Сёння каталікі адзначаюць Спасланне Духа Святога

На пяцідзесяты дзень пасля Вялікдзеня каталікі адзначаюць вялікае свята – Спасланне Духа Святога.

31 мая – адно з галоўных святаў каталіцкага календара, якое завяршае велікодны перыяд. Пяцідзесятніцай называецца таму, што святкуецца праз сем тыдняў, на 50-ы дзень пасля Вялікдзеня, калі на апосталаў сышоў Святы Дух у выглядзе вогненных языкоў (дароў Святога Духа), якія апусціліся на кожнага з іх. Пасля гэтага апосталы сталі духоўна аб’яднанымі, пачалі гаварыць на розных мовах і разышліся па ўсіх краінах свету, каб абвяшчаць Евангелле ўсім народам. Яны гаварылі на мове, поўнай адзінства з Богам і бліжнімі. Мовай дабрыні, адкрытасці, шчырасці і любові. Таму і ўрачыстасць Спаслання Духа Святога нясе радасць, прыўзнятасць і глыбокі малітоўны настрой.

–Бог не пакідае нас адных. Ён пасылае Святога Духа. Ён хоча, каб мы разумелі, што неабходна ўмацоўваць сваю веру, сваю любоў да Хрыста. Мы, хрысціяне XXI стагоддзя, сабраныя ў касцёле, прызнаемся ў сваёй слабасці і баязлівасці, асабліва ў цяперашні цяжкі час, і просім, каб Бог напоўніў нашыя душы сваім дарам. Мы ж, у сваю чаргу, павінны быць удзячнымі за кожную Божую ласку. Павінны імкнуцца да таго, каб прадстаць перад Богам з адкрытай душой, ачышчанай ад граху. І аб гэтым трэба помніць асабліва ў хвіліны выпрабавання, – падчас пропаведзі нагадаў зэльвенскім прыхаджанам настаяцель касцёла Святой Тройцы ксёндз Яцэк Маркель.

Пасля гэтага святар памаліўся словамі з гімна Святому Духу: “Клічам прыйдзі, Дух Святы, наведай вернікаў сваіх. Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны табою. Названы Суцяшыцелем, Ты – найвышэйшы Бога дар, жыцця крыніца і любоў, і ўзмацненне нашых душ. Ты злога духа адгані і супакоем адары. Заўсёды за сабой вядзі. І прабачэнне грэшным дай. Дай праз цябе Айца пазнаць і шлях да Сына пакажы. Ты – Дух любові іх Дваіх, верым табе ва ўсе часы. Богу Айцу хвала заўжды. І Сыну Уваскрэсламу. Суцяшыцелю, Табе хвала на вечныя вякі».

Вернікі ўсе разам падзякалі Пану Богу за Спасланне Духа Святога, праз малітвы і спевы праславілі Святую Адзіную Тройцу. За ласку і апеку выказалі ўдзячнасць святой Джане Берэта Молі – апякунцы і заступніцы жанчын і маці.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены