У конкурсе відэаролікаў “У краіне роднай мовы” перамагла Галынкаўская СШ

21 лютага Беларусь адзначыць Дзень роднай мовы. Якія адметныя мерапрыемствы падрыхтуюць да гэтай даты ў школах раёна? Выбралі найбольш цікавыя.

Варта адзначыць, што ў панядзелак, 18 лютага, завяршыўся раённы этап абласнога конкурса відэаролікаў “У краіне роднай мовы”. Свае фільмы прадставілі 6 устаноў адукацыі.

Гімназія №1 г.п. Зэльва

СШ №2 г.п. Зэльва

Галынкаўская СШ

Елкаўская СШ

Князеўская СШ

Каралінская СШ

Пераможцам конкурса сталі галынкаўскія вучні – іх “Цікавосткі Тыдня роднай мовы” набралі звыш 8 тысяч галасоў (63% ад агульнай колькасці прагаласаваўшых). У відэасюжэце школьнікі распавядаюць пра алею малавядомых беларускіх слоў, што размясцілася ля ўвахода ў школу. Напрыклад, піць “нагбом” азначае піць “залпам”, накланіўшы сасуд. Пасля вучні прэзентавалі выставу беларускага посуду. Тут сабраны, здаецца, усім вядомыя рэчы. Але з незнаёмымі назвамі… Аказваецца, “філіжанка” – гэта кубак для кавы, а “днушка” – звычайная кухонная драўляная дошка. Расказалі школьнікі і пра тутэйшы тату-салон, дзе “б’юць” беларускі арнамент. Не палохайцеся, майстры там – вопытная прафесіяналы. Да таго ж “арудуюць” звычайнай чарнільнай ручкай!

Многія школы замест Дня роднай мовы вырашылі правесці цэлы Тыдзень, на працягу якога праводзіць разнастайныя тэматычныя мерапрыемствы.

Так, вучні старэйшах класаў Князеўскай СШ вырашылі ў гэтым годзе арганізаваць музыкальныя “вячоркі”. Пад акампанемент гітары прагучаць беларускія шлягеры кшталту “Вы шуміце, бярозы” ВІА “Сябры”. Мала хто ведае, што аўтарам гэтых радкоў з’яўляецца Ніл Гілевіч. Аб тым, якія яшчэ вершы беларускіх паэтаў пакладзены на музыку, можна будзе даведацца (і паслухаць!) на ўнутрышкольным канцэрце “Спяваем па-беларуску”.

У сценах Міжэрыцкага дз/с-БШ адкрыецца выстава выяўленчага мастацтва. Што намалююць выхаванцы? Усё, на што іх змогуць натхніць творы беларускіх пісьменнікаў. Нельга не адзначыць і конкурс чытачоў. Аматары літаратуры будуць дэкламаваць вершы не толькі беларускіх паэтаў, але і ўласныя. Мабыць, у кагосьці з юных аўтараў будзе літаратурны дэбют.

Акцыю “Размаўляй са мной па-беларуску” ініцыіруе СШ №2. Арганізатары адзначаюць, што на кожным паверсе будуць усталяваны экраны, дзякуючы якім падчас пераменак дзеці змогуць праглядзець відэакліпы беларускіх песен. Акрамя таго, сярод тыдня адбудзецца канферэнцыя па творах Змітрака Бядулі. А ў школьным музеі пройдзе інтэрактыўная гульня “Бабульчын куфэрак”: вучням малодшых класаў прадэманструюць старажытныя экспанаты – рэчы, якімі нашы продкі карысталіся ў штодзённым жыцці.

Дзярэчынскія школьнікі прымуць удзел у інтэлектуальным паядынку “Разумнікі і разумніцы”. Так, гэта аналаг той праграмы, што ішла па суботах на Першым канале. А для тых, хто прывык разважаць больш шырока, аналітычна, вобразна, – конкурс эсэ “Мая вялікая-малая радзіма”.

Гімназія плануе запісаць відэаролік, дзе настаўнікі і вучні зачытаюць вядомы паэтычны твор – кожнаму па радку. Які іменна? Пакуль трымаюць ў сакрэце. Але кажуць, што відэа ў хуткім часе будзе апублікавана на сайце ўстановы адукацыі.

Непаўторная, прыгожая, мілагучная… Хто больш за астальных падбярэ эпітэтаў да словазлучэння “беларуская мова”? Аб гэтам стане вядома на аўкцыёне кампліментаў “Букет для мовы”, які правядзе для сваіх навучэнцаў санатрная школа-інтэрнат. Акрамя таго, тут інсцэніруюць беларускую народную казку “Падарожнікі”, а таксама нагадаюць “10 запаведзяў для беларусаў” Віктара Шведа (“Мову родную беражы. Мовай роднаю даражы. Мову родную шануй. Мовай роднай не гандлюй…”).

Кацярына СЯРГЕЙ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены