Станіслаў Жамойцін – нарвежскі вязень. Няпросты лёс зэльвенца ў час Вялікай Айчыннай вайны

Наўрад ці знойдзецца ў нас чалавек, які б не чуў пра масавы вываз насельніцтва з акупаваных фашыстамі тэрыторый у Германію. А вось што былі вязні з рэспублік былога СССР і ў Нарвегіі, напэўна, ведае мала хто. І гэта не дзіўна: да нядаўняга часу звесткі пра вязняў-нарвежцаў былі засакрэчаны. Таму і не пісалі ніколі пра нашых, зэльвенскіх нявольнікаў у гэтай суровай паўночнай краіне. А яны, на жаль, былі… Пра аднаго з іх, Станіслава Уладзіслававіча Жамойціна, расказала нам яго дачка, Алена Станіславаўна Кароза.

Даваеннае жыццё

Станіслаў Жамойцін вельмі рана застаўся сіратой: мама пакінула яго дваццацідзённым, тата – трохгадовым. Адзінае, што памятаў хлопчык пра самых блізкіх людзей, – як сядзеў на бацькавай дамавіне па дарозе на могілкі…

Паднімалі дзіця на ногі па чарзе дзядуля з бабуляй, дзядзькі і цёткі. Рос хлопчык вельмі кемлівым, вялікім ахвотнікам да вучобы. Скончыў 6 класаў Самаравіцкай школы “за польскім часам”. На большае дзядуля, мамін тата, не пагадзіўся. Хлопец не крыўдаваў: яго равеснікі і з бацькамі рэдка заканчвалі пачатковае звяно школы. А паколькі Станіслаў быў спрытны і ахвотны да любой работы, нідзе не быў лішнім ротам. Напярэдадні вайны жыў у цёткі Ганны Кеўлюк на хутары Дабраміль (каля сучаснай в. Снежная).

З пачаткам вайны родныя Самаравічы аказаліся адрэзанымі ад Дабраміля: па рацэ Зяльвянцы праходзіла граніца, што падзяліла Зэльвеншчыну на дзве часткі. Адна апынулася ў так званай акрузе “Беласток” Усходняй Прусіі, другая – у генеральнай акрузе “Беларусь”. На мосце праз Зяльвянку стаялі нямецкія ахоўнікі і правяралі ўсіх, хто ішоў ці ехаў з таго ці іншага боку. Станіслаў застаўся ў Дабрамілі, паранейшаму працаваў нароўні з чатырма дзецьмі цёткі Ганны на гаспадарцы. Калі дачуўся аб стварэнні партызанскага атрада П.І.Булака, пачаў шукаць сувязі з народнымі мсціўцамі. Звязацца з імі не паспеў, а трапіў у засаду на партызан, арганізаваную немцамі і паліцаямі.

Так пачаўся яго шлях у няволю, які доўжыўся 5 гадоў: спачатку ў Нарвегіі, потым у сталінскім ГУЛАГу.

Акупацыя Нарвегіі

Нарвегія была акупавана немцамі ў 1940 годзе. Яна была вельмі патрэбна Германіі як шлях да руды Паўночнай Швецыі. Таму так настойліва прабіваліся немцы ў самых вузкіх месцах прыгранічча Нарвегіі і Швецыі да заманлівых шахтаў. У гісторыю Другой сусветнай вайны ўвайшла бітва пры Уфут-фіёрдзе (заліве), якая адбылася паміж флотамі Вялікабрытаніі і гітлераўскай Германіі ў першыя дні пасля высадкі немцаў у Нарвегію (красавік 1940 г.). Англійскія караблі знішчылі 10 фашысцкіх эсмінцаў, шэсць гандлёвых судоў, транспарт са зброяй і падводную лодку. Здавалася б, перамога поўная. Тым болей, што неўзабаве у бой з ворагам уступілі англійскія, французскія і польскія атрады (у складзе польскага войска былі і воіны-беларусы). Ды і нарвежскія войскі актывізаваліся.

Аднак наступленне немцаў на Бельгію, Галандыю і Францыю не дазволіла саюзнікам Нарвегіі аказваць ваенную дапамагу і далей. Рух Супраціўлення, што ўзнік у краіне, хоць і наносіў значны ўрон ворагу, не мог процістаяць наладжанай фашысцкай машыне.

“ОстарбайтЕры” з СССР

Вывозіць моладзь на работу ў Германію і акупаваныя імі краіны немцы пачалі яшчэ ў 1941 годзе. Траплялі ў вязні па-рознаму. У гарадах рабілі аблавы, у партызанскіх зонах – засады. У вёсках застаўлялі старастаў складаць спіскі ўсіх насельнікаў, з якіх і адбіралі “годных” працаваць на вялікую Германію. Так ці інакш, вывезеных было нямала. Станіслаў Жамойцін, трапіўшы да немцаў у партызанскай зоне, лічыўся ў ворага за ваеннапалоннага, таму і апынуўся разам з паланёнымі чырвонаармейцамі на засакрэчаным
падземным заводзе. Рыхтавалі для акупантаў узбраенне. Адносіны да “непаўнацэнных рас” былі бесчалавечнымі. Калі палонныя спрабавалі ўцячы, – травілі сабакамі, забівалі да смерці. Станіслаў з некалькімі мужчынамі двойчы рабілі спробы абхітрыць немцаў. Пасля другога няўдалага пабегу зразумеў: сіл на трэцюю спробу не хопіць. Тым больш, што немцы ўжо паспелі замініраваць выхады з падзямелля.

Кармілі такой страшнай баландой, што пры адным поглядзе на яе выварочвала кішкі. А не пераадолееш агіды – хутка загінеш… Іх аднымі з першых вызвалілі воіны Чырвонай Арміі. З дапамогай байцоў з Руху Супраціўлення размініравалі падходы да лагера і не далі фашыстам знішчыць застаўшыхся ў жывых палонных. Нарвежскія жыхары, убачыўшы, у якіх ўмовах жылі падняволеныя, стараліся дапамагчы ўсім, чым маглі. Адзін з нарвежцаў падарыў Станіславу гадзіннік, бранзалет, касцюм і зялёны фанерны чамадан. Хлопцу было вельмі няёмка ад такога шчодрага падарунка, але і адмовіцца не мог…Везлі нарвежскіх вязняў на радзіму морам. Яны любаваліся суровай, але такой прыгожай прыродай: шматлікімі фіёрдамі, скалістымі берагамі, невялікімі гарадамі і адзінкавымі сельскімі хутарамі.Спадзяваліся на хуткае спатканне з роднымі. Але ўсё атрымалася інакш. Вялікая радзіма аднеслася да іх як да здраднікаў і прысудзіла па 3-4 гады прымусовых работ. Станіслаў адбываў пакаранне ў Тульскай вобласці на асобным Маскоўскім будаўнічым участку. Крыўдна і балюча было да слёз: нацярпеліся ў ворага, а зараз трэба цярпець і ў сваіх. На малую радзіму вярнуўся толькі ў 1947-м.

У жыццё ўваходзіць Каралін

Прыехаў Станіслаў у родныя мясціны, адведаў блізкіх людзей у Самаравічах, Дабрамілі, Караліне. І пакутліва раздумваў, дзе і з чаго пачаць жыццё. Ні хаты сваёй, ні грошай, ні рэчаў (па дарозе дамоў зладзеі ўкралі ўсё, што зарабіў каля Тулы і што падарыў нарвежац). Выручыў бацькаў брат Юльян, які жыў у Караліне, і адразу прапанаваў пляменніку куток у сваёй хаце. Меў Юльян Аляксандравіч чулае сэрца: маючы траіх сваіх дзяцей, узяў на выхаванне дзяўчынку з дзіцячага дома, і вось пляменніка ў бядзе не пакінуў.
З работай праблем не было. Яго працалюбства, умельства і крыштальную сумленнасць хутка заўважылі. А калі паступіў у вячэрнюю школу, каб атрымаць сярэднюю адукацыю, адразу стаў выдзяляцца матэматычнымі здольнасцямі, – даверылі работу рахункавода ў калгаснай канторы.

Неўзабаве хлопец пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай Жэняй Макарэвіч, якая вельмі добра разумела яго, суперажывала ўсім яго выпрабаванням. І хоць былі ў Жэні хлопцы з больш трывалымі даходамі, чым бязродны сірата Станіслаў, – выбрала яго. І за ўсе 45 гадоў сумеснага жыцця ні разу не пашкадавала аб сваім выбары. Хоць гора падпільноўвала іх на кожным кроку. Асабліва страшным было страціць першынца, які парадаваў іх толькі 18 месяцаў. А хутка – новы ўдар лёсу. Нечаканы, невядомы…

Паколькі старшыня калгаса мог цалкам давяраць Станіславу Уладзіслававічу, ён часта адпраўляў яго з адказнымі заданнямі ў розныя гарады рэспублікі. Аднойчы зімовым вечарам вярталіся Жамойцін з вадзіцелем з Баранавіч. Везлі вельмі неабходныя запасныя часткі для будаўніцтва Каралінскай ГЭС. І тут – аварыя. Мароз, цемень, непрытомны вадзіцель, а ў кузаве – з цяжкасцю абмененыя на бульбу і зерне дэталі. Станіслаў Уладзіслававіч дабраўся да бліжэйшай вёскі, выклікаў “хуткую дапамогу”. Папрасіў мясцовых камсамольцаў павартаваць груз, а сам па замёрзшай Зяльвянцы, як мог, рушыў у Каралін…

Арганізм, надломлены лагернымі выпрабаваннямі, даў збой. Ледзь жывога адвезлі мужчыну ў абласную бальніцу. Дыягназ: цукровы дыябет у цяжкай форме. Жыць можна толькі з інсулінам. У той час гэты прэпарат бясплатна не выдаваўся. Разумеючы, што без пазыкі ім з жонкай не абыйсціся, Жамойцін вырашае здацца на волю лёсу. Але жонка забараніла яму і думаць аб зыходзе: “Прададзім усё, што зможам, а ўколы купляць будзем”.

З тых пор Станіслаў Уладзіслававіч не разлучаўся са скрыначкай з уколамі (урачы навучылі яго рабіць уколы самому сабе).

Сям’я Станіслава Жамойціна

Здзейсненая мара

Падтрымка жонкі дазволіла не развітвацца з яго запаветнай марай: будаўніцтвам свайго дома. Жылі Жамойціны разам з бацькамі жонкі. Крыўднае для мужчыны слова “прымак” чуў Станіслаў Уладзіслававіч неаднойчы. Выгляду, што гэта незагойная рана, – не падаваў. Наадварот, усміхаўся і адказваў: “Хоць прымак, але голадам не мораць”. А сам збіраў капейку да капейкі, каб наблізіць мару. Майстар на ўсе рукі, ён эканоміў на вельмі многім. Рабіў сталы і табурэткі, плёў кошыкі, вязаў венікі. Абутку ніколі не аддаваў у майстэрню, чыніў усё сам. Да цырульніка не хадзіў, бо сам быў першым на вёсцы майстрам галення і стрыжкі.

Калі праз 10 гадоў пасля жаніцьбы пачаў узводзіць свой дом, амаль не наймаў рабочых. Набыў варштат, рабіў вокны, дзверы, шафы. Сам тынкаваў, штукатурыў, бяліў і маляваў.

У свой дом увайшлі ў 1964 годзе. Дзве дачушкі – Алена і Станіслава – не маглі нарадавацца, што маюць асобны куток для вучобы, стол, кніжную шафу, табурэткі. І ўсё – зроблена рукамі дарагога таты!

Станіслаў Уладзіслававіч вельмі ганарыўся сваімі дзяўчаткамі. Старэйшую хацеў бачыць доктарам, малодшую – настаўніцай. Выйшла крыху інакш: настаўніцай стала старэйшая, а Станіслава, што мела здольнасці да замежных моў, раптам перадумала паступаць у “іняз”, а стала студэнткай Горацкай сельгасакадэміі (напэўна, генетычна перадалася здольнасць бацькі да матэматыкі). А як клапаціўся пра іх бацька! Неяк Алена, ужо студэнтка Ваўкавыскага педвучылішча, паскардзілася, што не мае адпаведнага ўбору для сцэны, а ёй з хорам трэба было даваць справаздачны канцэрт. Бацька разведаў, дзе можна купіць дачцэ адзенне, сеў на веласіпед і паехаў ажно ў Дзярэчын, а потым, з пакупкай, – у Ваўкавыск!

Што трымала на зямлі

Згадваць пра палон Жамойцін не тое што не любіў, – не мог. Блізкія бачылі гэта і без патрэбы не вярэдзілі душэўныя раны. Успаміны даганялі ноччу. Жонцы нярэдка даводзілася будзіць мужа, каб перарваць яго крыкі: “міны”, “снарады”, “сабакі”… Калі па тэлебачанні ішоў фільм “Альпійская балада”, усе ў хаце ведалі: без “хуткай дапамогі” не абыйсціся.

У бальніцах даводзіласяляжаць часта. Урачы зэльвенскай рэанімацыі заўсёды здзіўляліся вытрымцы немаладога чалавека. Яго вялікай удзячнасці ім, лекарам, паважлівым адносінам да сяброў па няшчасці. “Ніколі ні на кога не скардзіцца, заўсёды тактоўны, ураўнаважаны, як бы і не мучыць яго ніякая хвароба,– казалі. Аднойчы адна з санітарак запытала: “Што трымае вас на зямлі?” І Жамойцін, не задумваючыся, адказаў: “Вера”.

Гэта не былі адчэпныя словы. Сваю глыбокую веру Станіслаў Уладзіслававіч пранёс праз усё жыццё. Лічыў, што толькі вера выратавала яго ў нечалавечых умовах. Калі ў 50-х гадах былі зачынены Міжэрыцкі, Зэльвенскі і Крамяніцкі касцёлы, ён веласіпедам кожную нядзелю адпраўляўся ў Рагозніцу Мастоўскага раёна. З Караліно да Рагозніцы не менш 30 км. Горача памаліўшыся, падзякаваўшы Богу за жыццё, вяртаўся назад. Адведваў радню ў Самаравічах і Зэльве, і з лёгкім сэрцам дабіраўся да сям’і.

Свае жыццёвыя прынцыпы ён ненавязліва перадаваў спачатку дочкам, а потым і ўнучкам. Яны і сёння памятаюць запаветы дзядулі Станіслава: паважай людзей; умей дароўваць крыўды; работу выконвай так, каб за табою не ішлі з бараною; беражы лад у сям’і; не чакай узнагарод за сваю працу ці паводзіны; вучыся ўсяму, што можаш адолець… Выконваюць родныя і такі яго наказ: ніколі не крыўдзіце нікога вечарам, бо не ведаеце, ці ўстанеце раніцай.

…Першы станоўчы адказ на запыты дачкі аб месцы зняволення бацькі быў атрыманы за некалькі дзён да яго смерці ў снежні 1992 года. Сёння даследчыкі выявілі, што на прадпрыемствах Нарвегіі на працягу акупацыйнага перыяду працавала каля ста тысяч мужчын і паўтары тысячы жанчын з тэрыторый былога Савецкага Саюза. А ўнучка Станіслава Уладзіслававіча на сайце “Память народа. RU” знайшла імя дзеда сярод іншых нарвежскіх вязняў.

Яніна Шматко

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены