Увесь кастрычнік зэльвенскія каталікі моляцца да Божай Маці Ружанцовай

Зэльвенскія парафіяне, як і ўсе каталікі, з даўніх часоў прытрымліваюцца важнай духоўнай традыцыі: на працягу кастрычніка яны збіраюцца ў святынях, у тым ліку і касцёле Святой Тройцы, каб разам памаліцца на ружанцы. Такім чынам веруючыя ўшаноўваюць Найсвяцейшую Маці Божую Ружанцовую, звяртаюцца да Яе з просьбамі і падзякай.

Ужо з першага дня восеньскага месяца як старэйшае пакаленне, так і дзеці прыходзяць у вызначаны час на спецыяльную малітву і паўгадзіны прысвячаюць размове з Паннай Марыяй. Духоўнае напаўненне адчувалі вернікі, якія прысутнічалі ў чацвер, 7 кастрычніка, на ўрачыстасці, калі Касцёл ўслаўляў Марыю Ружанцовую. Падчас імшы парафіяне прасілі Яе аб неабходных ласках для ружанцовых груповак. Як і на працягу першай дэкады, так і наступныя дзве будуць гучаць ружанцовыя малітвы, адгаворвацца “Літанне да Маці Божай».

У нядзельным звароце да зэльвенцаў ксёндз Яцэк Маркель падкрэсліў, наколькі важная малітва на ружанцы:

Кожны веруючы чалавек павінен звяртацца да Пана Бога, да Найсвяцейшай Божай Маці праз малітву, малітву на ружанцы. Такая вера, набожнасць дапамагае чалавеку ісці па жыцці, перажываць розныя праблемы, вырашаць штодзённыя задачы. Зэльвенскія парафіяне ганарацца, што ў святыні дзейнічаюць ружанцовыя групоўкі, якія штодзённа моляцца і просяць Божага заступніцтва не толькі для сябе, але і для ўсіх землякоў, суайчыннікаў. Выказваю ўдзячнасць за дар супольнай малітвы. Жадаю, каб духоўная традыцыя перадавалася ад пакалення старэйшых вернікаў да пакалення малодшых, а ў сем’ях – ад бацькоў да дзяцей.

Звяртаючы ўвагу на тое, што праз некалькі дзён увесь свет будзе адзначаць любімае ўсімі свята – Дзень маці – святар адзначыў, што любоў да бліжняга з’яўляецца самым высокім пачуццём:

Дзень маці – гэта добрая нагода, каб ахапіць малітвай самых дарагіх людзей. Каб праз малітву падзякаваць Панну Марыю за Яе ласку і апеку над родным чалавекам. Той, якая з самага нараджэння і на працягу жыцця клапоціцца аб сваіх дзецях, пастаянна перажывае, падтрымлівае слушнай парадай і добрым словам. Законам нашага жыцця павінен заставацца наказ – “Шануй бацьку свайго і маці сваю”. Разам з тым, неабходна праз малітву аддаць даніну памяці і маці, якія ўжо не з намі, якія адыйшлі ў вечнасць.

Ксёндз Яцэк Маркель пажадаў усім маці Божага благаслаўлення і апекі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай.

Падчас разважання над Словам Божым акцэнтавалася ўвага і на тым, наколькі важна захаваць і перадаць веру, паказаць другім шлях да Бога, навучыць іх маліцца на ружанцы. І гэты прыклад прыклад сапраўднай набожнасці павінна паказаць сваім дзецям маці.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены