Як прайшло супрацоўніцтва Князеўскай сярэдняй школы і Зэльвенскага РАНС

Напэўна, пра супрацоўнікаў Зэльвенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях вучні Князеўскай сярэдняй школы могуць гаварыць бясконца і называць іх інакш, як сябрамі, не могуць.

Стала добрай традыцыяй на працягу многіх гадоў ладзіць карыснае ўзаемадзеянне школьнікаў і выратавальнікаў. Толькі на працягу 2020/2021 навучальнага года было арганізавана некалькі сустрэч па розных накірунках.

Двойчы ў год пад кантролем супрацоўнікаў праходзіць вучэбная эвакуацыя. Педагагічны калектыў установы добра разумее, што адпрацаваныя навыкі па бяспечным знаходжанні ў школе будуць карыснымі ў любой пазаштатнай сітуацыі.

Не абыходзяць увагай супрацоўнікі РАНС і прафарыентацыйны накірунак. Знаёмяцца штогод з вучнямі 7 класа, вылучаюць сярод іх тых, хто мае намер выбраць прафесію выратавальніка, і арганізуюць суправаджэнне аж да самага залічэння ў спецыялізаваную навучальную ўстанову. Сёлета яно арганізавана для выпускніка школы Яскевіча Аляксея. Дарэчы, на Зэльвеншчыне ў выратавальнай службе працуе некалькі былых вучняў нашай установы.

На працягу некалькіх гадоў у школе наладжана падпіска на часопіс “Юны выратавальнік”, і матэрыялы яго выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай і прафілактычнай рабоце з вучнямі. Таму нам вельмі прыемна, што, калі прадстаўнікі рэдакцыі папулярнага выдання наведваюць Зэльвенскі раён, то абавязкова сустракаюцца з вучнямі Князеўскай школы, ладзяць для іх віктарыны, конкурсы. Пасля такіх візітаў у школьнікаў застаюцца шматлікія падарункі. 2020/2021 навучальны год таксама не стаў выключэннем.

Патрэбна адзначыць, што вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў штогод прымаюць удзел у конкурсах, якія праводзяцца па лініі МНС, і нярэдка становяцца не толькі іх прызёрамі, але і абсалютнымі пераможцамі. У 2020/2021 навучальным годзе пад кіраўніцтвам настаўнікаў-дэфектолагаў Кашчыц Л.Р. і Сабуць Г.Т. вучні Карпей Марта і Каспярэц Кацярына, Жук Яўгеній і Руды Кірыл сталі прызёрамі абласных этапаў конкурсаў “Букет бяспекі” і “Выратавальнікі вачыма дзяцей”.

Штогод (у час летніх канікул) у школе арганізуецца аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей. Сярод самых відовішчных мерапрыемстваў – сустрэча з выратавальнікамі. Як яна прайшла сёлета? У першыя дні працы “Вясёлкі” ў рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню” на школьным стадыёне з баявым раскладам развярнулася звяно выратавальнай часці. Выклаўшы на бегавой дарожцы ўсю “сваю амуніцыю”, якая выкарыстоўваецца пры ліквідацыі пазаштатнай сітуацыі, выратавальнікі расказалі, а пасля прадэманстравалі, як ёю карыстаюцца. Кульмінацыяй сустрэчы стаў момант, калі выратавальнік забраўся па пажарнай лесвіцы на вышыню шматпавярховага дома і спусціўся на зямлю пры дапамозе прыстасаванняў для альпінізму. У завяршэнне сустрэчы выратавальнікі падарылі дзецям “фантан”, выпушчаны з пажарнага рукава.

Уражанні ад сустрэчы:

Антон Капыловіч, вучань 7 класа:

– Гэта было здорава! Асабіста я вельмі хваляваўся, калі пажарны палез па лесвіцы ўверх. Баяўся, каб ён не ўпаў. Аднак у выратавальнікі ідуць служыць толькі смелыя людзі – упэўніўся ў гэтым.

Баброўская Паліна, вучаніца 6 класа:

– Я кожны раз рада сустракацца з выратавальнікамі. А сёння мне было вельмі цікава, калі яны нам надзелі каскі, далі падыхаць кіслародам, а пасля па нашай просьбе зрабілі фантан з вады, пад якім мы бегалі басанож.

Намеснік дырэктара

Князеўскай СШ Вольга НАРУШ

Фота Ганны РАЎКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены