У рамках фестывалю “Усе народы ў госці да нас” князеўскія вучні распавялі пра нацыянальныя асаблівасці славянскіх народаў

На базе Князеўскай сярэдняй школы рэалізуецца шэраг інавацыйных праектаў. У бягучым навучальным годзе і педагогі, і дзеці, і бацькі задзейнічаны ў праекце, мэтай якога з’яўляецца фарміраванне ў вучняў свядомага разумення сваёй нацыянальнай прыналежнасці.

На тэрыторыі Крамяніцкага сельсавета пражываюць людзі розных нацыянальнасцей і канфесій. Жывыя зносіны даюць дзецям большыя магчымасці для авалодвання ведамі аб асаблівасцях сваёй і іншых нацыянальнасцей. У сем’ях культывуецца цікавасць да рускай, польскай, украінскай моў і культур. Пагэтаму правядзенне ў школе фестывалю “Усе народы ў госці да нас” было ўспрынята аднагалосна. Мерапрыемства вызначалася маштабнасцю і масавасцю.

У перыяд яго падрыхтоўкі вучні разам з настаўнікамі паглыбіліся ў гісторыю кожнага народа, вызначылі культурныя адметнасці кожнай нацыі. На ўроках мастацтва пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Шмыгінай дзеці малявалі нацыянальныя касцюмы. Дадатковыя веды аб беларусах, паляках, рускіх і ўкраінцах атрымлівалі на ўроках беларускай і рускай моў, гісторыі Беларусі. Дапаўнялі адзін аднаго інфармацыяй, якую атрымлівалі дома ад бацькоў.

Настаў дзень фестывалю. У зале загучала беларуская музыка, якая абвяшчала, што ў госці ўсіх запрашаюць беларусы. Вучні малодшых класаў разам з настаўнікамі і бацькамі абсталявалі міні-хатку: прынеслі з дому рознакаляровыя дываны, вышываныя ручнікі, заслалі саматканы палавік, на стале паставілі гліняны посуд. Да іх на свята «прыляцеў» сімвал Беларусі – бусел. Дзяўчынкі ўбраліся ў адзенне з элементамі беларускага арнаменту. Дзеці чыталі вершы на беларускай мове і спявалі народныя песні.

На змену беларусам прыйшлі палякі. Польскую мову нашы вучні чуюць пастаянна ў час богаслужэнняў, калі наведваюць касцёл Божага Цела ў в. Крамяніца, займаюцца дадатковым яе вывучэннем, прымаюць гасцей з Польшчы ў сценах школы. У красавіку бягучага года на раённым і абласным этапах навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі “Край Гарадзенскі” работа вучаніцы Марыі-Малгажаты Лудзіч заняла першае месца. У дзень фестывалю вучні 5-7 класаў і іх класныя кіраўнікі Антаніна Скуба і Людміла Кузьміч прапанавалі прысутным адгадаць загадкі на польскай мове.

Вучні 8-9 класаў з уласцівым для рускіх размахам расказалі пра адметнасці гэтай нацыі. Яны зазірнулі ў гісторыю фарміравання народнасці, засяродзілі ўвагу на асаблівасцях традыцыйнага рускага касцюма. Затым не толькі назвалі і прадэманстравалі традыцыйныя стравы рускай кухні, але і запрасілі гасцей імі пачаставацца. Завяршылася прэзентацыя народа гульнёй, якой бавілі раней вольны час хлопцы і дзяўчаты.

Хлебам-соллю, песнямі сустракалі гасцей украінцы, якіх прадстаўлялі вучні 10 і 11 класаў. Дзяўчынкі – у прыгожых галаўных уборах і каляровых спаднічках, хлопцы – у шараварах. Яны расказалі аб дзяржаўных сімвалах, краінах, з якімі мяжуе Украіна. Безумоўна, гучала і ўкраінская мова. Вучань 11 класа Валодзя Ягораў, які з бацькамі некалькі гадоў таму пераехаў у Беларусь, прачытаў верш аб традыцыйных для ўкраінцаў стравах на мове, якую чуў з дзяцінства. А потым у выкананні ўдзельнікаў фестывалю эмацыянальна прагучала песня “Ты ж міне підманула”, якую падхапілі і госці.

Завяршыўся фестываль дабрачынным кірмашом, у час якога можна было купіць і паспрабаваць традыцыйныя стравы розных народаў.

Вам может быть интересно

Комментарии отключены