У працоўнай кніжцы Івана Насуты – гісторыя раёна

Па працоўнай кніжцы І.Ф. Насуты можна вывучаць шэраг рэарганізацыйных змяненняў на Зэльвеншчыне. Іван Фаміч быў не проста сведкам пераўтварэнняў – іх актыўным удзельнікам.

Як машынна-трактарны парк паўплываў на лёс маладога чалавека

Да тэхнікі (малаколькасных у той час машын і трактараў) падлетка Івана неадольна цягнула са школьнай пары. Ды так, што нават не пагадзіўся з довадамі бацькоў, якія марылі аб навучанні сына ў сярэдняй школе. Пасля заканчэння базавай паехаў вучыцца ў мураванскую школу механізацыі сельскай гаспадаркі, што была створана ў 1950 годзе па Пастанове Савета Міністраў БССР спецыяльна для забяспячэння кадрамі машынна-трактарных станцый (МТС). Там рыхтавалі не толькі тэарытычна, але і практычна: школа мела больш за 100 га зямлі для вучэбна-доследнай работы. Так што ў Зэльвенскую МТС вясной 1954 г. прыехаў добра падрыхтаваны спецыяліст.

Накіроўвалі хлопца ў розныя калгасы раёна. Мог вясной узараць і засеяць поле ў адным, а пра плён працы не ведаць, бо восенню рыхтаваў поле пад азімыя ў іншым. Вопытныя старшыні гаспадарак стараліся дамовіцца з кіраўніцтвам МТС аб замацаванні ў сваіх калгасах дбайных трактарыстаў. Таму Іван, ужо брыгадзір трактарнай брыгады, неўзабаве стаў працаваць на адным месцы – у “Дружбе”. У 1958 годзе МТС рэарганізавалі ў РТС (рамонтна-трактарныя станцыі), і калгасам дазволілі выкупляць тэхніку. Старшыня “Дружбы” І.С. Стральчонак выкупіў некалькі трактараў, а Насуту прызначыў брыгадзірам трактарнай брыгады. Малады спецыяліст час дарэмна не траціў. Паколькі жыў з сям’ёй у Крамяніцы, з’явілася магчымасць прадоўжыць адукацыю ў сярэдняй школе на вячэрнім аддзяленні. Атрымаўшы атэстат, паступіў на завочнае аддзяленне Жыровіцкага тэхнікума.

У гэты час, як і паўсюль у рэспубліцы, на базе РТС было створана раённае аб’яднанне “Сельгастэхніка”. Івана Фаміча клікалі туды, дзе ён пачынаў працоўную біяграфію. А ён марудзіў, нават зіму 62-63-х гг. крыху папрацаваў у суседнім з “Дружбай” калгасе “Прагрэс” (там аграномам была жонка). Вясной Іван Фаміч даў згоду на пасаду майстра-наладчыка “Сельгастэхнікі”, хутка быў пераведзены на пасаду інжынера па гаспадарчаму абслугоўванню.

Напэўна, калі б не эксперыменты з рэарганізацыяй кіравання сельскай гаспадаркай, прафесійны рост Насуты працягваўся б і далей у “Сельгастэхніцы”. Але ў 1962 годзе было створана Ваўкавыскае тэрытарыяльнае вытворчае калгасна-саўгаснае ўпраўленне, якое павінна было абслугоўваць Ваўкавыскі, Мастоўскі і Зэльвенскі раёны. Студэнта-завочніка Гродзенскага сельгасінстытута накіравалі спачатку ў Ваўкавыскі, а потым у Мастоўскі РК КПБ інструктарам аргаддзела. На шчасце, “высылка” доўжылася крыху болей за год, і летам 65-га Іван Фаміч быў вернуты ў сваю родную “Сельгастэхніку”. Быў майстрам па абменнаму фонду, інжынерам-дэфектоўшчыкам, майстрам па рамонту; з верасня 66-га па люты 68-га – намеснікам упраўляючага па гандлі. Клопату – хоць адбаўляй. Пастаянныя камандзіроўкі ў пошуках партнёраў па выпуску запчастак і тых, каму была патрэбна прадукцыя Зэльвенскай сельгастэхнікі.

Прадпрыемства мела некалькі цэхаў, забяспечваць усіх матэрыяламі было нялёгка. Але Іван Фаміч спраўляўся. Упраўляючы ўжо хацеў зрабіць яго сваім галоўным намеснікам, ды райком партыі рыхтаваў Насуце іншы лёс.

Якім быў “Шлях да камунізма”?

23 лютага 1968 года Івана Фаміча віншавалі не толькі з Днём Савецкай Арміі, але і з першым крокам на “Шляху да камунізма”. Так называўся калгас, які даверылі ўзначаліць Насуце. Высокімі паказчыкамі калгас не славіўся, праца там лёгкай быць не абяцала.

У калгас, акрамя Зэльвы, уваходзілі і бліжэйшыя вёскі: Бярэжкі, Збляны, Лаўрыновічы, Горна і Холстава. Іван Фаміч пачаў са знаёмства з людзьмі: наведаў усе вытворчыя ўчасткі і фермы, зернесховішча, машынны двор. На агульным сходзе калгаснікаў прапанаваў абмеркаваць першачарговыя задачы: пабудаваць новае зернесховішча і механізаваць старыя фермы, абнавіць дойны статак, узвесці будынак праўлення… Планаў у новага старшыні было многа. І людзі зразумелі: прыйшоў удумлівы гаспадар, які выведзе калгас на дастойны ўзровень.

Крок за крокам разам пера-адольвалі ўсе цяжкасці. У перадавых гаспадарках Маскоўскай вобласці закупілі племянных цялушак чорна-пярэстай пароды, што дазволіла абнавіць статак і павысіць удой. Механізавалі шэраг працаёмкіх работ на фермах: устанавілі аўтапаілкі, праклалі транспарцёры па выдаленні гною, устанавілі навейшыя халадзільнікі. Для захоўвання фуражу будавалі асобныя свірны, уцяплялі кароўнікі і свінарнікі. Пачалі будаваць новыя памяшканні: кароўнік на 200 галоў, сховішча для караняплодаў, зернесклад на 500 тон збожжа, майстэрню.

Не забываліся пра надзённыя патрэбы людзей: будавалі лазні, дзіцячыя сады, магазіны, дамы для спецыялістаў і калгаснікаў, дом культуры ў Холставе. Рос будынак праўлення: назваць хібару, у якой да Насуты працавалі спецыялісты калгаса, канторай было б перабольшваннем. “Сорамна тут быць”, – казаў Іван Фаміч. І знайшоў сваіх будаўнікоў, наняў прафесіяналаў. Неўзабаве пераехалі ў новы будынак, які і сёння ўпрыгожвае вуліцу Пушніка, верна служыць шмат гадоў ваеннаму камісарыяту.

Важнай падзеяй стала адкрыццё помніка загінуўшым на вайне горненцам. Ці трэба казаць, што без старанняў старшыні гэта наўрад ці было б магчымым?! Лепшых працаўнікоў Іван Фаміч ніколі не абдзяляў увагай. Увялі званне “Заслужаны калгаснік”, па магчымасці – прэміравалі. Загадчыка ўчастка У.І. Дунецкага і звеннявую Л.П. Малчун дэлегіравалі на III Рэспубліканскі з’езд калгаснікаў. У 1973 г. некалькі
калгаснікаў і сам старшыня атрымалі высокія ўзнагароды: В.М. Макараў – ордэн Працоўнага. Чырвонага Сцяга, І.Ф. Насута, А.І. Кашчыц, М.І. Іванова, Н.А. Сачок, У.П. Равінскі – ордэн “Знак Пашаны”, А.П. Войтка – медаль “За працоўную доблесць”.

Вясной 1977 года землі калгаса “Шлях да камунізма” раздзялілі паміж каралінцамі і калгасам імя Леніна.

Іван Насута (стаіць першы злева) разам з кіраўнікамі раёна

Зігзагі лёсу зноў вялі ў “Сельгастэхніку”.

На гэты раз па праву лёс прывёў Івана Фаміча на пасаду намесніка ўпраўляючага “Сельгастэхнікі”. У 1977 годзе гэта было раённае аб’яднанне, а ў 78-м – абласное вытворчае аб’яднанне па тэхнічнаму забеспячэнню сельскай гаспадаркі. Амаль 10-гадовае знаходжанне на кіруючай пасадзе ў калгасе падказвала Івану Фамічу шэраг праблем, якія можна было вырашаць сумесна з “Сельгастэхнікай”. Ён арганізаваў вучобу кадраў, дзе выкладаў сам разам са спецыялістамі іншых арганізацый. Напрыклад, часта задзейнічаў П.С. Лятуна, пра што з удзячнасцю ўспамінае былы кіраўнік аўтакалоны і сёння.

Не без дапамогі Насуты як вопытнага арганізатара будаўнічых работ у сельгастэхніцы ў 70-я гады ўводзіцца ў эксплуатацыю новая кацельня, станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, сталовая, інтэрнат.
Шмат праблем трэба было вырашаць у сувязі са стварэннем у 79-м на базе Бародзіцкага спецыялізаванага аддзялення ААТ “Зельвенская сельгасхімія” (аддзяленне ўваходзіла ў структуру выворчага аб’яднання).

Гаспадар селькамунгаса

У 1981 годзе было створана міжгаспадарчае аб’яднанне па камунальнаму абслугоўванню сельскага насельніцтва (селькамунгас). Івана Фаміча ў ліпені таго ж года назначылі старшынёй аб’яднання. Вопытны кіраўнік пачаў актыўную работу па стварэнні матэрыяльнай базы новага структурнага ўтварэння. Пабудавалі адміністрацыйны будынак, пілараму, некалькі цэхаў: сталярны, кавальна-зварачны, жалезабетонных вырабаў.

Незадоўга да стварэння аб’яднання ў Зэльву прыйшоў прыродны газ; Іван Фаміч шмат намаганняў прыклаў для падключэння сваіх цэхаў да адной з нітак газаправода, што быў пракладзены праз Зэльвенскае вадасховішча. Не раз ездзіў у Мінск, даказваў узаемную выгаду ад такой аперацыі: яго арганізацыя знаходзілася зусім побач з возерам, падключэнне не прынясло б вялікіх затрат і хутка акупілася б.

Настырнасць Насуты памагла, і селькамунгас адным з першых у Зэльве стаў працаваць на прыродным газе.

Як чалавек гаспадарлівы, прадпрымальны, Іван Фаміч выкарыстоўваў усе магчымасці, каб яго прадпрыемства працавала з прыбыткам. Ён вывучаў попыт вяскоўцаў на вырабы, якія планаваў выпускаць у сваіх цэхах. Выраблялі вагонку, дошкі для падлогі, тратуарную плітку, блокі, слупы і г.д. Былі створаны брыгады, якія займаліся добраўпарадкаваннем вёсак.Пабудаваў Насута 2 цяпліцы, у якіх раслі і прыносілі прыбытак капуста, агуркі, памідоры, цыбуля.

Працавала мясцовая майстэрня, дзе выконваліся заказы многіх сельскіх арганізацый на афармленне Дошак гонару, стэндаў для клубаў і бібліятэк. Калі ў Зэльве закрылі друкарню, непатрэбнае рэдакцыі абсталяванне набыў Фаміч – для гаспадарчых патрэб: наладзіў выпуск неабходных установам бланкаў.

Адным словам, Насута не абмяжоўваўся вытворчасцю аднаго-двух вырабаў, а эксперыментаваў, шукаў, раіўся з кіраўнікамі іншых арганізацый.

Між іншым, рэарганізацыі не пазбег і камунгас. У 91-м ён быў пераўтвораны ў малое міжгаспадарчае прадпрыемства па будаўніц-
тве і рамонце, а ў 95-м – увогуле быў далучаны да МПМК. Іван Фаміч, перадаўшы ўсе справы В.К. Кулаку, пайшоў на заслужаны адпачынак. Працоўны стаж складаў ні многа ні мала 41 год.

Сямейнае шчасце

Сваю палавінку Іван Фаміч сустрэў у 18 гадоў. У выбары ніколі не раскайваўся. Сёлета будзе 64 гады, як яны з Антанінай Фёдараўнай пабраліся шлюбам. Жонка падтрымлівала вечна занятога мужа ва ўсім. Ніколі не наракала, што затрымліваўся на працы, што часта ездзіў у камандзіроўкі, што не раз і сямейны бюджэт “падключаў” для патрэб справы.

Маюць Насуты сына і дачку, чацвёра ўнукаў і дзве праўнучкі. Дачка Ірына – часты госць у бацькоў, бо жыве ў Зэльве. Сын Аляксандр – ваенны, служыў ажно на Далёкім Усходзе, дзе і засталіся яго дарослыя дзеці. Сам пераехаў з жонкай у Смаленск, бліжэй да бацькоў. Магчыма, з часам і ён вернецца на радзіму, а пакуль працуе ў Расіі.

Унукі і праўнукі радуюць дзядулю з бабуляй поспехамі ў працы і вучобе. Добрыя пераемнікі традыцый старэйшага пакалення!

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены