Станіслава Прызван сваім голасам праславіла Зэльвеншчыну далёка за межамі раёна

Калі спявае Станіслава Прызван – адгукаецца ўсё самае найлепшае ў чалавечай душы. Хочацца стаць дастойным і ў думках, і ва ўчынках. Хочацца з любасцю абняць увесь свет і зрабіць яго хоць крышачку дабрэйшым. Непаўторны тэмбр голаса чаруе, бярэ ў палон і маладога, і старога. У маі ў Станіславы Станіславаўны юбілейны дзень нараджэння. Наш аповед пра яе – сціплы падарунак гэтай унікальнай жанчыне, якая сваім залатым голасам праславіла Зэльвеншчыну далёка за межамі раёна.

З СЯМ’І ТАЛЕНАВІТЫХ

Домік Казакевічаў, у якім нарадзілася Станіслава, стаіць на горцы. Раней яна называлася Касцельнай, зараз больш вядомая як гара комплексу Баявой Славы. Уся вялікая сям’я Казакевічаў (бацькі і васьмёра дзяцей) была не толькі працалюбівай, але і вельмі таленавітай. Усе касілі, аралі, жалі. І – спявалі!

На гары, на крутой,
Над Зяльвянкай ракой
Лет назад… не аб гэтым размова, –
У свет дзяўчына прыйшла,
Як заранка-краса,
І расці пачала на прыволлі.
Галасістай была ў дзяўчынкі сям’я.
Уся Зэльва ўміг замірала,
Як ляцела мелодыя зверху, здаля, –
Стася сёстраў сваіх усіх зацьмяла…

Дырыжорамі і мастацкімі кіраўнікамі сямейнага хору былі бацькі. Асабліва карыснымі аказваліся парады маці: яна спявала ў царкоўным хоры. Фальшу не даравалі ні старэйшым, ні малодшым. І яны змалку прывыклі адказна ставіцца да кожнай ноты.

Хоць і цяжка жылося матэрыяльна, бацькі не супраціўляліся жаданню дзяцей вучыцца. І пакуль быў жывы бацька (вельмі кваліфікаваны шавец), старэйшыя Стасіны сёстры паспелі атрымаць прафесійную адукацыю: Уладзіслава стала зубным урачом, Раіса – работнікам культуры. Абедзве былі заўважаны Генадзем Цітовічам, які ў 1952 годзе стварыў Дзяржаўны хор БССР і набіраў таленавітых маладых дзяўчат і хлопцаў у свой калектыў. Сёння мала хто можа зразумець, якую ўладу над душамі беларусаў меў гэты славуты хор у 60-я і 70-я гады. У ім спявалі заслужаныя артысткі БССР Марыя Адамейка і Ганна Аўдзеенка, для яго тварылі кампазітары Яўген Глебаў, Дзмітрый Лукас, Ігар Лучанок, Юрый Семяняка, Яўген Цікоцкі… Калектыў віталі ў Венгрыі, Балгарыі, Польшчы, Канадзе, Фінляндыі, Францыі. І вось у такім калектыве спявала і Раіса Казакевіч. (Уладзіслава як урач не магла цалкам аддацца песеннай творчасці).

…На жаль, калі закончыла школу Станіслава, бацькі ў жывых ужо не было, і мама не змагла даць дабро на вучобу дачкі ў музычнай установе, хоць яна з лёгкасцю была прынята ў Маладзечанскае музычнае вучылішча.

Эх, калі б дастатак да таленту быў,
Сёння б Стася ў Оперным ззяла,
І на сцэнах прэстыжных, у Ла-Скала самім
Станіслава б выступала!

ПРАЦА І ПЕСНЯ

Паплакала Станіслава – і пайшла працаваць. Першым месцам быў Крамяніцкі сельскі клуб. Тут Станіслава ўдзельнічала ў шматлікіх выступленнях перад калгаснікамі. Спазнала сапраўдную радасць ад прызнання ўдзячных слухачоў. Рэдкае яе выступленне праходзіла без выклікаў на “біс”. Яна назапашвала рэпертуар, папаўняла яго песнямі, любімымі мясцовымі жыхарамі. З той пары “хітамі” сталі такія творы, як “Толькі з табою”, “Не шукай”, “Як правёў мяне Цімох”, “Мой край” (дарэчы, песні гэтыя выконваліся хорам Генадзя Цітовіча, таму сястра Раіса была вельмі задаволена рэпертуарам малодшай сястрычкі).

Вельмі хутка Станіславе давялося паўтарыць лёс многіх таленавітых прыгожых дзяўчат: каб спыніць нежартоўныя бойкі хлопцаў за яе сэрца – выйсці замуж. Выбрала ў спадарожнікі такога ж беднага
хлопца-сірату, як сама. І пачалося напружанае сямейнае жыццё: узвядзенне свайго дома, нараджэнне дзяцей, пошукі дастойна аплачваемай працы.

Зэльве пашанцавала, што Прызваны засталіся на радзіме: Станіславу з радасцю ўзялі ў раённы Дом культуры. Тут яе талент змог раскрыцца цалкам дзякуючы ўдзелу ў розных конкурсах як Рэспубліканскага, так і Усесаюзнага маштабаў. Адной з першых значных перамог стала лаўрэацтва на I Усесаюзным фестывалі мастацкай самадзейнасці. А потым перамогі і прызнанні пайшлі адно за адным, так што і згадаць пра ўсе немагчыма.

У тыя гады ў Зэльве з вялікім поспехам выступаў ансамбль “Русічы”, мастацкім кіраўніком якога быў брат Станіславы – Станіслаў Казакевіч. Галоўнымі салістамі, вядома, былі брат і сястра. У 1976 годзе ансамбль прыняў удзел у Міжрэспубліканскім конкурсе песні “Юность Полесья” у Салігорску. Спачатку Станіслаў і Станіслава выступалі дуэтам. А потым Станіслава выйшла на сцэну адна. Зала і дуэт прыняла з захапленнем. А пры першых гуках сольнага выканання застыла ад уражання.

З першымі ж словамі песні і журы, і слухачы ўсхапіліся з месца. А потым доўга апладзіравалі спявачцы. Старшыня журы выбег на сцэну і ўласнаручна ўручыў ёй Дыплом лепшай салісткі конкурсу і крыштальную вазу.

Пасля заканчэння конкурсу М.Т. Мінкевіч (загадчык аддзела метадычнага цэнтра і старшыня журы) паклікаў да сябе зэльвенскую салістку і прапанаваў ні многа ні мала… пераехаць у Мінск. Ён абяцаў дапамагчы з паступленнем на вучобу і прапіскай у сталіцы. І быў у шоку ад адмовы. Чым матывавала свой адказ Станіслава? Ды тым, што ў яе сям’я, дом… Так сталіца страціла, а Зэльва атрымала ўнікальны талент.

Гонар Зэльвы яна бараніла не раз
І культуры прыносіла славу!
У захапленні ўскоквалі з месц гледачы –
Выклікалі на “біс” Станіславу.

Не адзін Мінкевіч спрабаваў “украсці” з Зэльвы Станіславу Прызван. Была ў яе магчымасць пераехаць ў Гродна і там забяспечыць сабе артыстычную кар’еру. Напэўна, яна мела права так распарадзіцца сваім рэдкасным талентам. І муж з дачушкамі пакрыўджанымі не былі б. Ды не такая жанчына Станіслава, каб думаць пра сябе. Ёй тады здавалася, што яна здрадзіць сваёй сям’і, свайму з такой цяжкасцю збудаванаму дому…

Станіслава засталася ў Зэльве. Ніколі не адмаўлялася ад удзелу ў шматлікіх выступленнях. І з ансамблем “Русічы”, і з калектывам Канстанціна Дзегцярова, і з вакальнай групай РДК. Калі раённая
бібліятэка наладзіла выезды ў аддаленыя вёскі раёна, дзе не было стацыянарных устаноў культуры, Станіслава разам з Тамарай Кісель і іншымі энтузіястамі заўсёды аздабляла сваім талентам кожнае мерапрыемства. Бібліятэкары рэкламавалі творы пісьменнікаў, а Станіслава з сябрамі – любімыя сельскімі жанчынамі песні. Гэткае супрацоўніцтва было плённым для ўсіх.

А калі ў школе №2 гарпасёлка пачаліся сустрэчы з яе былым выпускніком Уладзімірам Мазго, Станіслава адразу адгукнулася на просьбу арганізатараў сустрэчы падрыхтаваць песенны падарунак для паэта. Больш таго, яна падказала імя самадзейнага кампазітара, які можа напісаць дастойную музыку. І так узнікла песня “Вяртанне” на словы Уладзіміра Мазго. Кампазітар Аляксандр Сямёнчык сам жа
акампаніраваў. Паэт быў вельмі расчулены: да яго быццам вярнулася юнацтва, калі ён, старшакласнік, пісаў вершы для “Русічаў”, а Станіслаў і Станіслава выконвалі іх…

МАЙСТАР-КЛАСЫ АД СТАНІСЛАВЫ

Станіслава мае столькі здольнасцей, што лягчэй назваць тое, чаго яна не можа, чым пералічыць усе яе ўмельствы. І гэта тычыцца не толькі сялянскай працы, да якой прывучана з маленства (нават з касцамі магла паспаборнічаць!). Яна цудоўны майстар-інкрустатар. Рэчы з саломкі ўпрыгожвалі як свой дом, так і пакоі сяброў, бо Станіслава вельмі любіць дарыць свае вырабы дарагім яе сэрцу людзям. Калі пайшла мода на пляценне з папяровай лазы, хутка асвоіла гэтую тэхніку і нават правяла майстар-клас у бібліятэцы для тых, хто хацеў бы займацца цікавай справай.

Бо не толькі пявунья яна,
Надзяліў яе Бог шчодра-шчодра:

Да любое работы спрыт мае яна,
Сэрца ж – чулае, светлае, добрае.
Шчодра дзеліцца талентам з намі,
Майстар-класы дае для ўсіх.
Не лянуйся, прыйдзі к Станіславе –
Выйдзеш знаўцам акрыленым з іх.

Добра памятаюць зэльвенцы Станіславу і як актрысу. Са спектаклем “Бяда ад пяшчотнага сэрца” па п’есе У. Салагуба яна дастойна вытупіла ў Лідзе і на раённай сцэне. Прычым Станіслава праявіла сябе не толькі як цудоўная выканаўца роляў Дар’і Сямёнаўны, але і як касцюмер. Шыла ды аздабляла сцэнічныя касцюмы не толькі свае, але і іншых. То карункі спляце, то касынку завяжа, то насовачку абробіць. А трэба на стол абрус – калі ласка: то пруткамі, то кручком звяжа. Здаецца, няма такой справы, якая непадуладна спрытным рукам нашай зорачкі.

СПРАВЫ СЯМЕЙНЫЯ

Дзвюх дачушак яна нарадзіла,
Усё ў руках і іхніх гарыць,
Бо матуля ўсім надзяліла,
Чым яе Бог саму адарыў.

Дочкі Прызванаў, Людміла і Лілія, такія ж таленавітыя, як матуля. Пакуль вучыліся ў школе, спявалі разам на сцэне РДК. Лілія закончыла музычную школу па класе баяна. І хоць далей у музычным накірунку не пайшла (мае дзве вышэйшыя адукацыі па педагогіцы), але ахвотна ўдзельнічае ў розных конкурсах, што ладзяцца ў Ваўкавыскім раёне. Людміла мае тэхнічную адукацыю, як і яе дачка Карына (дачка Ліліі вучыцца ў ГрДУ на дызайнера). Усім ім дапамаглі стаць на ногі Альфрэд Цэзар’евіч і Станіслава Станіславаўна, і вельмі ганарацца дачушкамі і ўнучкамі.

РАДАСЦІ ПЕНСІЙНАГА ЖЫЦЦЯ

Першыя некалькі гадоў на пенсіі наша гераіня не праяўляла вялікай актыўнасці: адпачывала пасля напружанага працоўнага жыцця, калі трэба было паспяваць і на працы, і дома, і да канцэртных выступленняў рыхтавацца. А крыху нацешылася воляй – засумавала. Тады ўжо не стала адмаўляцца ад запрашэнняў былых калег па РДК: узнаўляла старыя, рыхтавала новыя песні для выступлення. А
потым і ў хор “Успамін” прыйшла. Жыццё зноў стала падобным да ранейшага: рэпетыцыі, выступленні, паездкі з канцэртамі ў суседнія гарады. Конкурсы “Супер-бабушка”, “Весенняя капель”, “Не стареют душой ветераны”, выступленні з клубам “Спявай, душа” ЦСАН… Зноў граматы, дыпломы, падзякі.

У 2012 годзе Станіслава Станіславаў на паспяхова выступае на XI Рэспубліканскім фестывалі народнай творчасці. У 2013-м адзіная ад Гродзеншчыны вылучана на III Рэспубліканскі конкурс “Песні Перамогі”. Нават ёй, звыклай да розных сцэн, было спачатку ніякавата: вельмі высокапрафесійнымі былі сапернікі. А старшыня журы – адзін з любімых кампазітараў – Эдуард Зарыцкі. Адказнасць, ды яшчэ якая! Вынік – трэцяе месца!

У 2017-м Станіслава Станіславаўна ўдзельнічае ў “Славянскім базары” у Віцебску, рэкламаваць які няма патрэбы. У яго рамках нямала розных конкурсаў. Наша пявуння змагалася ў намінацыі “Эстрадный вокал” з артыстамі некалькіх краін свету. Што і казаць: хвалявання хоць адбаўляй. А сустрэчы якія: Ядвіга Паплаўская, Ігар Лучанок. Ён, старшыня журы, быў заварожаны, як калісьці Мінкевіч і Зарыцкі, талентам зэльвенкі. Узнагарода – найвышэйшая, а ўражанняў – на 100 гадоў!

Пра перамогі на раённых і абласных конкурсах і казаць не трэба. Яе ўзнагароджваюць цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Чырвоны Крыж, Таварыства ветэранаў і інвалідаў, аддзел ідэалагінай работы, культуры і па справах моладзі… Яна – у ліку пераможцаў і як паэт на конкурсе да 760-годдзя Зэльвы.

І за ўсё Стася Богу ўдзячна,
Не ўзносіцца над людзьмі.
Знае цвёрда сваю звышзадачу –
Дарыць радасць зяльвянам усім!

Вялікі дзякуй табе, наша зорачка! Здароўя, новых песень і новых перамог!

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены