У каталікоў распачаўся вялікі пост
“Божа, ты ўсіх адорваеш міласэрнасцю, просім, каб увесь перыяд посту Ты быў разам з намі і дапамагаў нам годна перажываць гэтыя дні,” – прагучалі сумесныя словы малітвы і просьбы напачатку святой імшы ў касцёле Святой Тройцы г.п. Зэльва. Сёння, 22 лютага, каталіцкія вернікі адзначаюць Пепельную сераду, а гэта значыць, пачынаюць духоўна рыхтавацца да Вялікага Дня.

Зачытаўшы ўрывак з Евангелля, ксёндз Яцэк звярнуўся да прысутных у касцёле з разважаннем. У якім акцэнтаваў увагу на тым, што перыяд посту нялёгкі час у тым сэнсе, што чалавек павінен духоўна рыхтавацца да шляху разам з Богам і побач з Ім. Знайсці час для наведвання святыні, імшы, Крыжовага шляху, спеваў песень жальбы, нейкія справы перапланаваць, зачастую адказацца ад прагляду тэлесерыялаў і інтэрнэт-навін і г.д.

– Пост іншымі словамі праграма для лячэння нашых душаў, аздараўлення і аднаўлення іх. Па-першае, неабходна ўдзяліць час малітве, сустрэчы і размове з Богам. Па-другое, трэба вучыцца міласэрнасці адзін да аднаго, да людзей, якім трошкі больш за іншых патрэбны ўвага і клопат. Пост — гэта ўрок для кожнага чалавека, які павінен зразумець: галоўнае не ўстрыманне ад ежы ў вызначаныя дні, але сэнс нашага жыцця, жыцця духоўнага. Пост павінен стаць тым момантам, які падштурхне да ўмацавання веры, веры ў тое, што Бог блізка, разам са мной.
Пробашч дадаў, што неабходна прыветліва, з вялікім жаданнем і адкрытымі сэрцамі прыняць попел, як знак пачатку посту.

У знак сардэчнага пакаяння і надзеі жыць па-хрысціянскі ксёндз Яцэк, благаславіўшы попел, пасыпаў ім галовы вернікаў.



Пост працягнецца больш за 40 дзён. На працягу гэтых тыдняў каталікі маюць абавязак па пятніцах прысутнічаць на разважаннях падчас Крыжовага шляху Пана Езуса, па нядзелях – разам з іншымі парафіянамі спяваць песні жальбы. Той, хто па ўважлівых прычынах не можа наведваць касцёл, павінен з дапамогай інтэрнэту ці малітоўнікаў далучацца да агульных хрысціянскіх духоўных разважанняў.
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены