Успамінаюць удзельнікі аперацыі «Баграціён»: Аляксандр Маркаў

Пасля разгрому нямецкіх войск у раёне Крупак мы накіраваліся да важнага стратэгічнага рубяжу – горада Барысава. Перад намі была пастаўлена задача: на рацэ Беразіне прарваць другі рубеж абароны праціўніка і фарсіраваць раку. За ёю ўзвышаўся вельмі спрыяльны для абароны правы бераг, на якім вораг спадзяваўся спыніць нашы войскі. На наступны дзень пры падтрымцы авіяцыі, якая бамбіла рэшткі 5-й танкавай дывізіі немцаў, танкісты 3-й гвардзейскай танкавай брыгады гналі ворага па шашы Мінск – Масква ў напрамку Барысава. Нашы танкі дасягнулі Беразіны так хутка, што да іх падыходу немцы нават не паспелі ўзарваць замініраваны бетонны мост праз раку.

30 чэрвеня 1944 года танкісты 3-й танкавай брыгады прарваліся па аўтамагістралі да маста на рацэ Сха, наперадзе быў мост праз
Беразіну. На вялікай хуткасці баявыя машыны 2-га батальёна рушылі да яго, але толькі адзін танк лейтэнанта П.Н. Рака змог прарвацца да Беразіны і пранёсся па мосце, які пасля гэтага адразу ж быў узарваны. 16 гадзін танкісты Рака вялі бой на вуліцах Барысава. Ворагі кінулі супраць аднаго танка некалькі самаходных гармат, танкаў. На наступны дзень танк быў падпалены, экіпаж загінуў.

1 ліпеня акупанты былі выгнаны з Барысава. Мы працягвалі наступаць. 3 жорсткімі баямі вызвалілі Смалявічы. За дзень 2 ліпеня мы прайшлі больш чым 60 кіламетраў і сваімі перадавымі часцямі 3-й гвардзейскай танкавай, 2-й гвардзейскай мотастралковай брыгад, 266-га мінамётнага палка, 10-га матацыклетнага батальёна завязалі бой за паўночна-ўсходнюю ўскраіну Мінска. Раніцай 3 ліпеня ўвайшлі ў Мінск, а галоўныя сілы нашай 5-й гвардзейскай танкавай арміі Ротмістрава, абышоўшы горад з поўначы, да канца дня перарэзалі праціўніку шляхі адыходу на Маладзечна. Да 15 гадзін дня 3 ліпеня Мінск быў поўнасцю вызвалены. Адзінаццаці часцям, у тым ліку і нашаму 226-му мінамётнаму палку, было прысвоена званне „Мінскіх”.

З раніцы 4 ліпеня мы рушылі далей – на Валожын, Ашмяны і Вільнюс. Добра запомніўся дзень, калі ў раёне вёсак Першамай, Доўбедзі фашысцкія аўтаматчыкі пачалі абстрэльваць нашы часці. Мяне выклікаў камандзір палка падпалкоўнік Казлоўскі і загадаў з асабовым саставам ачысціць вёску ад немцаў. У дапамогу выдзелілі два танкі. Загад быў выкананы паспяхова. 6 ліпеня Валожын быў вызвалены.

Удзельнікі гэтай аперыці былі ўдастоены высокіх узнагарод. Я быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Вам может быть интересно

Комментарии отключены