У Зэльвенскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне клуба «Лiра»

«Забыць мiнулае — значыць здрадзiць памяцi людзей, што загiнулi за шчасце Айчыны», — такiм быў лейтматыў лiпеньскага пасяджэння клуба «Лiра» пры раённай бiблiятэцы (кiраунik Наталля Цынс).

Асноўная тэма пасяджэння – песня і паэзія на вайне. “Мастацкія помнікі ваеннага часу – неацэнныя… Вось і песні той пары дзялілі разам з салдатамі ўсе беды і няшчасці, дапамагалі пераносіць голад і холад, выстаяць і перамагчы. Часта ў кішэнях загінуўшых салдат знаходзілі лісточкі з запісанымі на іх вершамі і песнямі, якія былі асабліва дарагія воінам,” – падкрэслілі вядучыя імпрэзы Наталля Цынс і Ева Артурава, пачынаючы размову.

У зборы матэрыялаў для мерапрыемства, акрамя бібліятэкараў Наталлі Цынс і Марыны Варабей, прымалі ўдзел актывісты Вера Тульвінская, Ева Артурава, Галіна Андрэева, Ванда Кавалевіч. Таму яно атрымалася надзвычай цікавым і змястоўным. Словы вядучых, як заўсёды, падмацоўваліся прэзентацыяй. Галоўны акцэнт вядучыя звярнулі на гісторыю песень, напісаных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ствараліся ж яны непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей: паэты, кампазітары і артысты часта разам з салдатамі адбівалі атакі ворага. Творчай інтэлігенцыі воіны давяралі.

Характэрна гісторыя песні “Случайный вальс”. Яе героі – лётчык лейтэнат Васільеў і дзяўчына Зіна з прыфрантавой паласы. Лётчык, які разам з сябрамі спыніўся на кароткі адпачынак у незнаёмай вёсцы, пачуў гукі гармоні з танцпляцоўкі. Расчулены мелодыяй, запрасіў на танец дзяўчыну, што стаяла непадалёку. Пазнаёміліся – і… разышліся, бо прывал у вайскоўцаў закончыўся. Чамусьці тое кароткае знаёмства жыло ў памяці лейтэнанта: хацелася даведацца адрас дзяўчыны, напісаць ёй. І калі спаткаўся з кампазітарам М.Фрадкіным, расказаў аб гэтым эпізодзе і папрасіў напісаць песню. Ён быў упэўнены, што Зіна абавязкова пачуе песню і здагадаецца, што яна – пра іх. Песня была створана, часта гучала па радыё. І, як і спадзяваўся лётчык, дзяўчына сапраўды пачула яе і ўсё зразумела. Яна напісала пісьмо кампазітару, папрасіла даслаць адрас лейтэнанта. Фрадкін зрабіў запыт у лётную часць.

На жаль, лётчыка ўжо не было ў жывых… Вось такіх кранальных гісторый было расказана некалькі: і пра “Вечер на рейде”, і пра славуты “Огонёк”, і пра “Журавли”… Калі размова зайшла пра партызанскія песні, Вера Тульвінская паведаміла пра лёс бацькі Міная – Міная Піліпавіча Шмырова. І хоць усе са школы знаёмы з трагічнай і гераічнай біяграфіяй славутага камандзіра віцебскіх партызан, слухалі з вялікай увагай. Для Веры Антонаўны Тульвінскай гэта не проста гісторыя аднаго з герояў мінулай вайны – гэта яшчэ і гісторыя яе бацькі. Справа ў тым, што ў маладосці ён змагаўся з ворагам якраз у брыгадзе Шмырова. У адным з баёў быў цяжка паранены. І калі б не дзейсны аэрадром, які доўгі час партызаны ўтрымлівалі ў тыле ворага, малады Антон Карчэўскі проста загінуў бы. Але, дастаўлены на Вялікую зямлю самалётам, застаўся жывы… Старшыня раённага савета ветэранаў С.У.Баган расказаў пра партызан Зэльвеншчыны. Нягледзячы на тое, што ў кнізе “Памяць” шмат старонак прысвечана вайне, і цяпер можна адшукаць нямала сведчанняў пра людзей, дастойных нашай памяці. Сяргей Уладзіміравіч звярнуў увагу на баявыя біяграфіі Б.А.Булата, М.А.Паніна, Р.Л.Кірылава, П.І.Булака і інш. “Барыс Адамавіч Булат – Герой Савецкага Саюза. І хоць атрымаў ён гэтае званне ўжо будучы камандзірам партызанскай брыгады ў Баранавіцкай вобласці, мы па праву можам ганарыцца ім, бо пачынаў ён барацьбу з ворагам менавіта на Зэльвеншчыне. Ён быў першым камандзірам першага атрада трапіўшых у акружэнне байцоў, што стаў касцяком у створанай потым партызанскай брыгадзе,”– з гонарам за слаўнага воіна гаварыў Баган. Барыс Адамавіч, між іншым, жыццём сваім быў абавязаны зэльвенскаму селяніну М.А.Утліку і яго дачцэ Веры.

Справа ў тым, што Булат, кадравы ваенны, у першыя дні вайны быў паранены, ляжаў у Дзярэчыне ў шпіталі, дзе яму па локаць ампутавалі правую руку. Фашысты наступалі так імкліва, што медыкі не паспелі эвакуіраваць параненых, і тыя трапілі ў палон. Разам з двума вайскоўцамі Булат уцёк з палону і знайшоў часовы прытулак у лесе. Зімой 1941/42-га ўцекачоў узялі пад сваю апеку Утлікі: лячылі, кармілі, абагравалі.

Чырвонаармейцы акрыялі за гэты час, а вясной арганізавалі свой атрад для барацьбы з ворагам. Да канца жыцця Барыс Адамавіч быў удзячны сваім выратавальнікам. Пасля вайны нават прыязджаў у Бердавічы (тады гэтая вёска належала да нашага раёна), каб падзякаваць добрым людзям: без іх самаахвярнай дапамогі наўрад ці змаглі бы выжыць. Такімі ж цікавымі аказаліся гісторыі пра больш вядомых зэльвенцам М.А.Паніна, Р.Л.Кірылава, П.І.Булака. “Звесткі пра зэльвенскіх партызан шукайце ў кнізе “З верай у перамогу” І.І.Падваркова.

Падваркоў сам змагаўся ў атрадзе “Перамога”, – парэкамендаваў прысутным С.У.Баган. Калі ў выкананні Веры Тульвінскай (акардэон) і Галіны Андрэевай (голас) загучала песня “Тучи в голубом”, удзячныя жанчыны – гонар выпаў Галіне Ляонік – запрасілі лідара ветэранаў на вальс. Мелодыя і словы песні вярталі прысутных у далёкія гады, калі былі жывымі іх бацькі – удзельнікі вялікай бітвы за вызваленне ад фашысцкай навалы. А пасляваенную “Солнечный круг” (ёю і завяршылі імпрэзу) спявала не толькі Ева Артурава – песню падхапілі ўсе! Акрамя песень на імпрэзе гучала нямала створанай у гады ліхалецця паэзіі. Дэкламавалі яе – выдатна дэкламавалі! – Ева Артурава і Ванда Кавалевіч.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены