У каталіцкіх вернікаў распачаўся велікодны пост

Дзень, які ў каталіцкім календары называецца Попельнай серадой, – пачатак Вялікага саракадзённага посту. Падчас ранішняга і вячэрняга Богаслужэнняў на бягучым тыдні настаяцель касцёла Святой Тройцы г.п. Зэльва Яцэк Маркель зачытаў пастырскае пасланне арцыбіскупа Беларусі.

У лісце адзначалася, што літургічны перыяд – гэта час падрыхтоўкі да свята Вялікадня, гэта час роздума над сваімі думкамі, словамі, звычкамі, учынкамі, справамі, а таксама час набліжэння да Езуса. Без малітвы і без наведвання святыні мы на з’яўляемся хрысціянамі ва ўсёй паўнаце. Менавіта вялікапосная малітва падтрымлівае нас, дапамагае духоўна абагаціцца, зразумець каштоўнасці жыцця. У Вялікім посце касцёл прапануе шмат формаў малітвы – ранішнія і вячэрнія, штодзённыя і нядзельныя Але найбольш важна наведваць супольную малітву Крыжовага шляху. У час захавання посту вельмі важна , каб поруч са знешнім устрыманнем (не есці мяса ў вызначаныя дні) ішло духоўнае ўзбагачэнне.

Затым быў праведзены абрад: галовы вернікаў святар пасыпаў асвечаным попелам са словамі: “З праху паўстаў і прахам станеш”.
Па словах святара, калі хрысціянін сорак дзён правядзе ў малітве і разважанні, калі знойдзе час наведваць храм, значыць, духоўна, з чыстым сумленнем падрыхтуецца да сустрэчы Светлага Вялікадня.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены