Нашаму зямляку Мікалаю Санукевічу – 70 год!

4 студзеня, 70-ы дзень нараджэння адзначае Мікалай Санукевіч. Усё сваё жыццё ён звязаў з роднай Зэльвеншчынай.

Дзяцінства і юнацтва

Нарадзіўся Мікалай у мнагадзетнай сям’і ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Васільевіча і Валянціны Міхайлаўны Санукевічаў у в. Дабрасельцы ў 1950 годзе. Дзеці амаль не мелі вольнага часу, бо дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Атрымаўшы працоўную загартоўку змалку, Мікалай адразу звязаў сваё жыццё з сельскагаспадарчай сферай.

Зігзагі лёсу

У 1966 годзе Мікалай становіцца студэнтам-завочнікам Гродзенскага сельгасінстытута. Працуе ўчотчыкам. Калі загадчык яго ўчастка паехаў на паўгадавыя курсы, у 17 год становіцца гаспадаром участка. Напэўна, службовая лесвіца Мікалая не была б такой пакручастай, калі б ён працягваў працаваць у калгасе.

Нечакана для яго самога пачаліся змены ў лёсе. Першым паваротам стала прызначэнне сакратара камсамольскай арганізацыі калгаса на пасаду загадчыка Рудзевіцкага сельскага клуба. Ужо тут пачалі праяўляцца арганізатарскія здольнасці Мікалая. У клубе заўсёды было людна: днём – дзеці, вечарам – дарослыя. І ўсім Мікалай знаходзіў справу па душы. Ва ўсіх конкурсах быў завадатарам. Зноў Мікалаю прапануюць крута павярнуць лінію лёсу. У Крамяніцкім сельсавеце вызвалілася пасада сакратара. У 19 год юнак пачынае асвойваць азы зусім незнаёмай яму работы. Працаваў з ахвотай, унікаў ва ўсе тонкасці праблем мясцовай улады. Праз няпоўныя 2 гады яму ўжо даверылі пасаду старшыні суседняга Ялуцавіцкага сельсавета. Калі рэарганізавалі названы сельсавет, Мікалай ужо вучыўся на пятым курсе сельгасінстытута.

“Свая” работа

У раёне даўно прыглядаліся да энергічнага маладога чалавека, які з поўнай аддачай працуе на любой пасадзе. І як толькі Мікалай Уладзіміравіч атрымаў дыплом, яго накіравалі на пасаду галоўнага агранома калгаса “Кастрычнік”. Амаль 4 гады разрываўся між чатырма абавязкамі: сакратара партарганізацыі, намесніка старшыні, прапагандыста і “сваім, крэўным” абавязкам – галоўнага агранома. Без падтрымкі старшыні калгаса Клыбіка М.А., агранома па адукацыі, старшыні раённага выканаўчага камітэта Падворнага П.Ф., першага сакратара РК КПБ Шыхаўца М.С. наўрад ці што атрымалася б у маладога спецыяліста. Але старэйшыя кіраўнікі ў поўным сэнсе слова адносіліся да яго па-бацькоўску: спуску не давалі, але дарэмна і не “білі”. Дапамагала і сялянская “закваска”, падтрымка вопытных загадчыкаў участкаў: Стасюкевіча І.А., Анікеева Ф.І., Карозы І.М., Канавалік (Новік) С.У.

“Кастрычнік” у 1973 годзе па выніках работы за мінулы год быў узнагароджаны ажно чатырма Пераходнымі Чырвонымі Сцягамі. Была ў гэтых узнагародах немалая доля працы маладога агранома. Менавіта ў “Кастрычніку” ён стаў ударнікам 9-й пяцігодкі, пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, кавалерам ордэна “Знак Пашаны”. Тут вучыўся кіраваць гаспадаркай, бо як намеснік старшыні часта замяняў яго ў час адлучак.

Кіраўнік дзвюх гаспадарак

У 1976 годзе Мікалаю Уладзіміравічу давяраюць адзін з самых адсталых калгасаў раёна. У “Расіі” тады было 2 тысячы гектараў ворыва вакол вёсак Задвор’е, Клепачы, Міжэрычы і Шэйкі. А ў банку – ні капейкі сваіх грошай, толькі 297 тысяч руб. пазыкі.

З чаго пачынаць? Калі замяняў старшыню ў “Кастрычніку”, там усё было наладжана. Сачыў, каб толькі выконвалася запланаванае, рашэнні прымаліся не ім. Тут цалкам усё будзе залежаць ад умення бачыць перспектыву, вылучаць галоўнае і даводзіць да канца намечанае. Нялёгка было рашыцца на гэту пасаду, але калі кінуў выклік сам сабе і калгаснікам (на сходзе жартаваў, што не толькі пяцігодку тут намераны працаваць, але і да выхаду на пенсію), трэба было шукаць выйсце.

Мікалай Уладзіміравіч звярнуўся да былога старшыні, каб параіцца з ім, знайсці тое самае слабое звяно, з якога і трэба пачынаць. Верны самому сабе, раіцца з вопытнымі калгаснікамі, асабліва механізатарамі. Узяўшыся за абнаўленне машынна-трактарнага парка (першае слабое звяно), трэба было думаць аб яго рацыянальным выкарыстанні. Гэта значыць, аддаваць новыя машыны ў рукі самых спрактыкаваных і дысцыплінаваных. Яны былі. Сярод іх – Штукель І.С., Марцінчык Ч.В., Бяляўскі Ч.К., Данько М.М., Жыдок І.А. і іншыя.

Як і ў “Кастрычніку”, апіраўся на веды і вопыт загадчыкаў участкаў, якія ведалі асаблівасці кожнага поля і падказвалі ахвочаму да навукі і практыкі маладому старшыні ўсе плюсы і мінусы кожнага гектара зямлі.

Кармавая база таксама была ў полі зроку старшыні. Кадры ў жывёлагадоўлі былі вопытныя і старанныя. Напрыклад, загадчыца фермы в.Клепачы Буйко Н.С. днявала і начавала на ферме. Трэба было толькі зацікавіць людзей, намеціць перспектыву. Вырашыў як мага больш здаваць звышпланавай прадукцыі, за якую і плацілі значна лепш.

Сялянскі сын, ён ведаў: справы ў агульнай гаспадарцы будуць добрымі тады, калі калгаснік будзе спакойны за асабістае падвор’е. Людзям пачалі выдзяляць для хатняй жывёлы 50% вырашчанай бручкі і кармавых буракоў. Кожны квартал жывёлаводам па льготнай цане выпісвалі зерне, механізатары адзін раз у год маглі бясплатна браць трактар для падвозу паліва. Не абыходзілі ўвагай ветэранаў вайны, заслужаных калгаснікаў. Пры падвядзенні вынікаў сацыялістычнага спаборніцтва перадавікі атрымлівалі прэміі. Пры неабходнасці пераглядаліся нормы выпрацоўкі, значыць, павялічваўся заробак людзей.

Усе ўчасткі прытрымліваліся самых перадавых тэхналогій апрацоўкі зямлі. Неўзабаве галоўны аграном сельгасупраўлення Змітрукевіч А.А. выбраў “Расію” месцам правядзення семінара па апрацоўцы глебы.

Па выніках 1977 года Санукевіч М.У. як самы малады старшыня калгаса ў рэспубліцы быў абраны членам ЦК камсамола Беларусі.

У 1977 годзе атрымалі значную прыбаўку да мінулага года па вытворчасці малака. Першы сакратар РК КПБ Шыхавец М.С. уручыў калгасу Пераходны Чырвоны Сцяг.

За 4 гады работы старшынёй “Расіі” Санукевіч змог арганізаваць работу так, што ўраджайнасць зерневых паднялася з 19 ц з 1 га да 25,9 ц, надоі малака на карову павысіліся з 1598 да 2972 літраў. Упершыню на рахунку калгаса з’явіліся грошы. Іх выкарыстоўвалі ашчадна. У асноўным на будаўніцтва кароўніка ў в. Шэйкі, зернесклада ў в. Клепачы, набыццё тэхнікі і г.д.

У сувязі з аб’яднаннем “Расіі” з “Перамогай” Мікалай Уладзіміравіч зноў апынуўся ў “Кастрычніку”. На гэты раз у ролі кіраўніка гаспадаркі (Клыбіка М.Л. перавялі ў Зэльвенскую райсельгасхімію).

Ужо маючы некаторы вопыт будаўніцтва ў “Расіі”, вырашыў не здаваць пазіцый і ў “Кастрычніку”. Гаспадарчым спосабам пабудавалі для спецыялістаў 10 дамоў, дабудавалі пачатыя папярэднікам механічныя майстэрні, зрабілі павеці для сельскагаспадарчых машын і камбайнаў, сенасховішча на цэнтральнай ферме, кароўнік у Пічуках. Работа без выхадных і адпачынку адбівалася на здароўі. Перанёс інсульт. Урачы настойліва рэкамендавалі працу хоць з адным выхадным у тыдзень. Доўга не згаджаліся спецыялісты развітвацца са старшынёй. Але давялося.

Зноў сельскі савет

Кіраўніцтва раёна шукала для Мікалая Уладзіміравіча работу. Знайсці яе аказалася не так і цяжка. Усе гады Санукевіч быў дэпутатам райсавета, ды і праца ў мясцовых органах улады на пачатку працоўнага жыцця не забылася. Таму, калі прапанавалі месца старшыні ў Дзярэчынскім сельсавеце, ён доўга не вагаўся. Ведаў, што справіцца. Ды хоць у нядзелю зможа крыху пабыць з сям’ёй, адпачыць ад безлічы гаспадарскіх праблем.

Старшынскае крэсла пуставала цэлых паўгода, спраў тэрміновых сабралася нямала. Як заўсёды ў жыцці, Мікалай Уладзіміравіч умеў знайсці выхад з розных сітуацый. Мяняліся ў калгасах сельсавета кіраўнікі, а ён заўсёды знаходзіў агульную мову з кожным: і са Змітрукевічам А.А., Сідоркам С.В., Кармызавай С.А. (“Бальшавік”), і з Марцутай Г.М., Сачком В.І. (“Зальвянка”), і з Ганчаруком У.І., Зыбко Р.Ю., Мацкевічам А.М., Шынкевічам Г.Я., Карлоўскай Т.К. (“Светлы шлях”).

Наладжваць справу было лягчэй яшчэ і таму, што калектыў мясцовай улады быў вельмі вопытным і старанным. А Мікалай Уладзіміравіч ніколі не мяняў вопытных людзей проста так, “пад сябе”. Таму і сягоння з удзячнасцю згадвае сакратара сельсавета Болбат Ф.А., бухгалтараў Галавач М.П. і Сліж Т.В., спецыяліста па падатках і зборах Ламака М.К.

Вялікую дапамогу аказвалі дэпутаты сельсавета. Пералічыць усіх проста немагчыма. Яно і зразумела: у Дзярэчынскім сельсавеце 14 вёсак, да 1985 года (пачатак працы старшынёй), было больш 3000 чалавек насельніцтва. Адных кіраўнікоў школ, садкоў, ФАПаў, клубаў, бібліятэк ды магазінаў больш дваццаці, многія ўсё жыццё аддалі любімай справе (Гаўрон І.А., Венская Г.П., Гаркавы М.У., Сончык А.А., Януль М.К. і інш.). Самых лепшых слоў заслугоўваюць старасты вёсак, без якіх немагчыма было ўявіць работу з насельніцтвам: Жак Т.М., Чапрасава Г.Л., Дубатоўка У.І., Сонец У.М., Бекіш В.У, Сабуць Л.С.

Многае давялося рашаць за больш чым 20 гадоў работы ў Дзярэчынскім сельсавеце. Добраўпарадкоўвалі вёскі, узводзілі новыя або рамантавалі старыя агароджы, выкарчоўвалі старыя дрэвы на могілках і таксама абносілі іх агароджамі. Разам з культработнікамі ладзілі святы вёсак, замацоўвалі новыя абрады і звычаі, зберагалі старыя.

Вялікіх намаганняў патрабавала работа па арганізацыі закупак малака ад насельніцтва. Тут штогод вызначаліся малаказборшчыкі Марцішык Я.І. і Супрун А.У.

Сумесна з упраўленнем па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама (Заяц М.П.) дабіваліся, каб ні адзін ветэран, інвалід ці адзінокі пажылы чалавек не засталіся без паліва, медыкаментаў, прадуктаў харчавання першай неабходнасці. У дамах пажылых людзей за кошт сродкаў сельвыканкама рамантаваліся печы, мянялася электраправодка. Удзельнікам вайны і іх сем’ям апрацоўваліся за кошт гаспадарак зямельныя надзелы.

Асабісты лёс

Свой асабісты лёс Мікалай Уладзіміравіч сустрэў у 19-гадовым узросце. Яго спадарожніцай стала работніца Крамяніцкага сельсавета Галіна Сліж. Куды б ні кідала жыццё мужа, якія б ні былі бытавыя ўмовы, – яна цярпліва зносіла ўсе выпрабаванні. Працавала то касірам, то эканамістам, то бухгалтарам, гледзячы па абставінах. Як прызнаецца сам Мікалай Уладзіміравіч, асноўная нагрузка ў сям’і клалася на плечы жонкі, бо яму заўсёды не ставала часу. Ганарацца Санукевічы трыма сынамі, якія атрымалі вышэйшую адукацыю і таксама маюць свае сем’і.

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены