У Елкаўскай сельскай бібліятэцы адбыліся гульня-віктарына і фотачэлендж, прысвечаныя дню здароўя

Здароўе – самае неацэненнае шчасце ў жыцці кожнага чалавека. Усім жа нам хочацца быць здаровымі і моцнымі, захаваць як мага даўжэй бадзёрасць, энергію і дасягнуць даўгалецця. Іншая справа, сябры, што робім мы для гэтага?..

У Елкаўскай сельскай бібліятэцы адбыліся гульня-віктарына «Наша здароўе — у нашых руках» і фотачэлендж «ЯЗАЗОЖ», у якім прынялі ўдзел і дашкольнікі разам з выхавацелямі, і школьнікі з настаўнікамі, і іншыя чытачы бібліятэкі.

А ў сектар па абслугоўванню дзіцячага чытача завітаў сам доктар Айбаліт, які правёў фізкультхвілінку і даў слушныя парады па здароваму ладу жыцця.

Чытачы раённай бібліятэкі разам з бібліятэкарамі ў ходзе ўрока здароўя пазаймаліся спортам на свежым паветры.

Як вы думаеце, што можна дэгуставаць акрамя ежы? Аказваецца… кнігі. Бібліятэкар Каралінскай інтэграванай бібліятэкі прапанавала сваім чытачам бібліядэгустацыю «Падарожжа па лячэбнай паляне», падчас якой можна было пачарпнуць з кніг і перыядычнага друку розныя парады па вядзенню здаровага ладу жыцця.

Не забыліся ў бібліятэках і пра духоўнае здароўе. У Елкаўскай сельскай бібліятэцы ў час гутаркі-пазнання «Святло пад кніжнай вокладкай» ішла гаворка аб праваслаўнай кнізе. А аб Бібліі як самай галоўнай для кожнага храсціяніна, так званай кнізе кніг, распавяла матушка Аксана.

У канцы мерапрыемства быў праведзены майстар-клас па ўпрыгожванню свечкі, і кожны ўдзельнік змог зрабіць падсвечнік з падручных матэрыялаў, нават такіх, як звычайная пластыкавая бутэлька.

Намеснік дырэктара раённай бібліятэкі
Вольга КАМЯКЕВІЧ


Вам может быть интересно

Комментарии отключены