Творчая моладзь. Зэльвенскія вучанiцы адзначаны на рэспубліканскім узроўні

Стварэнне вершаў – праца нялёгкая. І брацца за іх можна толькі тады, калі тэма цябе хвалюе, кранае за жывое так, што словы самі льюцца на паперу.

У 10 класе Галынкаўскай сярэдняй школы ёсць дзве дзяўчынкі, якія спрабуюць пісаць вершы. Паліна Кобрынец робіць гэта на роднай, беларускай мове, Валерыя Жоглік аддае перавагу рускаму слову.

У красавіку гэтага года паэтычны талент аднакласніц быў высока адзначаны на рэспубліканскім узроўні. Паліна стала пераможцай заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Зямля пад белымі крыламі”, прысвечанага 90-гадоваму юбілею беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Чаму так сталася? Таму што гэтага пісьменніка вучаніца шануе асабліва. Яго творчасць шматбакова вывучаецца ў школе, а любімыя творы дзесяцікласніцы – аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” і раман “Каласы пад сярпом тваім”. Калі на ўроку літаратуры было прапанавана напісаць верш з нагоды юбілею пісьменніка, Паліна ўзялася з запалам. У вершы дзяўчынка імкнулася перадаць сваё разуменне творчасці, таленту, патрыятызму, які адчуваецца ў кожным творы пісьменніка. У мінулым годзе Паліна разам з Марыяй Бяляўскай сталі пераможцамі абласной краязнаўчай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”. І сёлетняя перамога – гэта новая прыступка ў развіцці таленту Паліны.

Валерыя паспрабавала сябе ў ролі паэткі толькі ў бягучым навучальным годзе. Да гэтага часу дзяўчына рэалізоўвала свой талент у мастацкай творчасцi. У яе скарбонцы нямала прызавых месцаў на раённых конкурсах малюнкаў і графічных работ. І гэта пры тым, што вучаніца не наведвае школу мастацтваў, а асвойвае навуку пэндзліка і алоўка праз інтэрнэт. Паспрабаваць сябе ў паэтычным слове дзяўчынка адважылася пасля таго, як настаўніца беларускай мовы і літаратуры выказала думку: творчыя асобы звычайна не толькі добра малююць, але і пішуць вершы. Валерыя выбрала для свайго верша тэму Вялікай Айчыннай вайны, якую часта раскрывала ў малюнках. Спроба пяра ўдалася: дзяўчына стала пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай выставы-конкурсу “Салют Перамогі”, прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі ў намінацыі “Сачыненне”.

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Наталля ГАРЧЫЧКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены