У раённай бібліятэцы адбылося сумеснае пасяджэнне двух літаратурных клубаў

Да 75-гадовага юбілею Яўгеніі Янішчыц у раённай бібліятэцы адбылося сумеснае пасяджэнне двух літаратурных клубаў – “Ліра” (раённая бібліятэка) і “Малюся Слову” (дзённае аддзяленне ЦСАН). Да старэйшых кнігалюбаў далучыліся і адзінаццацікласнікі гімназіі №1.

“Палесся мілае дзіця” (так назваў Яўгенію Ніл Гілевіч) нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна. Талент Жэні праявіўся вельмі рана. Як лічыла яна сама, гэта перадалося ёй ад дзядулі, які гаварыў вершамі. Калі Жэня даслала свае творы на радыё, на адрас перадачы для старшакласнікаў, там не паверылі, што іх напісала дзяўчынка са звычайнай сельскай школы. А калі зразумелі, што гэта не плагіят, аддалі творы ў часопіс “Бярозка” і газету “ЛіМ”.

Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі з захапленнем чыталі адзін аднаму верш за вершам з вучнёўскага сшытка дзяўчынкі, “смакуючы” кожны радок. І першую ацэнку прафесіянала Жэня прачытала перад падборкай сваіх вершаў у “ЛіМе”. А маладым пісьменнікам захацелася не проста пачуць, а пабачыць узыходзячую зорку. Так у Велясніцу (сюды перасяліліся бацькі Жэні з Рудкі) наведаліся Анатоль Сербантовіч, Еўдакія Лось, Сяргей Панізнік.Так што да моманту паступлення дзяўчыны на філалагічнае аддзяленне БДУ ў 1966 годзе імя Яўгеніі Янішчыц было добра знаёма аматарам мастацкага слова.

Вучылася Яўгенія з тымі, хто потым стаў гонарам беларускай літаратуры. Сярод іх – Алесь Разанаў, Рыгор Семашкевіч, Вольга Іпатава, Алена Руцкая, Юрка Голуб. І гэта не дзіўна: іх талент аграньваў сам прафесар Алег Антонавіч Лойка, які кіраваў студэнцкім літаратурным аб’яднаннем.

Яшчэ ў пару студэнцтва выходзіць першы паэтычны зборнік Янішчыц – “Снежныя грамніцы”. Праўда, сама паэтка хацела назваць кнігу “Непрыручаная птушка”, бо яна і адчувала сябе, і была менавіта такой: яркай, узнёслай, чыстай, крылатай, вольнай.

Яўгенію прымаюць у сям’ю Саюза пісьменнікаў, ёй прадказваюць вялікую будучыню. І сапраўды, піша яна вельмі многа і плённа. За другі зборнік паэзіі “Дзень вечаровы”, які выйшаў у 1974 годзе, паэтэса атрымлівае прэмію імя Ленінскага камсамола Беларусі. Светла і радасна на душы ў Янішчыц.

На жаль, радасці ў асабістым жыцці паэтэсы было няшмат. Пасля аўтамабільнай катастрофы ў 1976 годзе ратавала яе хіба што любоў маленькага сына да матулі. А паэзія?

Над смутным днём, раптоўнай

                              катастрофай

Маіх празрыстых вобразаў

                                           і сноў,

Паўстану я,

                пакуль дыктуе строфы

Маё жыццё нанова мне ізноў.

I, можа быць, зусім невыпадкова

Паўстану я ў святле

                            нязменных мар

Дзяўчынкай той,

                           якой вядома слова

I невядомы ўвесь яго цяжар.

(“Над смутным днём…”)

…Пры жыцці паэткі (а пражыла яна да крыўднага мала – толькі 40 гадоў) выйшла шэсць кніг. Зараз сябры яе падрыхтавалі збор твораў у 4-х тамах, і там змешчана амаль палова твораў, якія пры жыцці Янішчыц не публікаваліся.

Удзельнікі імпрэзы стараліся выканаць самыя лепшыя вершы паэтэсы, самыя любімыя імі. Не абыходзілася і без каментарыя, бо што тут дзіўнага: шмат удзельнікаў літаратурных клубаў – былыя настаўнікі. Таццяна Мананнікава, напрыклад, пасля верша “Паэтэса” заўважыла, звяртаючыся да гімназістаў: “Калі хто з вас мае дар слова, ведайце, што лёгкага шляху не будзе”. Зінаіда Пазняк пасля прачытанага ёю верша “Не зараслі быллём гадоў паляны” як бы ўдакладніла думку папярэдніцы: “Калі тварыць, то так, як Паганіні – умець іграць і на адной струне!” (Няхай даруюць мне іншыя старэйшыя дэкламатары, што не называю іх імён: вершы Янішчыц  чыталі практычна ўсе ўдзельнікі клубаў).

Вельмі цудоўны сюрпрыз для ўдзельнікаў імпрэзы падрыхтавалі гімназісты Ганна Серык і Міхаіл Лятун: з вершаў Сяргея Панізніка, мужа Янішчыц, і яе самой склалі “Дыялог любові”.

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Там заблудзімся ў хмельных

                                      травах.

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая простая ява.

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Сто дарог за маімі плячыма.

Пачынаецца ўсё з любві.

А інакш і жыць немагчыма.

(“Ты пакліч мяне. Пазаві”)

Матуля нярэдка гаварыла дачцэ, бачачы, як пакутуе тая начамі над словам: “Лепш бы засталася ў вёсцы, чым так мучыць сябе. Халера пабрала б гэтыя вершы, без іх мо была б у жыцці шчаслівей”. А дачка адказвала, вядома, вершам:

Не назавём – само не назавецца

Ні азярцо, ні твар, ані – вякі.

…Ці знаеш ты,

            як рыфма цяжка тчэцца,

Як рвецца песня – часта! –

                                на шматкі?

Калі рыпяць з духмяным

                                   сенам санкі

А ці вясну гукае журавель –

Я думаю: якой была б сялянкай

I падала б спакойна у пасцель!

Вось на парог радзімы

                               павярнуся:

Шчыруе мама. Бульбачка кіпіць.

Ды ведаю – на песні захліпнуся.

I знаю: долі мне не абхітрыць.

У вянок памяці Яўгеніі Янішчыц складзена ўжо больш за сотню вершаў. І лік іх, упэўнена, будзе расці, як і лік таленавітых сыноў і дачок нашай
Айчыны.

Яніна ШМАТКО


Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке

Вам может быть интересно

Комментарии отключены