Успамінаюць удзельнікі аперацыі “Баграціён”: Іван Карпіцкі

Знаёмства з Беларуссю ў мяне адбылося ў самым пачатку вайны, калі ў цяжкія для Радзімы часіны часці Чырвонай Арміі з баямі адступалі з Заходняй граніцы ў глыб краіны. Давялося бачыць пакрытыя жахам і боллю твары маці і дзяцей, апусцелыя беларускія вёскі. І ніхто не ведаў, што толькі праз тры гады мы вернемся на гэтую зраненую і скалечаную зямлю.

У канцы мая 1944 года, пасля заканчэння школы малодшых камандзіраў, я быў назначаны наводчыкам супрацьтанкавай гарматы 105-га гвардзейскага знішчальнага супрацьтанкавага артылерыйскага палка РГК (рэзерв галоўнага камандавання) 49-й арміі. Прыбылі ў раён прарыву фронту. Яго лінія праходзіла па рацэ Проня правей горада Чаусы Магілёўскай вобласці. Давялося паспытаць і пера жыць шмат цяжкасцей.

Прыкладна за месяц да прарыву абароны нашы войскі пачалі
ўзмоцненую падрыхтоўку да аперацыі, атрымаўшай кодавую назву “Баграціён”. Перад нашай часцю стаяла задача ў патрэбны момант падавіць агнявыя кропкі праціўніка, якія нашы назіральнікі засеклі раней. Але галоўная мэта нашай артылерыі заключалася ў знішчэнні нямецкіх танкаў і самаходных гармат, якія прадстаўлялі самую вялікую небяспеку наступаючым часцям Чырвонай Арміі.

Трэцяя батарэя, дзе я служыў пад камандаваннем капітана Смірнова, займала левае крайняе становішча па фронце, бліжэй да
ўскраіны лесу. Агнявыя пазіцыі былі падрыхтаваны яшчэ раней, а баявая тэхніка дыслацыравалася ў трох-чатырох кіламетрах ад лініі фронту. Вораг разумеў, што савецкія войскі рашуча рухаюцца да наступлення і ўсялякімі сіламі імкнуўся перашкодзіць гэтаму. Таму падрыхтоўваць баявыя пазіцыі даводзілася пад няспынным артабстрэлам праціўніка.

І вось наступіў доўгачаканы час. 23 чэрвеня 1944 года часці Чырвонай Арміі пасля двухгадзіннай артылерыйскай падрыхтоўкі і бамбёжкі авіяцыі па ўсім фронце перайшлі ў рашучае наступленне. Вораг азвярэла супраціўляўся, але пад націскам нашых войск вымушаны быў адступаць. У ходзе наступлення нашай батарэі даводзілася весці баі з варожымі танкамі і самаходкамі, падаўляць артылерыйскія кропкі праціўніка. Помніцца бой паміж нашай артылерыяй і нямецкімі самаходнымі гарматамі, які разгарнуўся ў раёне Бялыніч, ля аўтастрады Магілёў – Мінск. З нашага разліку ў ім загінулі камандзір гарматы, зараджаючы і шафёр аўтамашыны. У выніку прамога пападання снарада “Фердынанда” мяне лёгка параніла ў плячо, але я працягваў з таварышамі весці наступленне на ворага.

3 ліпеня была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сталіца Беларусі – горад Мінск. Далейшы наш баявы шлях ляжаў на Стаўбцы, Навагрудак, Жалудок, Дзятлава, Шчучын, Скідзель, Гродна. Асабліва вялікія баі рагарнуліся ў Прынёманскім краі ў раёне Скідзеля. Вораг упарта супраціўляўся, кідаючы ў бой усё больш і больш танкаў. Яно і зразумела: хутка давядзецца пакінуць беларускую зямлю і ўцякаць за дзяржаўную граніцу СССР, адступаючы ў сваё логава. Гэты бой запомніўся да дробязей. Нашаму разліку давялося знішчыць нямецкі танк, узяць у палон двух танкістаў. Трапным агнём былі забіты некалькі дзясяткаў гітлераўцаў. За ўмелыя дзеянні ў баі я быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Вялікія баі вяліся і на подступах да горада Гродна, асабліва ў раёне цяперашняга чыгуначнага маста, дзе была наладжана пераправа цераз раку Нёман.

Вызваліўшы Бераставіцу, мы ўступілі на тэрыторыю Польшчы. У раёне гарадоў-крэпасцей Асавец, Ломжа, Астраленка ішлі жорсткія баі за кожную пядзю зямлі. Наш полк у ліку іншых часцей прымаў самы актыўны ўдзел у выкананні гэтых аперацый. Большасць нашых салдат і афіцэраў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. У ліку іх і я атрымаў ордэн Славы III ступені. У гэтых баях мяне цяжка параніла. Пасля вяртання са шпіталю зноў трапіў у артылерыйскі знішчальны супрацьтанкавы полк. Хутка наш 220-гвардзейскі ў ліку іншых часцей быў перададзены ў склад 48-й арміі 3-га Беларускага фронту, якім камандаваў генерал арміі Чарняхоўскі.

З вялікім уздымам рваліся нашы воіны ў фашысцкае логава. Баявы шлях ляжаў праз усю тэрыторыю Усходняй Прусіі. Давялося весці цяжкія баі за гарады Найдэнбург, Мюльхаўзен і іншыя. За ўмелую арганізацыю дзеянняў разліку пры наступленні на горад-крэпасць Браўнзберг камандванне зноў уручыла мне медаль “За адвагу”.

Давялося ўдзельнічаць ва ўзяцці горада Кёнігсберга, аплота фашызму – горада Берліна. За ўдзел у гэтых баях я ўдастоен ордэна Вялікай Айчыннай вайны II ступені і медаля “За баявыя заслугі”. Тут і сустрэў дзень Перамогі.

Вам может быть интересно

Комментарии отключены