Удзельнікі клуба “Малюся Слову” услаўлялі творчасць пісьменнікаў-юбіляраў года

Удзельнікі клуба «Малюся Слову» традыцыйна звяртаюцца да творчасці пісьменнікаў-юбіляраў года. Іх творы гучаць у дзень роднай мовы, у Сусветны дзень паэзіі, для іх праводзяцца персанальныя пасяджэнні.

Снежаньская сустрэча была прысвечана ажно васьмі юбілярам. Рыхтаваліся да яе адказна: шукалі кнігі ў бібліятэцы, падключалі магчымасці інтэрнэта. Нярэдка знаходзілі пра знаёмых з дзяцінства творцаў шмат цікавага і інтрыгуючага і ахвотна дзяліліся гэтымі звесткамі з астатнімі членамі клуба «Малюся Слову». Пра аўтара знакамітых “Гранады” і “Кахоўкі” Міхаіла Святлова расказала Галіна Андрэева, пра не менш вядомага Яраслава Смелякова з яго “Если я заболею…” – Таццяна Мананнікава. Вобраз 100-гадовага юбіляра, удзельніка вайны, ардэнаносца, лаўрэата Літаратурнай і Дзяржаўнай прэмій, заўзятага аматара прыроды Кастуся Кірэенкі арыгінальна падала Алена Хадакоўская. Ураджэнка Віцебшчыны Галіна Рудая з вялікім хваляваннем расказвала пра памочніка П.М.Машэрава па справах літаратуры, таксама ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, чалавека незвычайнай дабрыні, свайго земляка Анатоля Вялюгіна. Пра 85-гадовых Яўгена Еўтушэнку і Андрэя Вазнясенскага падрыхтавалі цікавыя расказы Ала Бутакова, Ева Артурава і Ларыса Сталпец. Прычым Ларыса Аляксандраўна сканцэнтравала ўвагу прысутных на музычнай спадчыне Вазнясенскага і прапанавала паслухаць некалькі песень на словы паэта (у тым ліку і ўрыўкі з рок-оперы “Юнона і Авось”).

Пра аднаго з удзельнікаў зэльвенскіх Сакавін Казіміра Камейшу расказала кіраўнік клуба “Малюся Слову”, а пра таленавітую “птушку Палесся” – Яўгенію Янішчыц – Алена Еўдакімава.

Абмеркавалі план пасяджэнняў на 2019 год, які абяцае цікавыя сустрэчы з творчасцю Ф.Пятраркі, У.Шэкспіра, Р.Бёрнса, А.Пушкіна, Ю.Лермантава, а таксама мясцовых паэтаў.

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены