Спецпраект «На карце Зэльвеншчыны». Галынкаўскі сельсавет — край герояў і майстроў

Размешчаны на паўночным усходзе раёна, Галынкаўскі сельсавет мае багатую гісторыю, шмат таленавітых людзей. Цэнтр сельсавета – аграгарадок Галынка. Налічвае 14 вёсак і адзін хутар. Колькасць жыхароў – 1306 чалавек. У сярэдняй школе навучаецца 80 дзяцей, садок наведваюць 22 дзіцяці. Маюцца: амбулаторыя, 3 ФАПы, аптэка, 2 бібліятэкі (сельская і школьная), цэнтр дасуга, 6 магазінаў (не лічачы яшчэ аднаго, які хутка будзе здадзены ў эксплуатацыю), комплексны прыёмны пункт, краязнаўчы музей у школе, дом сумеснага пражывання пажылых людзей у в. Акцябрская.

У вёсцы Луконіца знаходзіцца помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, касцёл Міхаіла Архангела. У вёсцы Вострава – помнік безстылёвай архітэктуры, Міхайлаўская царква XIX стагоддзя. У Галынцы – царква Велікамучаніка Георгія Перамоганосца, пабудаваная нядаўна на сродкі вернікаў.

Гісторыя змагарства

Гісторыя кожнай мясцовасці пішацца стагоддзямі. І традыцыі змагарства – ці незмагарства – за лепшую долю перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Жыхары Галынкаўскага сельсавета – змагары ў некалькіх пакаленнях. Пра гэта сведчаць як расказы жыхароў, так і экспанаты краязнаўчага музея, што з 1990 года існуе ў Галынкаўскай СШ. Прыслухаемся і прыгледзімся да сведкаў і сведчанняў.

У 20-30 гг. XX стагоддзя ў вёсках сённяшняга сельсавета дзейнічалі ячэйкі як Кампартыі Заходняй Беларусі, так і камсамола. Актыўна працавалі легальныя Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, 1925–1927 гг.), Таварыства беларускай школы (ТБШ, 1927–1929 гг.), сялянска-рабочы клуб “Змаганне” (1927–1930 гг.), маладзёжныя клубы “Кола моладзі”. Дзякуючы іх намаганням, у вёсках адчыняліся беларускамоўныя школы, развівалася мастацкая самадзейнаць. Ініцыятыўныя маладыя людзі шукалі і знаходзілі розныя шляхі для таго, каб да здабыткаў сусветнай культуры далучалася як мага болей людзей. Напрыклад, С.Л.Татарын выкарыстаў факт знаходжання ў Амерыцы каля сотні вастраўчан, папрасіў у іх фінансавай дапамогі. Землякі сабралі значную колькасць долараў і даслалі іх Серафіму Лук’янавічу. На гэтыя грошы ды заробленыя падчас спектакляў купілі 40 кубоў драўніны і ўласнымі сіламі за тры гады пабудавалі першы ў акрузе Народны дом. Менавіта ў гэтым доме драмгурток вастраўчан ставіў “Паўлінку”, “Раскіданае гняздо”, “Збянтэжанага Саўку” ды іншыя п’есы; тут дзейнічала бібліятэка-чытальня з больш як тысячным фондам рускай, беларускай і польскай літаратур.

У верасні 1939 года яшчэ да прыходу Чырвонай Арміі актывісты з Вострава раззброілі паліцэйскі ўчастак, захапілі пошту і тэлеграф (спрацавала вывучка падпольшчыкаў), вывесілі чырвоны сцяг. А ў кастрычніку адправілі ў Беласток на Народны сход, што вырашаў далейшы лёс заходнікаў, прадстаўніка ад Галынкаўскай воласці – Н.П.Малочку.

7 лістапада ў Галынцы ўпершыню адкрыта адсвяткавалі гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. У кожным выступленні прамоўцаў гучала вера ў светлае будучае. Ніхто не спадзяваўся, што ўсе надзеі абарве вайна…

Пра ўдзел жыхароў сельсавета ў барацьбе з ворагам напісана шмат. Вось і ў папярэднім нумары “Праца” нагадала пра падзеі 1941–1944 гг., пра дзейнасць многіх мсціўцаў, у тым ліку і даваеннага сакратара Галынкаўскага сельсавета П.І.Булака. Прывядзём толькі некалькі лічбаў, якія яскравей многіх слоў: у вайне з фашыстамі загінула 713 партызан і мірных жыхароў сельсавета і 165 тых, што сталі салдатамі ў ліпені 1944-га. Амаль 900 чалавек з аднаго сельсавета!

…А скалечаная бомбамі і снарадамі зямля патрабавала соцен і соцен рук.

Героі вайны становяцца героямі працы

Да вайны на тэрыторыі сельсавета паспелі арганізаваць толькі некалькі калгасаў. У 1949 пачалося ўзнаўленне былых і стварэнне новых калектыўных гаспадарак. Спачатку гэта былі калгасы-вёскі. У 1953 годзе пачалося іх узбуйненне. Спрыяла гэтаму Галынкаўская МТС, тэхніка якой дапамагала калгаснікам паскорыць тэмпы работ. Цагельня ў Пустаборах дапамагала маладым сем’ям будаваць прыгожыя прасторныя дамы. З сельскіх хат пераязджалі ў тыпавыя будынкі магазіны, будаваліся клубы і бібліятэкі. Школы рыхтавалі будучых знакамітых вучоных –  Я.І.Онацкага з вёскі Пруд, У.У.Клубовіча і М.Р.Сачака з Вароніч.

Ацэньвалася дзяржавай самаадданая праца калгаснікаў. Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга былі ўзнагароджаны У.У.Бебеш, С.І.Іўка, З.А.Каранец, Я.В.Латош, М.К.Матушка, У.В.Музычка. Даярка С.Ф.Лазоўская атрымала ордэны Працоўнай Славы II і III ступеняў, а М.І.Тырля і П.К.Радзівон – ордэн Леніна (Пётр Канстанцінавіч Радзівон меў яшчэ медалі і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга).

Працягвалі галынкаўцы справы даваенных будаўнікоў Народнага дома. Хор калгаса “Радзіма” за прапаганду савецкай музыкі быў узнагароджаны Саюзам кампазітараў СССР, а драмгурток Акцябрскага сельскага клуба – за прафесіяналізм у драматычным мастацтве.

Сенняшнія клопаты галынкаўцаў

Як і ва ўсіх сельсаветах, праблем у Галынкаўскага выканкама хапае. Часам тое, чым не так даўно ганарыліся, выклікае не толькі занепакоенасць – трывогу. Вось вёска Акцябрская. Колькі прыемных згадак пра дзейнасць там перасоўнай механізаванай калоны! А зараз даводзіцца руйнаваць пабудовы адміністрацыйнага будынка, інтэрната, сталовай, знішчаць кустоўе ў паркавай зоне і засяваць травой гектары зямлі. І так не толькі ў Акцябрскай. Стараюцца не распыляцца, эканомна расходаваць людскія і матэрыяльныя рэсурсы: спачатку навесці парадак у адной вёсцы, а потым брацца за другую.

І поспехі ёсць: з 2011 года знесена 146 пустуючых будынкаў, і ўжо сёлета вырашылі праблему з 16 дамамі. У 2018 годзе ўвялі ў севазварот 10 га зямлі. Дэпутаты сельсавета ўмеюць працаваць з людзьмі. Старшыня Р.У.Архіпчык задаволены іх стараннямі. “Дзякуючы прадуманай рабоце з насельніцтвам, мы не горш за іншых выглядаем”, – заўважае ён. Вядома, не горш! Дыпломы пераможцаў аглядаў-конкурсаў у раёне, вобласці і рэспубліцы гавораць самі за сябе.

Ганарыцца Руслан Уладзіміравіч не толькі дэпутатамі. Раіць нам наведаць многіх жыхароў, характарызуе іх як выключна таленавітых і старанных.

Галынкаўскія ўмельцы

У 70-80-я гады мінулага стагоддзя далёка за межамі сельсавета грымела слава пра разьбяра з Вароніч І.І.Саўко. Зараз тое ж можна сказаць пра С.А.Худзяева, А.П.Пянцяк і Л.М.Амяльянчык. Кожны з іх – непераўзыйдзены майстар у сваёй справе.

С.А.Худзяева, майстра-ганчара, можна лічыць і пераемнікам Саўко, хоць ён і не быў вучнем Іосіфа Іванавіча.

Сяргей Худзяеў.

Як разьбяр Сяргей Анатольевіч пачынаў з малых формаў (шыльда для краянаўчага музяея – яго работа). Далей – болей. Каля свайго дома ўсталяваў некалькі кампазіцый. Як кажуць, набіваў руку. І калі аднойчы старшыня сельсавета папрасіў дапамагчы ў стварэнні зоны адпачынку ў Галынцы, Сяргей Анатольевіч быў ужо спрактываным разьбяром. Запрасіў на дапамогу На-дзею Салейка (якая, як і Худзяеў, мастак і ў стварэнні гліняных вырабаў, і ў разьбе па дрэве) і мастаўчаніна Мікалая Саўко. Узнікла ідэя: выкарыстаць мясцовыя паданні. Разам прыдумалі кампазіцыю “Да млына”. Калі ўлічыць, што па дарозе да зоны адпачынку захаваўся будынак старога млына, а побач знаходзіцца нерукатворнае азярцо, то ідэя не магла не спадабацца.

Пасведчанне народнага майстра па ткацтву А.П.Пянцяк атрымала не так даўно – ў 2013 годзе, але займаецца любімай справай усё жыццё. Колькі было вучаніц – не лічыла, але ніколі нікому не адмовіла ў просьбе. Сам мастацтвазнаўца Я.М.Сахута адзначыў талент Антаніны Пятроўны на фестывалі “Скарбы Гродзеншчыны”. Шмат узнагарод-прызнанняў мае жанчына, ды не дзеля іх вучыць маладое пакаленне прасці і ткаць. Галоўнае – бачыць, што яе справа ў надзейных руках вучаніц.

Антаніна Пянцяк.

Гэтак жа адносіцца да свайго рамяства майстар вырабаў з саломкі ды іншых матэрыялаў Лілія Мікалаеўна Амяльянчык. Яна – кіраўнік двух гурткоў: “Беларуская саломка” і “Самоделкин”. Жанчына не лічыць час, адведзены на заняткі. Калі дзеткі зацікаўлена працуюць –
затрымліваецца на працы і на гадзіну, і на дзве. Нямала і ў яе вучаніц, што ў будучым могуць замяніць настаўніцу. Нядаўна вось Насця Радзівон парадавала – заняла трэцяе месца ў абласным конкурсе. “Будуць і яшчэ перамогі”, – упэўнена Лілія Мікалаеўна. Любуючыся вырабамі майстрыхі, мы з лёгкасцю згаджаемся: “Вядома, будуць”.

Лілія Амяльянык.

І яшчэ крыху пра музей

Расказваючы пра знакамітых галынкаўчан, Руслан Уладзіміравіч раіў абавязкова наведаць былога старшыню сельсавета Г.Ф.Жукоўскага і былую настаўніцу Галынкаўскай СШ С.А.Міхута.

Генадзь Фёдаравіч узначальваў сельсавет 22 гады. Дыялог з ім дапамог успомніць многіх ветэранаў, фотаздымкі якіх змешчаны на стэндах краязнаўчага музея. “Пры мне ветэранаў было больш за сто чалавек, а зараз не засталося ў жывых ніводнага”, – з жалем гаворыць Жукоўскі. І сапраўды. Здаецца, нядаўна “Праца” пісала пра І.А.Прыступу, У.І.Федзяню, У.Ф.Мацкевіча, С.Р.Яўстраценку, а ўжо і іх няма з намі.

Пра С.А.Міхуту дырэктар Галынкаўскай СШ Л.І.Літвак гаворыць з вялікай павагай: “Соф’я Аркадзьеўна – матэматык. Здаецца, далёкі ад гісторыі чалавек. А як яна ўмела расказаць пра кожны экспанат музея, захапіць сваёй апантанасцю іншых! Яно і не дзіва: два гады сабірала і ўпарадкоўвала кожны фотаздымак, сшытак, газетны ды іншыя матэрыялы Соф’я Аркадзьеўна”.

Дырэктар папрасіла цяперашняга кіраўніка музея, маладога гісторыка А.А.Марчанку правесці нас па музеі. Аляксандр Алегавіч аказаўся вопытным экскурсаводам. Хоць ён і не мясцовы, але лёсы людзей, сярод якіх жыве і працуе, яму не абыякавыя. У добрыя рукі перадала заснавальніца музея сваю справу!

Яніна Шматко

Фота Аляксандра Раманоўскага, Кацярыны Сяргей і з архіву газеты «Праца»

Вам может быть интересно

Comments are closed, but trackbacks and pingbacks are open.