Сёлета адзначаецца 25-гадовы юбілей служэння а. Арсенія праваслаўнай царкве. З іх 15 – у Сынкавічах.

На свеце ёсць нямала людзей, адораных Богам рознымі талентамі. Адным з такіх з’яўляецца настаяцель Свята-Міхайлаўскай царквы вёскі Сынкавічы протаіерэй Арсеній Ананка.

Айцец Арсеній быў накіраваны ў наш прыход 15 гадоў таму назад, калі Сынкавіцкая царква (тады яшчэ мала вядомая) рыхтавалася да святкавання 600-гадовага юбілею. З таго часу жыццё прыхода стала жыццём настаяцеля. З самага ранку да позняга вечара, а часам нават і ноччу, пры любым надвор’і і ў любую пару года а. Арсеній знахо-
дзіцца тут, у сваім прыходзе. Спраў у яго заўсёды хапала і хапае. За гэтыя 15 гадоў царква змянілася карэнным чынам. Яе воблік, і знешні, і ўнутраны, зусім непадобны на той, што быў раней. Наваколле ажывае ад гучнага пералівістага звону, адрэстаўрыраваны сцены ўнутры храма, набыты новы дубовы іканастас, услана падлога…

Гэта далёка не ўвесь пералік тых важных, цяжкіх і затратных спраў, якія вяліся ў храме. Змянілася і царкоўная тэрыторыя: вакол святыні пакладзена плітка, разбіты клумбы, пастаўлены лавачкі для прыхаджан, працуе бібліятэка, вядзецца прапагандысцкая і выдавецкая дзейнасць, супрацоўніцтва з грамадскасцю… Не абмежаваўся настаяцель толькі тэрыторыяй храма. Акрамя яе акультурана крынічка ў в. Сынкавічы, пабудаваны дом паломніка, трапезная, купальня… Часам а. Арсеній і сам здзіўляецца: адкуль бяруцца сілы і сродкі?! Але тут жа знаходзіць адказ на гэтыя пытанні: усё па волі Божай.

Ажывілася і жыццё прыхода. У першыя гады свайго служэння ў нас а. Арсеній вельмі здзіўляўся, як у такой велічнай і старажытнай царкве на службе можа прысутнічаць адзін-два чалавекі?! Але верылася бацюшку, што прыйдзе час і царква будзе поўная народу. І зноў як у ваду глядзеў. Па волі Божай з’язджаюцца ў царкву людзі з усяго свету. І для таго, каб дакрануцца да старажытных сцен і беларускай гісторыі, і для таго, каб атрымаць дапамогу ад цудадзейнай іконы Божай Маці “Усецарыца”, якая з’явілася ў храме таксама дзякуючы яго настаяцелю.

Мясцовыя прыхаджане таксама знаходзяць дарогу да святыні. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца царкоўны хор, у якім больш чым дзесяць гадоў спяваюць і славяць Бога мясцовыя жанчыны. А ўсё таму, што аднойчы а. Арсеній знайшоў патрэбныя словы і кожнага амаль за руку прывёў сюды. Мясцовыя харысты – гэта аматары царкоўнага песнапення. Акрамя яго ёсць яшчэ святочны хор “Аксіос”, у якім сабралася сталічная моладзь – прафесіяналы-выпускнікі Акадэміі музыкі. “Аксіос” неаднаразова займаў першыя месцы нават на міжнародных конкурсах праваслаўнай песні…

Неабыякавы, вельмі неабыякавы а. Арсеній да выхавання і духоўнага жыцця падрастаючага пакалення. Ён жаданы госць у школе на святочных лінейках, днях прафілактыкі, Днях пісьменства, мітынгах і многіх іншых мерапрыемствах. З вялікай любоўю і павагай да школьнікаў святар заклікае іх рабіць дабро, захоўваць традыцыі, берагчы жыццё. Па ініцыятыве а. Арсенія штогод арганізуюцца экскурсіі для вучняў і настаўнікаў школы, а таксама мясцовай інтэлігенцыі: работнікаў амбулаторыі, аптэкі, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, паштовага аддзялення сувязі і інш. Сёлетняя экскурсія ў музей Вялікай Айчыннай вайны і тэатр музкамедыі была арганізавана ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акрамя таго, а. Арсеній з’яўляецца ініцыятарам фундатарскай дапамогі школе. І ўсё таму, што мае вялікае сэрца, імкнецца дапамагчы ўсім і кожнаму,
падае асабісты прыклад дабра, гуманізму і любові…

Дзейнасць а. Арсенія вельмі шматгранная, таму цяжка пералічыць усё, што ён робіць для прыходу і царквы. Аднак верыцца, што яшчэ большае – наперадзе. Таму што ў нашага настаяцеля шмат планаў і новых задум, якія, па волі Божай, павінны збыцца.

Сёлета адзначаецца 25-гадовы юбілей служэння а. Арсенія праваслаўнай царкве. Мы ганарымся, што асабіста знаёмы з такім вядомым і вялікім чалавекам, які не шкадуе сіл і здароўя для нас усіх. У любы час мы можам звярнуцца да яго за дапамогай, парадай, падтрымкай і проста добрым словам. Служэнне а. Арсенія – гэта аказанне дапамогі ўсім, каму яна патрэбна. Таму што яно вырастае з чыстай любові да Госпада, а таксама з любові, спагады і разумення да ўсіх людзей. А гэта – вялікая ахвяра.

Ад імя ўсіх прыхаджан выказваю вялікую ўдзячнасць настаяцелю за гэта, віншую са значнай датай, жадаю сіл і здароўя на служэнне Госпаду і людзям яшчэ многія і многія гады.
Мы разумеем: Вам няпроста!
Таму жадаем многа сіл.
І просім Госпада, каб мноства
Гадоў яшчэ Вам падарыў.
Жадаем Вам: хай Ангел будзе
Вас берагчы ад бед і зла.
А ўсё, што дорыце Вы людзям
,
Каб Вам вярнулася спаўна.

Святлана Літвінчык

Вам может быть интересно

Комментарии отключены