У Шчучыне прайшоў Дзень беларускага пісьменства

5da0c69ebf483a1093fc53e9e85473bd IMG_5749 ХХІІ Дзень беларускага пісьменства прайшоў у мінулыя выхадныя ў Шчучыне. Свята стала добрай традыцыяй у культурным жыцці Беларусі, яно ўжо каторы год адзначаецца на дзяржаўным узроўні ў розных гарадах нашай краіны. Дзень пісьменства – гэта выдатная пляцоўка для сустрэчы ўсіх тых, хто працуе з мастацкім і публіцыстычным словам (літаратараў, журналістаў, выдаўцоў) і іх чытачоў. А яшчэ гэта заўсёды вялікі падарунак для таго месца, дзе свята праходзіць, і яго жыхароў. Таму што ў рамках падрыхтоўкі да мерапрыемства горад раённага маштабу, дзякуючы сумесным намаганням многіх людзей, мяняецца да непазнавальнасці і становіцца сапраўднай літаратурнай сталіцай. Так было заўсёды. Так было і на гэты раз у Шчучыне. Святочная праграма Дня беларускага пісьменства была вельмі насычанай. Распачаўся дзень з адкрыцця адноўленага палаца Друцкіх-Любецкіх, рэстаўрацыя якога завяршылася напярэдадні свята. Высокіх гасцей і гараджан пад гукі інструментальнай музыкі выйшлі сустракаць …самі князі Друцкія-Любецкія. Тэатралізаваная цырымонія прайшла на адным дыханні. Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, на Гродзеншчыне многа знакавых месцаў, якія звязаны з лёсам знакамітых дзеячаў, і адно з іх – гэты палац. Цяпер тут будзе працаваць цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі, краязнаўчы музей, канферэнц-зала для культурных і дзелавых сустрэч. Віктар Андрэевіч падкрэсліў, што гэты палац будзе выкарыстоўвацца для развіцця творчых здольнасцяў дзяцей і моладзі. Ён лічыць, што створаныя ўмовы дапамогуць выхаваць новыя таленты, якія праславяць Гродзеншчыну. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прысутнічалі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі, міністры інфармацыі, адукацыі, культуры Лілія Ананіч, Міхаіл Жураўкоў, Барыс Святлоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, госці свята. Сярод іх – і дэлегацыя Зэльвеншчыны ў складзе старшыні райвыканкама Яна Пальчыса, старшыні раённага Савета дэпутатаў Канстанціна Бердніковіча, намесніка старшыні райвыканкама Валянціна Семянякі. Пасля экскурсіі па залах адноўленага палаца ганаровыя госці і гараджане шэсцем накіраваліся да галоўнай святочнай пляцоўкі. Тут адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства. Намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы, адкрываючы Дзень беларускага пісьменства, выразіў меркаванне аб тым, што гэта свята ўзбагачае нашу нацыянальную культуру. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, вітаючы прысутных, адзначыў, што для вобласці асаблівы гонар прымаць Дзень беларускага пісьменства. “Гродзеншчына па праву гэта заслугоўвае. Гэта край моцных культурных традыцый,” – сказаў старшыня аблвыканкама. Уладзімір Краўцоў падкрэсліў значнасць свята для захавання гістарычнай памяці і духоўнага развіцця краіны, пажадаў, каб “роднае слова было жаданым у кожнай беларускай сям’і. DSCF2403 У час цырымоніі адкрыцця адбылася мастацка-тэатральная дзея «Квітней, Беларусь наша родная». Са сцэны гучалі беларускія песні, вершы, акцёры разыгрывалі тэматычныя сцэны, гледачы ўбачылі нацыянальныя танцы ў выкананні лепшых калектываў краіны, пачулі выступленні хора імя Цітовіча, маладых выканаўцаў. Таксама ў гэтым годзе былі названы лаўрэаты першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Яе ўладальнікамі сталі 6 аўтараў. Дзень беларускага пісьменства – гэта цудоўная магчымасць для правядзення сустрэч, асабістага знаёмства і абмену думкамі і меркаваннямі аўтараў, выдаўцоў і чытачоў. Таму яшчэ адна значная святочная пляцоўка на Дні пісьменства – фестываль кнігі і прэсы. Тэматычныя кніжныя выставы “Да 500-годдзя кнігадрукавання” і “Уладзіміру Караткевічу – 85!”, экспазіцыя кніг – пераможцаў Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”, сучасная беларуская кніга – на свяце былі выданні на любы густ. У павільёнах з друкаванай прадукцыяй можна было пагартаць і набыць фотаальбомы, кулінарныя кнігі, творы класікаў беларускай літаратуры, сучасных аўтараў, кнігі для дзяцей, падручнікі… Усеагульную ўвагу прыцягнуў фотаальбом «Беларусь замкавая», які з’яўляецца пераможцам Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”. Выданне раскрывае вялікую замкавую гісторыю Беларусі. Аўтары праекта прадставілі замкі ў выглядзе трох паясоў. Залаты пояс – гэта замкі, якія па сваёй захаванасці сёння з’яўляюцца дзеючымі аб’ектамі. У гэты раздзел, дарэчы, уключана наша Сынкавіцкая царква, якая паказана на фотаздымках з розных ракурсаў. Замкі ў руінах (іх 8) – гэта сярэбраны пояс. І крынічны пояс – гэта замкі, якія бачны або з птушынага палёту, ці толькі з космасу. Трэба сказаць, што “Беларусь замкавая” – важкае выданне як у прамым, так і пераносным сэнсе: кніга важыць амаль 5 кг, а шырыня некаторых старонак дасягае 1,20 метра. IMG_5901 IMG_5902 Павільён БелТА хоць і не кніжны, але наведвальнікаў тут было таксама вельмі многа: іх зацікаваіла фотавыстава “Беларусь суверэнная”. Праект уключае 50 фотаздымкаў (25 чорна-белых і 25 каляровых), якія на кантрасце ілюструюць змены, што адбыліся ў Беларусі за апошнія 20 гадоў. Супастаўляючы старыя і новыя здымкі, наведвальнікі маглі ўбачыць, якое развіццё атрымалі прамысловасць і сельская гаспадарка, транспарт, навука, медыцына, Узброеныя Сілы. Як адзначыў Віктар Лісковіч, намеснік старшыні аблвыканкама, пазнаёміцца з выставай карысна ўсім. Людзям старэйшага пакалення ўласціва забывацца, што было, і ўспрымаць дасягненні як належнае, не задумваючыся, як краіна да іх ішла. Для моладзі – гэта моцны выхаваўчы момант. Прыемна, што выстава сведчыць: за гэтыя гады Беларусь дасягнула таго, што яна мае, выключна мірным шляхам. Канвой праз усе святочныя мерапрыемствы Дня пісьменства праходзіла тэма 70-годдзя Вялікай Перамогі. Ёй былі прысвечаны выставы плакатаў, стэндавая выстава фотапрынтаў савецкіх газет часоў Вялікай Айчыннай вайны, выставачныя праекты, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў гады вайны. На святочных пляцоўках можна было пачуць песні пра вайну, на кніжных выставах набыць кнігі ваеннай тэматыкі. Рэспубліканскія і рэгіянальныя друкаваныя СМІ дэманстравалі на Дні пісьменства свае здабыткі на ніве друку, прапагандавалі свае выданні. Наведвальнікі павільёна “СМІ Гродзеншчыны” мелі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй перыядычных выданняў нашай вобласці, узяць свежы нумар газеты, атрымаць сувенір, задаць пытанні журналістам. А яшчэ – пагартаць падшыўкі газет 1949–50-х гадоў, сфатаграфавацца на памяць з князёўнай і нават пачаставацца тортам, аформленым у выглядзе газетнай старонкі – наша зэльвенская салодкая “Праца” прыйшлася даспадобы ўсім, хто яе паспрабаваў. IMG_5877 IMG_5788 Святчныя мерапрыемствы праходзілі і на шматлікіх іншых фестывальных пляцоўках. Удзел у свяце прымалі і зэльвенцы. Так, у горадзе майстроў выставу-продаж сваіх работ арганізавалі супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў. Набыць сувеніры, гліняны посуд, паспрабаваць свае сілы ў ганчарстве можна было ў рамесніка Сяргея Худзяева. Фестываль “Ганненскі кірмаш” вядомы ва ўсёй нашай вобласці, таму інтарэс да прэзентацыі зэльвенскага мерапрыемства, якое праводзілі работнікі ўстаноў культуры раёна, быў высокі. Турыстычны патэнцыял Зэльвеншчыны прадставілі на Дні пісьменства работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Тут можна было даведацца пра славутасці нашага раёна, аграсядзібы, умовы для адпачынку – зэльвенцы распрацавалі вельмі змястоўныя буклеты, раздатачныя матэрыялы, а таксама інфармацыйны стэнд у выглядзе карты Зэльвеншчыны, на якім адзначаны асноўныя турыстычныя аб’екты. Раённы філіял аблспажыўтварыства арганізаваў на час правядзення свята выязны гандаль, работу кафэ “Ганненскі падворак”. Арыгінальнае афармленне гандлёвых месцаў, шырокі выбар прадукцыі ўласнай вытворчасці, ветлівае абслугоўванне пакупнікоў прываблівалі многіх шчучынцаў і гасцей свята. Не забыліся арганізатары Дня пісьменства і пра Год моладзі ў Беларусі. На маладзёжнай пляцоўцы прайшло многа акцый. А яшчэ тут можна было ўбачыць “жывых” літаратурных класікаў. У рамках пректа “Жывая гісторыя” “ажылі” Францыск Скарына і Мікола Гусоўскі, Мялецій Сматрыцкі, Эліза Ажэшка, Цётка, Францішак Багушэвіч. Шчучын завяршыў святкаванне Дня беларускага піьсменства вялікім гала-канцэртам з удзелам вядучых эстрадных калектываў і выканаўцаў Беларусі. Выступаючы на цырымоніі закрыцця свята міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч адзначыла: «Гэты дзень стаў рэспубліканскім святам дзякуючы палітыцы нашай дзяржавы, якая накіравана на захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны, на развіццё грамадства, на мірнае развіццё ў згодзе з суседнімі дзяржавамі і народамі,” – сказала Лілія Ананіч. Міністр інфармацыі падкрэсліла значнасць таго, што цэлы дзень у Шчучыне гучала беларуская мова. «Беларуская мова гучала і гучыць у нашых гарадах, гэта значыць, сёння мы зрабілі яшчэ адзін важны крок, каб не забыліся “матчынай мовы”. Міністр падкрэсліла, што вельмі важна, што свята працягне сваё падарожжа па гарадах Беларусі, гэта значыць, што традыцыя святкавання будзе працягнута. Затым ва ўрачыстай абстаноўцы адбылася цырымонія перадачы эстафеты свята –літаратурнай сталіцай і месцам правядзення Дня беларускага пісьменства ў 2016 годзе стане горад Рагачоў Гомельскай вобласці. Святлана ЯРМАЛАВІЧАНЕ.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.