Тры святы ў адным адсвяткавалі ў дзённым аддзяленні ЦСАН: Новы год, Каляды і Дзень работнікаў сацыяльнай абароны

Навагодне-калядная сустрэча ў дзённым аддзяленні ЦСАН, як і належыць, мела мноства прыемных сюрпрызаў.

На імпрэзу сабраліся ледзь не ўсе наведвальнікі аддзялення, а таксама прадстаўнікі мэтавай групы праекта “Формула памяці” (былыя вязні – Клаўдзія Мацкевіч і Іосіф Сталпец) і члены таварыства інвалідаў па зроку. Сцэнарый святочнага агеньчыка рыхтавала кіраўнік гуртка “Цяпло душы”, яна ж і старшыня зэльвенскага БелТІЗа Вікторыя Ляцкая. Вікторыі, таленавітай спявачцы, удаюцца і вершы, асабліва жартоўныя. Вось і на гэты раз у выкананні Алы Бутаковай і Вольгі Крыўцовай прагучалі складзеныя Ляцкай прыпеўкі, якія разпораз выклікалі дружны смех у зале. Жанчыны нагадвалі пра нашы дасягненні як артыстаў на раённай сцэне, поспехі на занятках па дэменцыі… Згадаць было што!

А потым запрасілі ў госці самога Дзядулю Мароза. У ролі казачнага персанажа добра глядзеўся Валерый Смольскі. Праўда, салодкіх падарункаў не прынёс, а вось чарадзейны шар з цудоўнымі пажаданнямі і мудрагелістымі заданнямі пакінуў. На адным з заданняў, калі мужчыны павінны былі стаць зайцамі, весяліліся асабліва. Смех на сябе не пабаяліся выклікаць Леанід Ган, Міхаіл Панасік, Генадзь Іоська, Міхаіл Пазнанскі, Іосіф Сталпец і Валерый Смольскі.

Уволю насмяяліся і з малюнка Алы Бутаковай, Галіны Андрэевай, Ванды Кавалевіч, Таццяны Мананнікавай, Алены Пайзулаевай. Жанчыны былі аднымі з пераможцаў у конкурсе малюнкаў падчас вучобы на курсах “Стоп, дэменцыя”, таму ім і прапанавалі з завязанымі вачыма намаляваць партрэт Дзядулі Мароза. А што атрымалася? Усё, з чаго можна павесяліцца: шапка Дзеда не на галаве, рукі не каля тулава, ды і ногі дзесьці заблукалі…

Непераўзыдзенымі былі нашы майстры гумару Алена Еўдакімава і Марыя Кукаловіч у мініяцюры “Маміны парады” (а потым Марыя Кукаловіч пакарыла ўсіх яшчэ і талентам ілюзіяніста).

Казка “Прынц і конь” рыхтавалася экспромтам. Міхаіл Панасік стаў прынцам, Міхаіл Пазнанскі – канём, прынцэсай абралі Валянціну Канановіч, ну а кашчэй дастаўся Валерыю Смольскаму. Як бачым, за адзін і той жа святочны вечар кожны наведвальнік мог прымерыць на сябе некалькі самых разнапланавых роляў.

Працягвалі цуды дэкламатары і спевакі Ева Артурава, Галіна Андрэева, Генадзь Іоська, Ванда Кавалевіч, Міхаіл Пазнанскі, Алена Пайзулаева…

Удзячныя наведвальнікі ЦСАН не забыліся, што 5 студзеня – прафесійнае свята тых, хто штодзённа сустракае нас цёплай усмешкай, дорыць цудоўны настрой, вучыць нас змагацца з праблемамі ўзросту.

Таму пасля заканчэння навагодне-калядных віншаванняў пачаліся віншаванні арганізатараў свята. Таццяна Мананнікава (усе ведаюць яе таленты!) падрыхтавала паэтычную кампазіцыю, а Галіна Андрэева, Ала Бутакова, Алена Еўдакімава, Яўгенія Ганчарэнка, Ванда Кавалевіч ды Алена Пайзулаева дапамаглі ўсё агучыць. Да слёз расчулілі загадчыцу аддзялення Наталлю Глушэню, супрацоўніц Вікторыю Ляцкую, Ірыну Моська і Таццяну Сяркевіч.

Вось так атрымалася ў нас спалучыць у цудоўнай імпрэзе тры святы: Новы год, Каляды і Дзень работнікаў сацыяльнай абароны. Як цяпер кажуць: тры ў адным.

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены