Спасатель-отличник

Спасатель-отличник

Прафесія выратавальніка – з ліку самых небяспечных і, у той жа час, самых высакародных. Колькі мужнасці і вытрымкі трэба мець чалавеку, каб, рызыкуючы сваім жыццём, выратоўваць іншых. Сёння мы раскажам пра аднаго з прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Амаль 20 гадоў прысвяціў службе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях камандзір аддзялення ПАВЧ №1 Уладзімір Горны.

Кіраўніцтва аддзела характарызуе яго як лепшага супрацоўніка РАНС, стараннага і адказнага работніка і проста як мудрага самадастатковага мужчыну.

За час службы Уладзімір узнагароджваўся граматамі абласнога ўпраўлення і Мі-ністэрства па надзвычайных сітуацыях. Сёлета ўдастоены нагруднага знака МНС – “Выдатнік”.

Уладзімір Горны з катэгорыі тых людзей, якія не вельмі любяць расказваць пра сябе. Не таму, што ў іх няма часу або жадання на размовы аб прафесіі і асабістым жыцці. Справа ў сціпласці. Вось такім я ведаю Уладзіміра Паўлавіча. Пры размове з ім адразу пранікаешся даверам і павагай. Заўсёды вытрыманы, тактоўны, спагадлівы, ветлівы, падцягнуты, фізічна развіты, абаяльны…

З павагай гаворыць пра свайго падначаленага намеснік начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Сяргей Грабун: “Камандзір аддзялення Уладзімір Горны – выдатны спецыяліст, заўсёды служыць прыкладам для сваіх падначаленых. Умела арганізуе аператыўную ліквідацыю пажараў і надзвычайных здарэнняў. Як настаўнік моладзі, ён шмат увагі ўдзяляе павышэнню прафесійнай падрыхтоўкі і тактычнай вывучкі маладых калег”.

Размаўляючы з самым Уладзімірам, даведаўся, што для яго заўсёды дастойным прыкладам быў бацька Павел Іосіфавіч, які да выхаду на пенсію быў лепшым лесніком Зэльвенскага лясніцтва. 

У свой час, як і многія хлопчыкі, з дзяцінства марыў аб гераічных прафесіях. У школе добра займаўся і сябраваў са спортам. Таму, калі прызвалі на службу ў армію, паспяхова прайшоўшы строгі медыцынскі і прафесійны адбор, быў накіраваны ва ўнутраныя войскі ў г.Мінск. Прыгожая форма, экстрымальныя сітуацыі, цікавы і насычаны рытм штодзённага жыцця захапілі салдата: ён паспяхова спраўляўся са службай і быў сярод лепшых ваеннаслужачых. За ўзорнае выкананне воінскіх абавязкаў неаднаразова адзначаўся камандаваннем часці. 

Экстрым пераважыў і ў выбары далейшага жыццёвага шляху. Пасля дэмабілізацыі Уладзіміру прапанавалі пайсці служыць у ваенізаваную пажарную часць №1 г.п.Зэльва. 

– Ні разу не пашкадаваў аб тым, што прыняў рашэнне стаць пажарным. Праўда, рамантыкі ў нашай працы аказалася не так ужо і многа, як мне ўяўлялася, – адзначае мой субяседнік. – Служба патрабуе не малых душэўных і фізічных намаганняў. Аб гэтым у 1994 го-дзе, калі прыйшоў у пажарную часць, не ведаў. Трэба сказаць, што гэта быў той час, калі наша структура знаходзілася ў стадыі станаўлення. Мы прыходзілі на змену ветэранам-пажарным, якія ўсё свядомае жыццё аддалі гэтай прафесіі. Нягледзячы на тое, што мы, маладыя, прайшлі падрыхтоўку ў вучэбных цэнтрах, добрых практычных  навыкаў службы і вопыту барацьбы з вогненнай стыхіяй не хапала. Першым настаўнікам для многіх з нас стаў наш старэйшы калега Віктар Лагуноў. 

Спачатку я займаў пасаду дыспетчара, старшага пажарнага, потым быў прызначаны камандзірам аддзялення. Пад наглядам больш вопытных калег спасцігаў азы прафесіі на практыцы: вучыўся працаваць з тэхнікай і абсталяваннем, хутка і правільна прымаць рашэнні ў экстрымальнай сітуацыі. Затым пачаліся мае першыя баявыя выезды на ліквідацыю пажараў і надзвычайных сітуацый. Многія з іх былі звязаны з рызыкай для жыцця. Шчыра прызнаюся, што страху ў гэты момант не адчуваеш, хутчэй – унутранае напружанне, бо агонь не чакае, тут лік ідзе на секунды. Самае цяжкае для нас, выратавальнікаў-пажарных, – бачыць, як у агні гінуць людзі. І вельмі балюча ад таго, што не заўсёды паспяваем ім дапамагчы. 

На маё пытанне, як часта даводзіцца чуць словы ўдзячнасці за выратаванне чалавечага жыцця ці матэрыяльных каштоўнасцей, Уладзімір без хітрыкаў сціпла гаворыць: “Бывае… Хаця, здараецца, сутыкаемся і з раўнадушшам”. 

Акрамя таго, што Уладзімір Горны выдатны выратавальнік-пажарны, ён спагадлівы  і клапатлівы сын. Ніколі не забывае пра сваіх бацькоў, па меры магчымасці наведвае і дапамагае ім.

А яшчэ ён – цудоўны сем’янін. Разам з надзейнай спадарожніцай жонкай Наталляй жывуць у радасці і згодзе, выхоўваюць сына Максіма.

Усе знаёмыя і сябры добра ведаюць, што Уладзімір вялікі  ўмелец і здатны да любой справы майстар. 

Як сапраўдны мужчына, ён пераняў традыцыйную форму шчасця: пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць  сына. Некалькі гадоў таму маладая сям’я Горных атрымала ў спадчыну прысядзібны ўчастак, дзе пачалі ўзводзіць новы дом. Большасць будаўнічых работ выканана рукамі гаспадара. Ён і муляр, і тынкоўшчык, і сталяр… 

А наконт саду. Шмат дрэў мужчына пасадзіў на бацькоўскай сядзібе, а цяпер на сваёй. Многія, хто яго ведае, не перастаюць здзіўляцца, як удала ў гэтым чалавеку сумяшчаюцца ўсе вышэйназваныя якасці. 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.