Беларусь памятае. Удзельнік аперацыі «Баграціён» Міхаіл Кузняцоў

Перадбаявы настрой

Сакавіцкай ноччу 1944-га нас узнялі па трывозе. Гэта быў сігнал да выступлення на перадавую лінію. Аўтаматчыкі атрымалі поўны баявы камплект патронаў і гранат, у тым ліку супрацьтанкавыя гранаты. Усім было загадана на-дзець белыя маскіровачныя халаты. На досвітку мы былі ўжо на перадавой лініі, прыкладна за 5 кіламетраў ад пярэдняга краю. Туды даставілі нас танкі. Танкісты замаскіравалі свае машыны ў лесе, а нас, дэсантнікаў, камандаванне размясціла ў бліндажах, зямлянках і ямах, прыкрытых плашч-палаткамі. Гэта было на Аршанскім напрамку, у раёне Асінторфа. На гэтым участку нашы рабілі спробу прарваць абарону праціўніка, каб кінуць затым у прарыў нашу 153-ю танкавую брыгаду. Магчыма, гэта былі баі мясцовага значэння з мэтай выяўлення агнявых сіл праціўніка. Малодшыя камандзіры не ведалі об задумках армейскага камандавання і тым болей – камандавання фронту. Падрыхтоўка да аперацыі “Баграціён” праходзіла ў глыбокай тайне з тым разлікам, каб ворог не разгадаў нашы планы.

Сапраўды, падрыхтоўка да наступлення Чырвонай Арміі ў Беларусі не была раскрыта праціўнікам. Вораг чакаў наступлення савецкіх войск на поўдні. Але пралічыўся. Пад Асінторфам мы прастаялі з тыдзень. Да нас даносіўся гул артылерыйскай кананады, кулямётнай стральбы. Але перадбаявое ўзбуджэнне паступова пачало спадаць. Нам надакучыла сядзець у зямлянках. Той-сёй з салдат стаў разводзіць побач з зямлянкамі невялікія кастры, каб пагрэцъ рукі, пасушыць пальчаткі, анучы. Найбольш прадпрымальныя прымошчвалі кацялкі, каб зварыцъ кашу з „НЗ” (недатыкальны запас), што выдалі кожнаму з нас на непрадбачны выпадак.
Пад Асінторфам нашаму танкаваму дэсанту ў бой уступіць не давялося. Зноў паступіла каманда пагрузіцца на танкі і па ракаднай дарозе (дарога, якая пралягае ўздоўж фронту) нас перакінулі бліжэй да Віцебска, у раён Лёзна. Дарога абстрэльвалася дальнабойнай артылерыяй. У метрах 100-200 ад нас узрываліся снарады. Пад Лёзна мы прабылі аж да чэрвеньскіх дзён.

Наступілі цёплыя дні, усё навокал зелянела. Наша рота знаходзілася ад пярэдняга краю кіламетраў за 5-7. У гэтым месцы перадавая лінія нагадвала дугу: фронт быў справа і наперадзе. Па начах выстаўлялі дазоры-сакрэты. Мне нярэдка даводзілася быць разводзячым. Цікава было назіраць ноччу за лініяй фронту: праціўнік бесперапынна навешваў асвятляльныя ракеты. Але на досвітку начны „феерверк” спыняўся. На нейкі момант усё заціхала, але затым цішыню зноў парушала кулямётная і гарматная перастрэлка.

Старшы сяржант Міхаіл КУЗНЯЦОЎ.

Кожную раніцу на правы фланг гэтай дугі-абароны, у адзін і той жа час, прылятаў нямецкі самалёт, скідваў бомбы на нашы пазіцыі і вяртаўся назад.

“Вось гад! – злаваліся дэсантнікі. – Дакуль ён будзе лётаць? Няўжо нашым няма чым збіць?”. Але ўсяму бывае канец. Пасля чарговага візіту на перадавую самалёт ўсё-такі збілі нашы зенітчыкі. Я назіраў, як варожая машына раптоўна ўвайшла ў штопар і не змагла з яго выйсці. Затым урэзалася ў зямлю, пакінуўшы вялікі слуп дыму.
Тры разы ў дзень байцы майго аддзялення накіроўваліся з кацялкамі ў сусуседні яр, дзе размяшчалася палявая кухня. Туды ішлі і салдаты іншых узводаў і войск. Мы і не падазравалі, што наша размяшчэнне можа абстрэльвацца варожай артылерыяй. Нам не раз даводзілася трапляць пад артналёт. Біў немец шрапнэллю і фугасамі.

Гітлераўскае камандаванне рабіла спробу ўздзейнічаць на нашы войскі і псіхалагічна. З самалётаў фашысты раскідвалі на перадавыя пазіцыі і ў тыле лістоўкі з карыкатурамі: “Сцеражыцеся віцебскай мясарубкі”. Але на такую нямецкую прапаганду байцы заўсёды знаходзілі такія словы, што выклікалі ва ўсіх дружны смех. Баявы дух чырвонаармейцаў быў высокі. Мы ведалі, што ідзём у бой дзеля вызвалення сваёй Радзімы.

Бой за вёску Ског

Наша часць дзейнічала ў складзе 5-й арміі, якой камандаваў М.І.Крылоў. Арміі трэба было прарваць добраўмацаваную, глыбокаэшаланіраваную варожую абарону, якая праходзіла па заходнім беразе Лучосы. Усе вёскі і гарады гэтай абароны ўяўлялі магутныя апорныя пункты. Самым значным з іх быў горад Багушэўск. Менавіта на гэтым участку разам з іншымі часцямі і дзейнічала 153-я Смаленская асобная танкавая брыгада. А нашай танка-дэсантнай роце прадстаяла штурмаваць апорны пункт праціўніка ў вёсцы Ског, што на Віцебшчыне. Але ў той час вёскі як такой не было. Засталася толькі назва – яна была спалена, уцалеў толькі адзін крайні дом.

Пасля магутнай артылерыйскай падрыхтоўкі ў другой палавіне дня 22 чэрвеня перадавыя батальёны пачалі штурм пярэдняга краю праціўніка. Наша танка-дэсантная рота знаходзілася некаторы час у рэзерве і была ўведзена ў бой за вёску Ског раніцай 24 чэрвеня. Услед за танкамі, нягледзячы на моцны агонь праціўніка, нам удалося зачапіцца за першую лінію акопаў і выбіць адтуль немцаў. Але з гарышча гэтага адзінага дома, які знаходзіўся ў некалькіх метрах ад траншэі, байцам не даваў падняць галавы варожы аўтаматчык. Гранаты, якія мы кідалі ў яго, скочваліся па даху і рваліся ля фундамента дома. Выручыла салдацкая кемлівасць. Адзін з байцоў затрымаў на імгненне ў руцэ гранату, калі ўжо загарэўся запал. Гэтага было дастаткова, каб граната ўзарвалася ў патрэбным месцы. Варожы аўтаматчык замоўк, але па нашых баявых парадках адкрыла агонь нямецкая самаходная артылерыйская ўстаноўка “Фердынанд”. Ад камандзіра ўзвода лейтэнанта Галыгіна я атрымаў загад знішчыць устаноўку. Абходным шляхам, выкарыстоўваючы складкі мясцовасці і хмызнякі, байцы Церахаў, Акміеў, сяржант Ніканаў і я прабіраліся да варожай гарматы. Як толькі мы сталі выходзіць з хмызняку, нас, відаць, прыкмецілі фашысты. Я ішоў па неглыбокай канаве, паросшай і выгараўшай пад сонцам травой. Справа ад мяне – байцы. “Давай да мяне, хлопцы! Не ідзіце па адкрытай мясцовасці!” – толькі і паспеў крыкнуць я. Пачуўся шум набліжаючагася снарада. Імгненна падаю на дно канавы. Раздаўся выбух…

На фронце выпрацоўваецца чуццё, калі ведаеш па гуку, куды ляціць міна ці снарад, калі неабходна імгненна ўпасці на зямлю і, перачакаўшы выбух, рухацца далей.
З паўхвіліны чакаў я новых выбухаў, але іх не было. Прыўзняўся з канавы і глянуў на тое месца, дзе толькі што ішлі байцы. Акміева не было. Метраў за 10 ад мяне валяўся яго аўтамат. Насустрач ішоў сяржант Ніканаў. Непадалёку ад варонкі, што засталася ад выбуху снарада, ляжаў Церахаў. Ён ціха стагнаў. Дробныя асколкі ўпіліся яму ў ніжнюю частку жывата, твар і рукі. Трэба было тэрмінова ратаваць таварыша.

“Фердынанд” ужо не паліў па нашых пазіцыях. Як мне пазней расказаў старшына роты (не магу дакладна ўспомніць яго прозвішча, здаецца, Афанасьеў, быў ён родам з Ульянаўска), нямецкую самаходку знішчыла падаспеўшая на той момант наша буйнакаліберная самаходная артылерыйская гармата.

Перавязаўшы цяжкапараненага байца і змайстраваўшы з бярозавых калоў і плашч-палаткі насілкі, мы даставілі яго ў тыл. Старшына роты даў загад адправіць Церахава ў медсанбат. Аднак па дарозе ён памёр. Аб тым, як гэта было, я расказаў пасля бою яго дваюраднаму брату, які служыў у мінамётнай батарэі.

Між тым бой за вёску Ског працягваўся. Праз некалькі хвілін я зноў быў на перадавой. Убачыўшы мяне, камандзір роты старшы лейтэнант Заўражны паставіў мне, старшаму сяржанту Завалішыну задачу: “Кароткімі перабежкамі – да другой траншэі. Толькі асцярожна – б’е варожы снайпер. Дабяжыце да траншэі, кіньце ў яе гранаты. Пасля скачыце ў траншэю самі”. Так мы і зрабілі.

Аб снайперах камандзір роты папярэдзіў невыпадкова. Немцы шырока выкарыстоўвалі іх у абарончых баях. Ад кулі нямецкага снайпера загінуў наш камандзір роты, старшы лейтэнант Кулагін, у жніўні 1943 года. Было гэта на Цэнтральным фронце пад Ельняй, дзе мне прыйшлося прыняць баявое хрышчэнне.

Не выключэннем была абарона праціўніка і каля вёскі Ског. Па чарзе, кароткімі перабежкамі мы хутка дасягнулі другой лініі траншэі, кінулі па гранаце і, калі яны ўзарваліся, скокнулі туды самі. Па звілінах траншэі з аўтаматамі напагатове рухаемся далей. Вось і варожы бліндаж. Кідаем туды гранату. Ужо ў дзвярах старшы сяржант дае доўгую веерападобную чаргу. У бліндажы пуста. Ідзем далей. Зноў бліндаж.Такім жа прыёмам абясшкоджваем і гэты аб’ект. У глыбіні траншэі сутыкаемся з групай немцаў. Аўтаматная чарга – і каманда “Хэндэ хох!”. Разгубленыя тры нямецкія ваякі, пакідаўшы зброю, узнялі рукі. “Што будзем рабіць?” – запытаў мяне Завалішын. Расстрэльваць здаўшыхся ў палон не было сэнсу, да таго ж яны маглі спатрэбіцца камандаванню ў якасці “языка”. “Даставім на “КП”, – адказаў я. Калі мы вярнуліся на перадавую, апорны пункт быў ужо у руках нашых войск.

Раніцай 25 чэрвеня ўслед за перадавымі часцямі мы былі ў Багушэўску. Вораг яшчэ абстрэльваў яго з мінамётаў і гармат. На здзіўленне тут уцалела шмат дамоў, і нашы войскі захапілі вялікія трафеі.

На аператыўны прастор

Мы зноў на танках, трымаем шлях на Сянно, пераследуючы адступаючага ворага. Нас сустракалі мірныя жыхары, якія вярталіся да свайго жылля з лясоў, у асноўным жанчыны. Помніцца, на адным з прывалаў яшчэ не старая жанчына разам з дзецьмі прыпаднесла нам хлеб-соль. Яна са слязамі на вачах дзякавала воінаў за вызваленне. У сваю чаргу мы частавалі іх чым маглі.

У Сянно давялося гутарыць з партызанамі. Адзін з іх сказаў: “Ну, хлопцы, сёння можна спаць спакойна – вы нас вызвалілі і цяпер ахоўвайце. Канец лясному жыццю”. Партызаны расказалі, якую цяжкую барацьбу з ворагам давялося весці ім у гады акупацыі.

На наступны дзень дарога зноў клікала нас на захад. У разведку адправіліся тры нашы танкі з танкавым дэсантам на брані. У склад разведвальнай групы ўваходзіў і я. Не памятаю цяпер, як называлася тая вёска. Дарога да яе вяла праз сасновы бор. На шляху сустрэлі групу немцаў. Пасля перастрэлкі ўцалеў адзін з іх. Ён здаўся ў палон.

Імкліва ўварваліся ў вёску, спыніліся каля крайняй хаты. Гаспадыня паведаміла, што немцы выехалі адсюль хвілін дзесяць назад. Асноўнай калоне па рацыі паведамілі, што шлях свабодны.

Праз некалькі дзён мы былі ўжо на заходнім беразе Беразіны. На пераправе было шмат ваеннай тэхнікі. Разам з намі на той бераг ракі пераправілася пяхота і артылерысты. Немцы настолькі былі ашаломлены, што не рабілі асаблівых перашкод нашым войскам. У паветры панавала наша авіяцыя. Аднойчы на шашэйнай дарозе наш танк раптоўна спыніўся. Выйшаў са строю рухавік. Прыйшлося некалькі дзён прастаяць. Сваю часць дагналі ўжо на падыходзе да Вільнюса, які толькі што вызвалілі нашы войскі. Мы атрымалі каманду раскватэравацца і заняцца навядзеннем парадку ў горадзе.

153-я Смаленская асобная танкавая брыгада з гонарам выканала сваю місію ў шырокамаштабнай аперыці “Баграціён” па вызваленні Беларусі.

(Матэрыял і фота з архіву «Працы»)

Вам может быть интересно

Комментарии отключены