Урачыстасць Божага Цела святкуюць каталікі

На чацвер пасля нядзелі Найсвяцейшай Тройцы прыпадае ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.

У мінулыя гады па даўняй традыцыі на гэта свята ў зэльвенскай парафіі праходзіў фэст (працэсія), падчас якого ўслаўлялася Божае Цела. Сёлета з-за складаных эпідэміялагічных умоў прыхаджане не прайшліся, як звычайна па вуліцах пасёлка, а адразу сабраліся ў святыні. На чале са святаром яны ўшаноўвалі праўду веры – таямніцу бязмежнай любові Збаўцы, які на апошняй вячэры ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт, дзякуючы якому ў простых знаках хлеба і віна да кожнага веруючага чалавека прыходзіць Хрыстус. Радасць прысутнічала на імшы, бо Пан Бог застаўся паміж людзьмі і прысутнічае ў выглядзе святой Камуніі. Урачыстасць суправаджалася малітвамі і спевамі.

У звароце да каталікоў ксёндз Яцэк Маркель звярнуў увагу на два важныя моманты. Найсвяцейшая Марыя з’яўляецца аркай, каўчэгам, гэта азначае, што пад сваім сэрцам яна насіла Божае Слова, адвечнае Слова, якое стала Целам. І большасць з сабраных у касцёле прымае Езуса ў хлебе божым. Па-другое, сваю веру ў Найсвяцейшы Сакрамэнт мы павінны захоўваць, значэнне яе растлумачваць маладому пакаленню і тым, хто яшчэ не да канца разумее важнасць белай хостыі (аплатка) – прысутнасць Хрыста ў Камуніі. Урачыстае святкаванне Божага Цела яшчэ раз нагадвае праўду пра тое, што найпрыгажэйшае і найбольш годнае вызнанне Хрыста – гэта жывое сэрца чалавека, а самая прыгожая працэсія – гэта набліжэнне да Яго, гэта сустрэча са Збаўцам у святой Камуніі.

Кожны католік абавязаны раз на год, у велікодны перыяд, прымаць святую Камунію. У гэтым годзе тыя вернікі, якія з-за пандэміі не змаглі выканаць гэты абавязак, які накладае на іх касцёльны наказ, маюць магчымасць паспавядацца і прыняць Камунію да 15 жніўня.

Згодна з рашэннем Надзвычайнага пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, пасля імшы пробашч вынес Найсвяцейшую Эўхарыстыю з касцёла і паблагаславіў вернікаў на свежым паветры, на пляцоўцы каля святыні. Хрысціяне далі сведчанне сваёй веры і набожнасці ў адносінах да Найсвяцейшага Сакраманту.

Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Комментарии отключены