня Каралінскага сельвыканкама Алег Бурдук, прыхаджанін Іван Вярстак.

Пасля святочнага Богаслужэння вернікаў запрасілі на канцэртную праграму, падрыхтаваную самадзейнымі артыстамі і работнікамі ўстаноў культуры.

Зэльвенская паэтка Алена Кароза гэтай знакавай падзеі прысвяціла свой верш.

Благаславі, Божа!
Здаўна ўзгорак ля часоўні
Народ, чамусь, касцёлам зваў.
Нібыта верыў, што прыродна
Пад храм тут месца Бог абраў.
 Ішлі гады, вякі міналі.
Узгорак значна стаў ніжэй.
А душы людскія пыталі,
Як ім да Бога стаць бліжэй.
І вось адказ: часоўня наша
Зноў да малітвы кліча люд.
Тут помыслы й душа чысцеюць,
Ну хіба то не Божы цуд.
Ну хіба то не Божы провід,
Што ў душах веру абудзіў.
Каб правільны шлях выбраў кожны,
Хто, можа, ў цемры заблудзіў.
Ідзіце, людзі, у часоўню,
Каб змыць з душы гаротнай бруд,
Каб светлай верай наталіцца
І атрымаць надзеі цуд.
Вядзі нас, Божа, шляхам верным,
Каб меней зла вакол было,
І ўмацуй у душах веру,
Благаславі наша сяло!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены