Творчая сустрэча сяброў

З літаратарамі Слонімшчыны ў зэльвенскіх творцаў даволі цесныя і даўнія сувязі. І тут няма нічога дзіўнага: у Слоніме нямала ўраджэнцаў Зэльвеншчыны, якія праславіліся як таленавітыя паэты і празаікі. Сярод іх – былы кіраўнік літаратурнага аб’яднання пры “Слонімскім весніку” Іван Сяргейчык, сённяшні кіраўнік літаб’яднання Ірына Войтка, член Саюза майстроў народнай творчасці, паэтка і спявачка Надзея Салейка. Падчас мінулагодняй сустрэчы з Ірынай Войтка і Надзеяй Салейка дамовіліся аб візіце да нас і ў 2017 годзе. Справа ў тым, што ў маі гэтага года споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння чалавека, імя якога носіць сло-німскае аб’яднанне, – Івана Дарафеевіча Міско, вядомага пад псеўданімам Анатоль Іверс. І вось у адзін з дзён Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі, аб’яўленага ЮНЕСКА ў 2011 годзе, члены двух зэльвенскіх клубаў – “Малюся Слову” пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і “Восень жыцця” пры раённай бібліятэцы сустракалі дарагіх гасцей-суседзяў. Кіраўнік клуба пры бібліятэцы Валянціна Масюк падрыхтавала кніжную выставу “Паэзія – музыка душы”, на якой прадставіла творы гродзенскіх літаратараў, у тым ліку і слонімцаў. Ірына Войтка, уважліва азнаёміў-               шыся з раздзеламі выставы, папоўніла яе некалькімі выданнямі сланімчан, пра якія потым расказала, а яшчэ больш паказала на медыяэкране. Прывезла з сабой Ірына Антонаўна двух членаў літаб’яднання – Тамару Пяцеліну і Мар’яна Медушэўскага. Тамара Афанасьеўна родам з Расіі, піша на рускай мове. Мар’ян Іосіфавіч – са Шчучыншчыны, жыве ў Жыровічах, бард-баяніст з прыгожым моцным голасам. У сваіх выступленнях госці больш расказвалі пра Іверса, чым пра сябе. Ірына Антонаўна, хоць і не часта, але сустракалася з Іванам Дарафеевічам. Мар’ян Медушэўскі быў благаславёны Іверсам у пачатку творчага шляху, за што вельмі ўдзячны гэтаму цудоўнаму чалавеку. Тамара Афанасьеўна Іверса не бачыла, але яго творчасць вельмі імпануе яе сэрцу, таму на сустрэчы яна больш чытала вершаў Іверса, чым сваіх. У прэзентацыі да 105-й гадавіны Іверса Ірына Антонаўна пастаралася расказаць пра ўсіх творцаў Слонімшчыны. Вельмі ўдзячна Сяргею Чыгрыну, які да 100-годдзя з дня нараджэння Анатоля Іверса падрыхтаваў тры кнігі, у якіх сабраў як творы Міско, так і ўспаміны аб ім тых, хто ведаў Івана Дарафеевіча. У адну з кніг уключаны ўражанні ад размоў з Іверсам і Ірыны Войткі. Лёс у Міско быў вельмі складаны. У час вайны ён страціў усіх родных з вялікай сям’і. Перацярпеў шмат і ў пасляваенны час, але заставаўся вельмі чулым і спагадлівым да людзей. Яго творчасць была светлай, як і сам Іван Дарафеевіч. Зэльвенцы вельмі цёпла сустракалі выступленні ўсіх траіх сланімчан, але асабліва – Мар’яна Медушэўскага. Ды і як можна быць раўнадушным да выканаўцы песень пра бяроз-удоў, доўгачаканую дачушку сябра “Лясную чарадзейку” або пра беларускае сала. (Калі Мар’ян Іосіфавіч упершыню пазнаёміў слухачоў з “Песняй пра сала”, яму запярэчылі: “Гэта – не песня, а гімн нашаму салу!”. І зэльвенцы цалкам згодны з такой класіфікацыяй твора суседа.) Развітваючыся, усе прысутныя прасілі сланімчан часцей наведвацца ў Зэльву. Яніна Шматко.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.