Сёння калектыў зэльвенскіх чыгуначнікаў адзначае прафесійнае свята

Калектыў зэльвенскіх чыгуначнікаў (станцыі і іншых падраздзяленняў Баранавіцкага аддзялення БЧ), як і належыць адказным за якаснае і бяспечнае абслугоўванне людзей, вельмі высокакваліфікаваны і згуртаваны. Выпадковых людзей тут няма, стаж большасці працаўнікоў налічвае дзясяткі гадоў. Хацелася б пазнаёміць чытачоў “Працы” з некаторымі членамі ўзорнага калектыву. Але пачнём з самой станцыі.

Каманда А.Ф. Сямашкі

Шэсць гадоў узначальвае станцыю “Зэльва” А.Ф. Сямашка. Яна – дастойная змена былога кіраўніка, патомнага чыгуначніка У.М. Мурына. Уладзімір Мікалаевіч шмат зрабіў па ўдасканаленні тэхналогіі працы, пераводу станцыі на камп’ютарызаваную сістэму кіравання, уводу ў дзеянне білетнай сістэмы “Экспрэс-3”, рыхтаваў дакументы на капітальны рамонт пуцей і самога будынку вакзала з прылеглай тэрыторыяй. А здзяйсняць рэканструкцыю, перажыць з калектывам усе перыпетыі працяглага рамонту давялося Алене Фёдараўне. Больш года, як памятаюць зэльвенцы, ішла работа па рэстаўрацыі.

Пасажыры вельмі ўдзячны і будаўнікам-рэканструктарам, і работнікам чыгункі за ўсё, што яны зрабілі тры гады таму назад. Зараз мы не баімся трапіць у апошні вагон цягніка, бо саскокваць у непрыстасаваным месцы, рызыкуючы ўпасці, не прыйдзецца: падаўжэнне перона пазбавіла нас ад гэтых нязручнасцяў.

Чыгуначны вакзал да рэканструкцыі…

Ва ўтульнай зале можна спакойна чакаць цягніка, у добрае надвор’е – палюбавацца кветкамі, якія даглядаюцца з любоўю. Білет атрымаеш з рук ветлівых і вопытных касіраў хутка і з неабходнымі каментарыямі. Да паслуг сустракаючых – заасфальтаваная стаянка для аўто.

і пасля (2017 год).

…Калектыў станцыі невялікі. Гэта – сама Алена Сямашка, шэсць дзяжурных па станцыі, тры білетныя касіры, прыёмаздатчык і станцыйны рабочы. Алена Фёдараўна закончыла ў свой час Гомельскі тэхнікум чыгуначнікаў, мае вопыт работы білетнага касіра і дзяжурнага па станцыі, таму лёгка знаходзіць агульную мову з кожным членам сваёй каманды. Яна ўпэўнена, што іх калектыў самы надзейны, самы дысцыплінаваны, самы высокапрафесійны. Тут кожны не разгубіцца ў няштатнай сітуацыі, справіцца з самым адказным заданнем. На змену старэйшым прыходзяць выпускнікі прафесійных устаноў адукацыі. Вось нядаўна пайшлі на заслужаны адпачынак М.Ю. Мілейка, А.А. Грасевіч. Мікалай Юльянавіч – з паста дзяжурнага па станцыі, Ала Аляксандраўна – з білетнай касы. Абое ўсё працоўнае жыццё звязалі з Зэльвенскай чыгункай. І падрыхтавалі сабе дастойную змену. На іх месцы прыйшлі адпаведна Т.І. Куцера і Н.У. Малей.

Дзяжурная па станцыі А.Г. РЫСЮК
і часова выконваючая абавязкі начальніка станцыі Д.Д. КАЗАНЦАВА.

Маладым ёсць у каго вучыцца. І намаганні старэйшых падаюць на добрую глебу. Красамоўны факт: Дар’я Казанцава, вучаніца А.Ф. Сямашкі, паспяхова замяняе Алену Фёдараўну, калі ў гэтым ёсць патрэба. А працуе выпускніца Брэсцкага каледжа чыгуначнага транспарту ўсяго толькі два гады! Вось вам і маладыя. Марыю Ботвіч грунтоўна падрыхтавала да бездакорнага выканання абавязкаў дзяжурнага па станцыі Г.С. Попка. Сама Ганна Станіславаўна не ўяўляе сябе без складанейшай працы па каардынацыі бесперапыннага жыцця станцыі з дапамогай яе пульта-табло. Тое ж можна сказаць пра А.Г. Рысюк, стаж чыгуначніка якой амаль трыццаць гадоў. (Каб не вяртацца да дзяжурных па станцыі, яшчэ вельмі цікавы факт з жыцця гэтага невялікага калектыву: Аляксандра Слёзнік разам з мужам-чыгуначнікам гадуюць траіх дзетак і спадзяюцца на прадаўжэнне дынастыі).

А.А. Грасевіч у білетнай касе замяніла Н.У. Малей. Яна – невыпадковы чалавек у калектыве. Шмат гадоў разам з В.В. Касперчыкам прымала і адпраўляла вагоны з грузамі, правярала вагоны і рыхтавала адпаведную дакументацыю. Зараз паспяхова асвоіла камп’ютарную сістэму “Экспрэс-3” і разам з вопытнымі касірамі Інай Лойка і Святланай Булыга абслугоўвае пасажыраў. (Дарэчы, Святлана Булыга і Іна Лойка працуюць білецёрамі больш за 20 гадоў. Робяць усё не толькі аператыўна, але і з вялікай любоўю да людзей і сваёй справы).

Прыёмаздатчык В.В. Касперчык – жывая легенда зэльвенскай чыгункі. Працуе ён з грузамі з 1998 года. А гэта – цесная сувязь з пастаўшчыкамі і прыёмшчыкамі мінеральных ўгнаенняў, шчэбеню, зерня, цукровых буракоў, а ў апошні час – і з вытворцамі рапсавага масла (адгружаюць гэты каштоўны прадукт ажно ў Нарвегію).
Утульнасць і прыгажосць падтрымліваюць усе работнікі, але найбольш тут клопатаў у станцыйнага рабочага Ганны Анатольеўны Сак, за што Алена Фёдараўна і астатнія ёй вельмі ўдзячны.

Калектыў станцыі цесна супрацоўнічае са Скідзельскім агракамбінатам, Гарадзейскім цукровым камбінатам, Зэльвенскай сельгасхіміяй, ДРБУ-118, ЗАА “Рапсінторг”, сельгаспрадпрыемствамі. Спакойнага жыцця няма ні ў адну пару года: ад адных арганізацый прымаюць грузы, другім – дастаўляюць. І ўсё аператыўна, каб не было прастою вагонаў.

Важны накірунак работы – пасажыраперавозкі. За суткі праз нашу станцыю праходзяць 30 цягнікоў, з іх палова – пасажырскіх. Паслугамі чыгункі ў студзені-чэрвені бягучага года скарысталіся каля 16 тысяч чалавек. Няблага для года, калі няпрошаны каронавірус намнога скараціў нашы паездкі, а з імі і сувязь з некаторымі гарадамі.

Падначаленасць іншая, задачы агульныя

А.Ф. Сямашка кіруе непасрэдна работнікамі самой станцыі “Зэльва”. Але без цеснага супрацоўніцтва з іншымі службамі, што падпарадкоўваюцца Ваўкавыскай дыстанцыі пуці, Лідскай дыстанцыі сувязі і сігналізацыі ды Ваўкавыскаму РЭСу чыгунцы ніяк не абыйсціся. Менавіта ад іх залежыць безаварыйная і бесперапынная праца на ўсім участку магістралі ад Ваўкавыска да Азярніцы.

У абавязкі калектыву А.А. Кнігі ўваходзяць тэхнічнае абслугоўванне і рамонт пуці. Калі мы спыталі, ці ёсць асабліва памятны дзень для майстра і яго падначаленых, Аляксандр Анатольевіч усміхнуўся: “У нас кожны дзень можна лічыць экстрэмальным: то дождж, то вецер, то спякота, то снег ці завіруха. Асабліва дастаецца нам падчас планавага рамонту. Хочацца паспець у тэрмін замяніць шпалы ды рэйкі, што адслужылі сваё, а надвор’е не лічыцца з нашымі планамі. Але ў нас усе вопытныя і працалюбівыя людзі, адданыя сваёй нялёгкай справе, таму спраўляемся з самымі адказнымі даручэннямі. Брыгадзіры Аляксандр Бакуш, браты Юрый і Валерый Бокій, манцёры Аляксандр Лабовіч, Яўген Папоў, Юрый Саўрасевіч ніколі не падводзяць мяне і сяброў. Вучаць і дапамагаюць маладым, вось як, напрыклад, патомнаму чыгуначніку Алегу Сямашка (сыну А.Ф.Сямашка)”.

Сам Аляксандр Анатольевіч Кніга ў гэтым годзе адзначыць 25-годдзе працы на чыгунцы. 7 гадоў працаваў манцёрам, 7 – брыгадзірам, а хутка споўніцца 11 гадоў, як адказвае за ўвесь калектыў.

Больш 30 гадоў забяспечвае электрасувязь механік А.М. Кедала (разам з манцёрам Дзмітрыем Рымшай). У іх “святая святых” – пакой з электрапрыборамі – работнікі станцыі стараюцца заглядваць нячаста. Ведаюць, што спецыялісты самі папярэдзяць іх, калі нешта ў сістэме патрабуе асаблівай пільнасці і трэба падрыхтавацца да пераходу на аўтаномны рэжым (дызель-генератар для патрэб станцыі быў устаноўлены яшчэ ў 2009 годзе).

Два Аляксандры – Сонец і Шастак – адказваюць за спраўнасць букс і тармазнога абсталявання вагонаў, таму адразу спяшаюцца да цягнікоў, як толькі тыя спыняюць рух на станцыі.

Вось такія – працавітыя і адказныя – людзі на Зэльвенскім участку чыгункі. Віншуем увесь дружны калектыў з прафесійным святам. Жадаем моцнага здароўя і далейшых поспехаў у нялёгкай справе.
А пасажырам нагадаем: калі нешта трэба ўдакладніць, званіце не ў білетную касу, а на нумар 105. Атрымаеце самую свежую і дакладную інфармацыю!

Яніна Шматко

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены