Прафесар Людміла Варанчыхіна: “У хіміі – вялікая будучыня, і той, хто звяжа з ёй сваю прафесію, будзе заўсёды запатрабаваны”

У раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з юбілярам года – доктарам хімічных навук, прафесарам Л.І. Варанчыхінай. На сустрэчу прыйшлі сябры і знаёмыя Людмілы Іванаўны, былая настаўніца І.С. Тукальская, былая аднакласніца А.К. Сурнова, актыўныя чытачы бібліятэкі.

Дырэктар бібліятэкі С.А. Жамойціна пазнаёміла прысутных з асноўнымі вехамі жыцця знакамітай зямлячкі, а загадчыца
аддзялення маркетынгу і рэкламы В.І. Камякевіч дапаўняла яе аповед відэаматэрыяламі. А потым пачала свой расказ сама Людміла Іванаўна.

Зэльва 40-50-х гадоў

Людміла Варанчыхіна па нараджэнні не зэльвенка, але ўсё яе дзяцінства і юнацтва звязаны з нашым пасёлкам. І калі едзе з няблізкай Цвяры на адпачынак (а працуе там практычна з моманту заканчэння Ленінградскага ўніверсітэта ў 1963 г.), кажа сябрам: “Еду дамоў”. У яе і сапраўды ёсць у Зэльве дом – спадчына ад дарагіх бацькоў. Кожнае лета спяшыць сюды Людміла Іванаўна, каб сагрэць сваёй прысутнасцю знаёмыя з дзяцінства пакойчыкі, сабірае ў садзе ягады і фрукты, гатуе варэнне і джэмы, звоніць настаўнікам і аднакласнікам, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё меней і меней. І ажываюць у памяці 40-ыя і 50-ыя гады, самыя дарагія і бесклапотныя, пара дзяцінства і юнацтва.

У школу сямігадовая Люся пайшла ў 1946 годзе. Назваць школай дзве старэнькія хаткі, што мяс ціліся непадалёку ад сучаснага будынка райвыканкама, сёння ніхто б не асмеліўся. Электрычнасці не было, класы асвятлялі газавымі лямпамі. Пісалі ручкамі з пер’ямі, да якіх у торбачках мелі чарнільніцы-непралівайкі (Людміла Іванаўна да гэтай пары захоўвае тыя легендарныя ручкі з пяром №86 і з пяром “кропачкай”). Шмат слёзак капала на самаробныя сшыткі з вачэй першаклашак, пакуль выводзілі першыя літары, бо чарніла не-не ды наравіла ўтварыць кляксу.

Пачатковыя класы мясціліся ў адной хатцы, а старэйшыя школьнікі вучыліся ў другой. На перапынках малеча тоўпілася каля бачка з вадой не так каб напіцца, як палюбавацца на стройных хлопцаў у вайсковым аддзенні і салдацкіх ботах (самі дзеці цёплай парой хадзілі басанож). Старшакласнікі былі для пачаткоўцаў “дзядзямі” і “цёцямі”, бо і сапраўды пасляваенная моладзь ішла давучвацца пасля перапынку намнога старэйшай за школьны ўзрост.

Побач з хаткамі-школай яшчэ захоўваўся мур ад сінагогі, куды хлапчукі прыносілі патроны. Не абыходзілася без трагедый: вайна даганяла цікаўных яшчэ не адзін пасляваенны год.

Вельмі радаваліся дзеці, што непадалёку ад іх старэнькай школы будуецца новая, такая прывабная, двухпавярховая! У сярэдніх і старэйшых класах Людміла і яе равеснікі вучыліся ўжо ў ёй. Памятае, што заняткі там пачыналіся не з верасня, а з Новага года: не паспелі будаўнікі да пачатку навучальнага года. А дзецям так хацелася сустрэць Новы год у новай школе. І яны выпрасілі ў дырэктара дазвол святкаваць там, хоць потым прыйшлося самім перафарбоўваць падлогу у зале.

Зэльва ў тыя гады была маланаселенай, але вельмі прывабнай і зялёнай. Любімым месцам адпачынку дзяцей і моладзі была Савецкая вуліца, асабліва Касцельная гара. Зімой каталіся з яе на санках, вясной любаваліся бэзам, што красаваўся каля муроў. Малодшы за Людмілу Іванаўну Аляксей Галаскок таксама згадвае гэтую мясціну:
Ах, як пахне мне бэз
Каля мура вясною.

З Касцельнай гары санкі каціліся да сярэдзіны вуліцы, з-пад царквы таксама спыняліся ў нізінцы. Было здорава аглядаць усю вуліцу і з аднаго ўзгорка, і з другога. А станеш каля сінагогі – бачыш добра і муры касцёла, і царкву. Вельмі шкадуе Людміла Іванаўна, што зараз такой магчымасці няма: Дом культуры стаў упоперак і перагарадзіў перспектыву. Шкадуе, што знесены і будынак старой пошты на Савецкай; лічыць, што трывалы дом мог яшчэ паслужыць зэльвенцам не адзін год. А яшчэ ў моладзі той пары была добрая традыцыя: велагонкі па маршруце Зэльва-Бярэжкі. Колькі тады было прыемных знаёмстваў!

Памятны для Людмілы Іванаўны 1949 год, калі яе бацьку, ветэрану фінскай і Вялікай Айчыннай войн, выдалі заём на будаўніцтва дома, і Варанчыхіны сталі першымі навасёламі на вуліцы героя вызвалення Зэльвеншчыны – маёра Шапавалава. Цяпер Людміла
бегала са школы і ў школу па пратаптанай ёю і знаёмай да кожнага каменьчыка сцяжынцы. Школу яна вельмі любіла.

Настаўнікі школы

На фотаздымках пасляваеннай пары – незабыўныя настаўнікі і аднакласнікі. То паасобку, то разам. З вялікай пашанай і захапленнем гаварыла Людміла Іванаўна пра настаўнікаў. Усе яны былі прыкладам інтэлігентнасці, высокай маральнай чысціні, адданасці сваёй справе і дзецям.

Самай любімай для Людмілы была класны кіраўнік З.Т. Удавенка. Выкладчыца рускай мовы і літаратуры, Зінаіда Трафімаўна арганізавала драмгурток, у якім ставілі п’есы Губарэвіча, Макаёнка, іншых драматургаў. Са спектаклямі знаёмілі не толькі зэльвенцаў, але і жыхароў бліжэйшых вёсак. “Я схіляю галаву перад Зінаідай Трафімаўнай, яе самаадданасцю і энергіяй! Столькі мела з намі клопатаў, а ніколі не скардзілася. Можаце ўявіць сабе: яна пасля заняткаў чытала нам “Конніка без галавы” Майн Рыда! Усяго прачытала! Зараз Зінаіда Трафімаўна жыве ў Асіповічах. Я часта тэлефаную ёй, дзякую за ўсё, што дала нам гэтая ўлюбёная ў жыццё і літаратуру жанчына,” – з хваляваннем расказала Людміла Іванаўна пра любімую настаўніцу.

Самых цёплых і удзячных слоў не шкадавала выпускніца ЗСШ 1956 года іншым настаўнікам. Усе яны ў асноўным былі маладымі. На вачах у дзяцей расло каханне незабыўных Івана Васільевіча і Мальвіны Ісакаўны Іоськаў. Зараджалі энергіяй і любоўю да фізічнай культуры В.Р. Сянько і І.С. Тукальская. Тады вельмі любілі гуляць у валейбол, катацца на лыжах. Людміла не раз была пераможцай у спаборніцтвах плыўцоў.

Памятныя школьныя вечары і незаменны І.Я. Трухалёў, пад гукі баяна якога танцавалі і кракавяк, і падыспань, і падэграс, і “лысага”.

Не забыць Андрэя Данілавіча Бугаёва, дырэктара школы, на якім ляжалі ўсе гаспадарчыя клопаты, акрамя вучэбных, вядома. Пахаваны Бугаёў на старых могілках Зэльвы, што непадалёку ад аўтастанцыі. І Людміла Іванаўна заўсёды наведвае яго магілу.

Адзін з настаўнікаў – І.Я. Лялько – паўплываў на прафесійны лёс Людмілы Іванаўны. Малады хімік так захоплена расказваў пра перспектывы хімічнай навукі, што дзяўчына зразумела: гэта яе шлях у жыцці.

Аднакласнікі

Цудоўная памяць Людмілы Іванаўны захавала імёны не толькі настаўнікаў, але і аднакласнікаў ды старэйшых школьнікаў. Звяртаючыся да медыяэкрана, дзе ўзнаўляліся фотаздымкі з яе архіва, яна аднаго за другім называла былых аднакласнікаў. Вось Алена Таболіч. Бацькі дзяўчынкі ратавалі сям’ю Варанчыхіных у час вайны, калі бацька быў на фронце, а яна з матуляй, бабуляй і маленькім брацікам павінны былі хавацца ад немцаў. Лёс Алены Таболіч таксама склаўся шчасліва: яна закончыла Мінскі лінгвістычны інстытут і ўсё жыццё працавала там выкладчыцай. Дачка аднакласніцы Вольгі Серады-Шышко стала студэнткай Цвярскога ўніверсітэта, таму стасункі з Вольгай Кірылаўнай працягваліся да самай яе смерці. Ведае Людміла Іванаўна пра лёс Браніславы Якубовіч, бо да яе, жыхаркі Нью-Ёрка, наведваецца, калі едзе ў госці да дачкі і ўнукаў. Рада ўбачыцца ў Зэльве з Лідзіяй Адамовіч-Сурновай і Ядвігай Шпакоўскай-Кашчыц, Міхаілам Тукальскім з Бародзіч. Светлыя ўспаміны захоўвае пра Іосіфа Вялічку, Віктара Яскевіча (яго навагоднюю паштоўку са школьнага бала беражэ да гэтай пары), Раісу Казакевіч, Івана Богдзеля.

Людміла Іванаўна – ініцыятар спатканняў аднакласнікаў на 25- і 50-гадовых юбілеях заканчэння школы. У 1981 годзе спатканне было асабліва радасным: жылі яшчэ амаль усе настаўнікі, ды і іх, выпускнікоў, яшчэ лёс аберагаў. А вось у 2006-ым ужо нямногія змаглі прыйсці ці прыехаць. Пасядзелі ў класе кожны за сваёй партай, потым пайшлі да Людмілы Іванаўны. Доўга не разыходзіліся, успаміны ніяк не адпускалі. Дарэчы, не толькі аднакласнікі збіраліся да Людмілы Іванаўны на сустрэчы (юбілейныя і штогадовыя). Прыходзілі і старэйшыя выпускнікі школы, якіх яна ведала і якія ведалі яе. Жаданым госцем быў галоўны санітарны ўрач Санкт-Пецярбурга І.С. Богдзель.

Выкладчыцкая і навуковая дзейнасць вучонага-хіміка

Удзельнікаў сустрэчы цікавіла, вядома, і жыццё Людмілы Іванаўны пасля заканчэння ЗСШ, яе вучоба ў вну, праца ў Цвярскім універсітэце, навуковая дзейнасць. І ніводнага пытання госця ўвагай не абышла.

Без цяжкасцяў правінцыялка з Зэльвы стала студэнткай Ленінградскага ўніверсітэта. Калі абітурыенты напісалі сачыненне, Людмілу паклікалі ў прыёмную камісію. На здзіўленую Люсю глядзелі не менш здзіўленыя выкладчыкі: яны не верылі, што дзяўчынка з невядомага беларускага гарадка магла напісаць сачыненне на “5”! І гэта пры тым, што на “выдатна” напісалі яшчэ толькі чатыры – ленінградскія – школьнікі!

Пасля заканчэння ўніверсітэта Людміла па размеркаванні адпрацавала належныя гады ў Калінінскім інстытуце сінтэтычных валокнаў. Потым скончыла аспірантуру ў Інстытуце элементаарганічных злучэнняў у Маскве. І пасля абароны кандыдацкай дысертацыі зноў вярнулася ў Калінін (Цвер).

Тут і расла кар’ера Варанчыхінай: ад навуковага супрацоўніка да загадчыцы кафедрай арганічнай хіміі. Доктарскую абараніла ў 1990-м. Выкладчыцкую работу паспяхова спалучае з навуковай і лічыць, што гэтыя рэчы ўзаемазвязаныя. “Навука не стаіць на месцы, і хто, як не мы, выкладчыкі, павінны самі ўзбагачацца ведамі і несці іх ў аудыторыю да студэнтаў, – кажа Людміла Іванаўна. – Я ўсё жыццё жыву па прынцыпе “век жыві – век вучыся”. Таму і бягу кожную вольную хвіліну ў бібліятэку, не прапускаю магчымасці абмяняцца вопытам з калегамі не толькі з Расіі, але і замежных краін. Рэдагую зборнік навуковых прац “Хімія паверхне-актыўных рэчываў”, прымаю ўдзел у пасяджэннях Вучонага Савета факультэта і г.д.”.

Прысутным хацелася прыкладаў прымянення навуковых дасягненняў нашай зямлячкі і яе кафедры на практыцы, таму Людміле Іванаўне давялося на зразумелай нам, дылетантам, мове крыху “пагрузіць” нас у атмасферу даследаванняў. Адзін з прыкладаў літаральна ўразіў усіх. “Як ведаеце, кожная краіна імкнецца засакрэціць колькасць ваенных аб’ектаў і ўсяго, што там знаходзіцца. Дык вось, нашаму ўніверсітэту ваеннае ведамства дало заданне: зрабіць нябачнымі для прыбораў назірання нашы ваенныя караблі і самалёты. Мы стварылі радыёпаглынальныя і радыёадбівальныя маскіровачныя сродкі і паехалі ў Балтыйск выпрабоўваць навінку. Самі, не давяраючы рабочым, пафарбавалі карабель, пакінуўшы адзін бок яго без афарбоўкі. Карабель выйшаў у мора, а прыборы пачалі шукаць яго месцазнаходжанне. Той бок карабля, што пакінулі некранутым, прыборы “бачылі”, а пафарбаваны – не. Вось так”, – усміхнулася Варанчыхіна.

Не толькі ў ваеннай сферы знаходзяць прымяненне распрацоўкі кафедры Людмілы Іванаўны. Паглынальнікі шкодных рэчываў, ачышчальнікі паветра, стымулятары росту раслін, запавольнікі карозіі і г.д. – вось толькі некалькі створаных вучонымі прагрэсіўных тэхналагічных прадуктаў. “У хіміі – вялікая будучыня, – упэўнена Варанчыхіна, – і той, хто выбірае сабе гэтую прафесію, будзе заўсёды запатрабаваны”.

Аўтар 20 вынаходніцтваў, больш 200 навуковых публікацый, мноства дапаможнікаў для студэнтаў, уладальніца медалёў ВДНГ ўсіх вартасцяў, Ганаровы і Заслужаны работнік вышэйшай школы Расіі і Цвярскога ўніверсітэта, дзяржаўнай узнагароды – медаля “За працоўную адзнаку” – не пералічыць усіх узнагародаў сціплай прыгожай жанчыны з вул. Шапавалава г.п. Зэльва. А нам не перадаць нашай удзячнасці, нашага захаплення ад яе абаяльнага вобліку, у якім – ні цені “зорнасці”, ні цені любавання сабой, сваёй вучонасцю. Толькі – годнасць і сардэчнасць, толькі – інтэлігентнасць, якія так цаніла ў сваіх настаўнікаў. І гэта – думка не толькі даўняй знаёмай сям’і Варанчыхінай Таццяны Тэрра, настаўніцы Ірыны Тукальскай ды Лідзіі Сурновай. Гэта адчулі і тыя, хто першы раз убачыў Людмілу Іванаўну. Свой доўг перад малой радзімай яна выканала спаўна!

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены