У завочнае падарожжа па Радзіме адправіліся выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1

Дзяцінства – адказны этап у станаўленні асобы і фарміраванні яе маральнай сферы. Своечасова створанае педагагічнае асяроддзе спрыяе выхаванню ў дзяцей асноў патрыятызму і развіццю грамадзянскіх пачуццяў.

Каб расказаць дзецям пра гісторыю і традыцыі роднага краю, пазнаёміць з яго адметнасцямі, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1 г.п.Зэльва была арганізавана сюжэтна-ролевая гульня. З дапамогай мінітурагенства “Адпачывайка” выхаванцы адправіліся ў завочнае падарожжа па Радзіме.

Тураператары дапамаглі выбраць маршрут, купіць пуцёўкі, білеты на аўтобус.

У час падарожжа дзеці даведаліся шмат цікавага пра нашу краіну. Выхавальнік-экскурсавод распавяла ім пра колькасць абласцей і пра тое, адкуль пайшлі назвы абласных цэнтраў, што знакавае ёсць у кожным з рэгіёнаў. Успомнілі пра галоўныя сімвалы дзяржавы: герб, сцяг, гімн.

Затым з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі прайшла займальная экскурсія па гарадскім пасёлку Зэльва. Выхаванцам расказалі пра знакамітыя мясціны і землякоў, праславіўшых наш край. Напрыканцы дзяцей запрасілі ў кафэ, дзе пайшла гаворка пра хлеб і бульбу. Менавіта яны з даўніх часоў лічыліся галоўнымі на Беларусі. Выхаванцы з задавальненнем уключыліся ў гульню “Гатуем беларускія стравы”. З дапамогай картак шукалі прадукты, якія выкарыстоўваюцца ў час гатавання нацыянальных страў, такіх, як бульба, дранікі, пызы і інш.

Варта адзначыць, што дзіця з першых гадоў жыцця павінна сэрцам і душой палюбіць родны край, яго культуру і затым пастаянна адчуваць пачуццё нацыянальнага гонару. Гэтыя якасці мы і прывіваем сваім выхаванцам.

Святлана СКІБА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены