Сёння ў зэльвенскім касцёле Прасвятой Тройцы адбудзецца ўрачыстае Набажэнства з нагоды 30-годдзя паўторнага асвячэння храма

Сёння ў зэльвенскім касцёле Прасвятой Тройцы адбудзецца ўрачыстае Набажэнства з нагоды 30-годдзя паўторнага асвячэння храма 8 снежня 1989 года. Што было зроблена вернікамі па адбудове закрытага на дзесяцігоддзі касцёла, мы ўжо пісалі. Сягоння раскажам, якім было жыццё касцёла і парафіян наступныя 30 гадоў.

Ты сягоння – веліч і гонар
Тых, хто працы не шкадаваў.
Янам Паўлам благаславёны
Ты жамчужынай Зэльвы стаў.

Асвячэнне і першае набажэнства ў адроджаным храме нездарма было прызначана на 8 снежня. У гэты дзень каталікі ўсяго свету адзначаюць свята Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, а гэты тытул быў дадзены зэльвенскаму касцёлу ў дзень першага асвячэння яго кс. Антоніем Чарняўскім 29 кастрычніка 1913 года.

Надвор’е было цудоўнае. Невялікі мароз і сняжок, што іскрыўся на сонцы, стваралі ідэальны фон для свята. Пацыфік Дыдыч і Тадэвуш Кандрусевіч асвяцілі святыню, пасля чаго вернікі з хваляваннем увайшлі ў яе. Далёка не ўсе ўдзельнічалі ў рэстаўрацыі будынка, які амаль 40 гадоў выкарыстоўваўся зусім не для духоўнага развіцця, таму з цікавасцю пазіралі на інтэр’ер касцёла.

На свята 8 снежня 1989 года прыехала шмат святароў. Узначальвалі ўрачыстасць святары Пацыфік Дыдыч і Тадэвуш Кандрусевіч. Да зэльвенскіх вернікаў далучыліся і сланімчане, бо менавіта слонімскі ксёндз Вітольд Жэльветра стаў першым святаром адроджанага зэльвенскага храма.

Прыдзірліва глядзелі наўкол і героі дня – тыя, хто не шкадаваў ні сіл, ні часу на рамонт святыні. Вядома, зроблена было не так і шмат. Наперадзе чакала яшчэ многа работы. Але былі заменены дах, што дагэтуль працякаў, высушаны і пабелены сцены і столь, прыведзены ў належны стан алтар і вісячая амбона, з якой прамаўляюць святары, дзякуючы ўсім, хто збярог веру ў душы і перадаў яе дзецям і ўнукам.

Божы дом павінен быць прыгожым

Той незвычайна радасны святочны дзень стаў адлікам новага жыцця касцёла, закрытага ў 50-я гады XX стагоддзя. Вядома, не толькі зэльвенскі касцёл перажыў адраджэнне ў канцы 80-х. Свет чакаў вялікую дату: 2000-годдзе хрысціянства. І савецкія ўлады не маглі адмахнуцца ад рэлігійных праблем. 13 красавіка 1991 года ў Беларусі былі адноўлены афіцыйныя касцёльныя структуры. Папа Ян Павел II зацвердзіў утварэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі з Пінскай і Гродзенскай дыяцэзіямі. Біскупам Гродзенскай, у склад якой увайшла і зэльвенская парафія, стаў Аляксандр Кашкевіч.

Да 1990 года ў Зэльве працавалі ксяндзы Вітольд Жэльветра і Ян Банькоўскі, сумяшчаючы служэнне ў нас з асноўным у парафіях Слоніма і Міжэрыч. Першым сталым пробашчам стаў а. Антоній Юсель, які энергічна ўзяўся за справу. Пра гэта згадвае ў кнізе Н. Мацюк “Храм душы” Іосіф Кузміч. Аднак цяжкая хвароба перашкодзіла завяршэнню пачатых спраў, і яны ляглі на клерыка Валерыя Ляховіча ды міжэрыцкага святара Яна Банькоўскага.

Актывізавалася праца ў касцёле і плябаніі (жыллі для святароў) восенню 1991 года, калі ў Зэльву прыехаў а.Томаш Ксёнжкевіч з ордэна місіянераў клярытынаў. Менавіта тады былі перабудаваны прэзбітэрыум і знесены старыя таполі, што дрэнна ўплывалі на захаванне паўночна-заходняй часткі касцёла. Яшчэ інтэнсіўней стала рухацца справа, калі на дапамогу кс.Томашу ў 1992 годзе прыехаў выпускнік Вроцлаўскай духоўнай семінарыі Яцэк Маркель з дыяканам Паўлам Шульцам.

У гэты час пачалі генеральную адбудову святыні. Адрэстаўрыравалі галоўны і бакавыя алтары, пафарбавалі сцены, устанавілі новы табэрнакулюм (месца захоўвання містычнага цела Хрыста), а таксама замянілі на новыя фігуркі ва ўсіх 14 прыпынках (стацыях) Крыжовага Шляху Хрыста.

Вясной 1993 года прыступілі да капітальнага рамонту будынка плябаніі. Клапоцячыся аб зручнасці для дзяцей, што прыходзяць на заняткі па асновах рэлігіі, вырашылі дабудаваць пакой спецыяльна для іх. Пры гэтым адразу прадугледзелі асвятленне і ацяпленне памяшканняў. Усё рабілі сіламі прыхаджан. Іосіф Кузміч згадвае: “За будаўнічымі матэрыяламі ездзілі ажно ў Гродна на сілікатны завод. Дабіраліся на трактарах, якія далі ў ПМК пасёлка, бародзіцкім калгасе. Ехалі вечарам, ноччу грузілі цэглу і пенаблокі. Стаялі на прахадной да раніцы, пакуль не выпішуць дакументы. Везлі ўвесь матэрыял адзінак дваццаць тэхнікі”. (Н. Мацюк “Храм душы”).

Думалі і аб выгодах і зручнасцях для ўсіх вернікаў. Звычайна ў касцёлах зімой вельмі холадна, вось і вырашылі сабраць грошы на катлы, трубы і батарэі. Спачатку ўстанавілі катлы на цвёрдым паліве. Потым падрыхтавалі дакументы на падвядзенне да касцёла і плябаніі газа і замянілі старыя катлы на новыя. З часам і іх, не вельмі эканомныя, памянялі.

Да 20-годдзя аднаўлення храма прыкасцёльную плошчу выклалі прыгожай пліткай, агароджу аздобілі, ўваходныя дзверы касцёла ўцяплілі. Унутры ўстанавілі падвойныя вокны, адрэстаўрыравалі ўсе алтары, аздобіўшы іх пазалотай, пафарбавалі калоны. А звонку зрабілі амаль неверагоднае. У кнізе Н.Мацюк “Храм душы” чытаем успаміны Алега Александровіча: “Цяпер, калі едзеш з Ваўкавыска, адразу бачыш наш касцёл. А раней бляха была светлая, непрыкметная… Спецыялісты з Польшчы прывезлі з сабою фарбу (чырвоную – заўв. рэд.), якая не лушчыцца і трымаецца да сённяшняга дня. Але перад гэтым патрэбна было падрыхтаваць сам дах – пачысціць дзе бензінам, дзе растваральнікам. Гэта была функцыя мая і іншых людзей, якія асмеліліся залезці наверх” (думаецца, не адзін зэльвенец назіраў з заміраннем сэрца, як смельчакі-умельцы ў літаральным сэнсе слова віселі на даху і вежах, выконваючы архіскладаную работу).

А як упрыгожылі касцёл вітражы на вокнах! Спачатку яны былі толькі на двух вокнах – у прэзбітэрыуме, а пасля з’явіліся і на ўсіх астатніх. Вечарам, калі запальваецца святло, нельга адвесці вочы ад гэтай незямной прыгажосці. Нездарма наша жамчужына ў 2009 годзе папоўніла лік гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь!

Духоўнае жыццё парафіі

Гартаючы старонкі гісторыі зэльвенскага касцёла, можна зацікавіцца такімі фактамі: у 1635 годзе на зэльвенскай зямлі быў пабудаваны касцёл на сродкі Яцка Агінскага і яго жонкі Іаанны. Ад Яцка-фундатара да Яцка-пробашча, што шчыруе ў зэльвенскім касцёле з 1992 года, прайшло больш як 350 гадоў. Здаецца, за гэтыя стагоддзі не было больш цёзкаў гэтым неардынарным людзям, што так шмат зрабілі для мясцовых каталікоў. Знакавыя для нас постаці! І калі пра Яцка Агінскага, на жаль, больш нічога не ведаем (можна толькі здагадвацца, што ён аднаго племені з Агінскім-старастам Слоніма ды Агінскім-кампазітарам), то праца Яцка Маркеля – навідавоку ва ўсіх. І яна настолькі важная і велічная, што Зэльвенскі райвыканкам палічыў неабходным увекавечыць імя айца Яцка ў гісторыі нашага раёна, надаўшы яму званне Ганаровага грамадзяніна.

Пра рэстаўрацыйныя работы ў будынку касцёла і вакол яго мы жо расказалі. Зараз – пра духоўнае ўзрастанне парафіян за гады адраджэння святыні.

Катэхізацыя

Што можна сказаць пра рэлігійную адукаванасць зэльвенцаў 30 гадоў таму? Людзі старэйшага пакалення, вядома, ведалі нямала. А дзеці і моладзь – практычна нічога. Таму прызначаны ў 1991 годзе пробашчам парафіі а.Томаш вёў вялікую тлумачальную работу з бацькамі, каб яны падрыхтавалі сваіх дзяцей да катэхетычных заняткаў. Першынцамі ў гэтай справе сталі 26 дзетак, сярод якіх, як з гонарам гаворыць у кнізе “Храм душы” Андрэй Карпічэнка, былі і яго дзеці. Тады заняткі працягваліся з лютага па чэрвень, што, вядома, не давала трывалых ведаў. Таму кс. Яцэк павялічыў працягласць навучання спачатку да двух гадоў, а потым – да трох.

Паколькі рэлігійна неадукаваных дзяцей і моладзі было шмат, першыя групы навучэнцаў былі даволі рознымі. Зараз знаёміцца з асновамі рэлігіі дзеці пачынаюць у 6 гадоў: ідуць у агульнаадукацыйную школу і у катэхетычную. Толькі тут заняткі праходзяць раз на тыдзень – у суботу. Практычна ўсе дзеці з каталіцкіх сем’яў штогод садзяцца за парты ў прыгожым класе, абсталяваным для іх у плябаніі. Праз тры гады некаторыя хлопчыкі становяцца міністрантамі, дзяўчынкі – лекторкамі, г.зн. памочнікамі падчас службы.

Ружы Жывога Ружанца

Дзіўная назва, скажуць недасведчаныя. Што гэта такое? А гэта супольнасць дарослых вернікаў, якія штодня моляцца на ружанцы. Як згадвае ва ўжо цытаванай кнізе “Храм душы” Яўгенія Клімчук, пры а.Томашу былі створаны 2 Ружы. “Мы былі дружнымі. Усе члены Ружы ў першую нядзелю месяца збіраліся, мянялі таямнічкі (карткі, дзе запісана малітва, якую неабходна чытаць штодзень), потым была сумесная малітва. Мы дзялілі і радасці, і беды. Разам адзначалі дні народзінаў, імяніны, нікога не забывалі. У касцёл прыносілі кветкі. Даглядалі магілу ў вароніцкім лесе”, – успамінае жанчына.

Зараз у касцёле дзейнічае 10 Ружаў. Кожная мае свайго патрона ці патронку. На вялікія святы ўсе збіраюцца каля сваёй харугвы. З павагай нясуць яе ў працэсіі. А ў буднія дні жанчыны і мужчыны (ёсць і мужчынскія 2 Ружы) клапоцяцца аб чысціні і парадку ў касцёле, зімой чысцяць ад снегу прыкасцёльную тэрыторыю, з вясны да позняй восені даглядаюць кветнік і г.д.

Рэкалекцыі і Місіі

У традыцыі касцёла ў час Вялікага Посту праводзіць спецыяльныя заняткі – рэкалекцыі, якія доўжацца тры дні. У касцёл запрашаюцца, як правіла, святары з іншых парафій. Яны вельмі адказна і старанна рыхтуюцца да лекцый-казанняў. Тэмы ж іх выступленняў – самыя розныя. Звычайна тыя, якія найбольш хвалююць усіх вернікаў у канкрэтным годзе. Нашымі гасцямі-прапаведнікамі былі святары са Струбніцы, Жалудка, Слоніма, Ізабеліна, Гродна, нават з Магілёва (дарэчы, штогод зэльвенскія католікі ахвяруюць немалыя сродкі на пабудову ў Магілёве новага касцёла). Усе стараліся данесці да людзей Божае слова. Кс. Яцэк клапаціўся, каб у дні рэкалекцый як мага больш вернікаў прысутнічала ў касцёле.

Місіі рыхтуюцца яшчэ з большай адказнасцю. І праводзяцца досыць рэдка. У нашай парафіі за гады працы кс. Яцка адбылося 3 Місіі: у 1993, 2005 і 2013 гадах. Навукі рыхтуюцца асобна для розных катэгорый парафіян: школьнікаў, моладзі, мужчын, жанчын, шлюбных пар і г.д. Падрыхтаваныя трактаты кс. Яцэк размножвае, каб кожны зацікаўлены ў паглыбленні рэлігійных ведаў мог не раз звярнуцца да іх.

Крыжовы Шлях

У час Вялікага Посту вельмі важным з’яўляецца ўдзел вернікаў у Крыжовым Шляху Хрыста, які праводзіцца двойчы на тыдзень: у сераду і пятніцу. Прытым – асобна для дзяцей і дарослых. Кожны год гэтае набажэнства мае свае асаблівасці. Разважанні да кожнага прыпынку рыхтуюць члены Ружаў Жывога Ружанца. Кс. Яцэк вельмі заахвочвае парафіян, каб яны рыхтавалі ананімныя споведзі-пісьмы, якія б выкарыстоўваліся пры падрыхтоўцы разважанняў.

Рараты

А вось напярэдадні Нараджэння Хрыста набажэнствы не такія цяжкія для душы. Хоць гэта і пост (Адвэнт), але не такі строгі, як Вялікі. Дзеці і дарослыя прыходзяць на ранішнія ці вячэрнія службы са свечкамі, якія запальваюцца ў поўнай цемры, і дзеці просяць маленькага Хрыста (а яго фігурка тут, побач з алтаром) хутчэй прыйсці да людзей, прынесці ім святло свайго любячага сэрца. Дзеці на занятках па катэхізісу рыхтуюць прыгожыя аздабленні для сваіх ліхтарыкаў, спаборнічаючы адзін з адным у арыгінальнасці і рознаколернасці “домікаў” для асвятляльнікаў цемры.

Перэгрынацыі

Аб’ядноўваюць вернікаў і абагачаюць іх веды перыгрынацыі абразоў. Сваё падарожжа па касцёлах святыя абразы пачынаюць з розных мясцін – гледзячы па тым, да якой дыяцэзіі яны належаць. Напрыклад, укаранаваная ў гродзенскай катэдры Маці Божая Кангрэгацкая (Снежная) пачынала свой шлях з Гродна. Маці Божая Фацімская, што двойчы наведала зэльвенскі храм, прыйшла да нас са сталіцы. Маліліся мы перад Маці Божай Будслаўскай, Тракельскай, Вастрабрамскай…

Пра перэгрынацыю абраза Маці Божай Вастрабрамскай трэба расказаць крыху падрабязней. Рыхтуючыся да 100-годдзя нашай святыні, кс. Яцэк зрабіў некалькі копій гэтага вельмі любімага і каталікамі, і праваслаўнымі вобліка Божай Маці. Каб паспець разам памаліцца ў кожным каталіцкім доме, святар склаў падрабязны графік наведванняў. У той дзень, калі ксёндз з абразом павінен быць у доме, усе сямейнікі прыходзілі ў касцёл, прыступалі да споведзі, каб з чыстым сэрцам сустракаць потым Марыю ў сваім доме. Да моманту 100-гадовага юбілею кожная сям’я была падрыхтавана да яго святкавання.

Значнай падзеяй для ўсіх зэльвенцаў была перэгрынацыя Плашчаніцы ў 2006 годзе. Фотакопія Турынскай плашчаніцы трапіла ў Беларусь у 2002 годзе дзякуючы пробашчу касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслава Завальнюка. На той момант існавала 7 фотакопій: 5 – на Захадзе, 1 – у Расіі і вось сёмая – у Беларусі. Як заўсёды перад значнай падзеяй кс. Яцэк шмат расказваў пра гісторыю пахавальнага палатна, у якое пасля страшных здзекаў і смерці быў загорнуты Ісус, сардэчна і шчыра запрашаў дакрануцца да гэтай рэліквіі і фізічна,
і духоўна.

Пілігрымкі

“Згаладаныя” па духоўным жыцці зэльвенцы ў першыя ж гады аднаўлення касцёла не прапускалі ніводнай магчымасці наведаць знакавыя для кожнага хрысціяніна мясціны. Маліліся ў касцёле Вострай Брамы ў Вільні, у Будславе, у Тракелях, Магілёве, Росі… Ездзілі нават на спатканне з папай Янам Паўлам II, калі ён наведваў Польшчу і Прыбалтыку.

Акцыя “Дар сэрца”

Вестка аб спагадлівым сэрцы кс. Яцка разнеслася далёка па наваколлі, і да яго стала звяртацца так шмат людзей, што аднойчы ён збянтэжана ўзмаліўся: “Я ж не Хрыстос, каб накарміць усіх галодных”. Так узнікла і дзейнічае акцыя “Дар сэрца”. Уключыцца ў яе ксёндз заўсёды просіць і дзяцей. Потым з падарункамі разам з міністрантамі ідзе ў сацыяльны прытулак ці школу, віншуючы бяднейшых дзетак ці то з Калядамі, ці з Вялікаднем.


…Можна было б яшчэ доўга пералічваць зробленае святаром і вернікамі за 30 гадоў існавання адноўленага касцёла. Але для гэтага патрэбна не газетная, а кніжная прастора. Таму спынімся на гэтым і пажадаем усім зэльвецам-хрысціянам, каб вера іх мацнела з кожным годам і каб святая Тройца атуляла сваёй ласкай і праваслаўныя, і каталіцкія храмы. А куранты на касцёльнай вежы няхай ніколі не змаўкаюць, заклікаючы людзей на спатканне з Богам.

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены