Што прадставілі зэльвенцы на Дні пісьменства

Больш за 50 000 чалавек прыехалі ў Слонім на Дзень беларускага пісьменства. Праграма свята ахапіла не толькі горад, але і яго наваколлі. У эпіцэнтры падзей былі і нашы землякі.

Родная мова, як песня, гучыць

На Фальклорнай пляцоўцы прайшоў абласны конкурс ансамбляў беларускай музыкі і песні, а таксама ансамбляў народнай песні «І родная мова, як песня, гучыць». Тут сустрэліся 19 народных калектываў з усіх раёнаў вобласці. З 11:00 да 15:30 са сцэны гучалі беларускія народныя песні і аўтарскія творы айчынных кампазітараў. Але перамога мусіла дастацца найлепшым. Па выніках выступленняў народны ансамбль песні і музыкі «Весялуха» Зельвенскага РЦКНТ узнагароджаны Дыпломам лаўрэата ІІІ ступені.
– Падобны конкурс хоць і праводзіўся ўпершыню, але стаў сапраўды вельмі маштабным.

Адзін толькі факт таго, што журы ўзначаліў сам Міхаіл Дрынеўскі (мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Г. Цітовіча лічыцца сярод культ- работнікаў ледзь не самым галоўным «народным голасам» краіны), паказвае: паміж сабой спаборнічалі калектывы з высокім узроўнем выканаўчага майстэрства. Таму асабліва ганарымся сваёй перамогай, – каментуе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Раманчук. – Дарэчы, наша «Весялуха» была заснавана аж ў 1986 годзе, а званне «народны» было прысвоена калектыву праз дзесяць гадоў – у 1996-м. Удзел у падобных конкурсах для нас – каштоўны вопыт.

Адначосова другая частка зэльвенскіх культработнікаў забаўляла гасцей свята на ўласнай пляцоўцы:

– Мы працавалі з 10:00 да 20:00! Ахвотнікаў спець і патанцаваць з нашымі артыстамі было столькі, што мы, здаецца, ні на хвілінку
не прыселі перадыхнуць! – адзначае Галіна Мікалаеўна.
Прадставіць Зэльвеншчыну прыехалі і народныя майстры Валерый Фіцінскі, Лілія Амельянчык, Марыя Жоглік, якія аформілі тэматычную выставу.

Чытаць – гэта і праца, і свята

Было што паказаць для гасцей і работнікам раённай бібліятэкі. Зэльвенская скарбніца ведаў выстаўляла важныя для свайго рэгіёну і вобласці выданні “Леў Сапега”, “Сынкавіцкая царква” і інш. У гэтых кнігах адлюстравана жыццё паважанага слонімскага старасты XVI стaгоддзя, распавядаецца аб Сынкавіцкай царкве і яе ролі ў гістарычных падзеях.

Бібліятэкары прывезлі ў Слонім кнігі з аўтографамі такіх знакамітых землякоў, як Ірына Войтка, Аляксей Галаскок, Уладзімір Мазго і інш. Асаблівую цікавасць аматараў літаратуры выклікала выстава кніг ручной работы. Экспазіцыя “Падарожжа па кніжным акіяне” была прадназначана для дзяцей і мела поспех у маленькіх чытачоў.

Адным словам, гледачам зэльвенскага падворка было што паглядзець і аб чым паразважаць.

Майстар-клас ад “Працы”

На свяце ў Слоніме сярод газет Гродзенскай вобласці сваё пачэснае месца заняла і наша «Праца». Сваю пляцоўку журналісты арганізавалі на Фестывалі кнігі і прэсы. Калектыў рэдакцыі прадставіў самыя цікавыя нумары газеты, у тым ліку і святочныя выпускі, прысвечаныя Ганненскаму кірмашу і Дню Перамогі. Усе жадаючыя маглі пазнаёміцца з «раёнкай» і ўзяць любы з нумароў з сабой.

Акрамя сучаснай газеты, журналісты абуладкавалі выставу вырабаў з паперы, зробленай з трыснягу. А ў майстар-класе, арганізаваным настаўніцай СШ № 2 г.п. Зэльва Наталляй Гром, з ахвотай удзельнічалі як дарослыя, так і дзеці.

Сярод гасцей нашай пляцоўкі былі не толькі беларусы, якія прыехалі з розных куточкаў краіны, але і ўкраінцы, расіяне. Усе яны з задавальненнем адказвалі на пытанні тэматычнай віктарыны, падрыхтаваннай зэльвенскімі журналістамі да Дня пісьменства. На добрую памяць госці атрымлівалі самаробныя святочныя паштоўкі з выявамі знакамітых гістарычных дзеячаў беларускай зямлі.

Уражанне ветэранаў

Пабывалі на свяце ўдзельнікі хору ветэранаў “Успамін” і члены літаратурнага клуба “Малюся Слову”. Такі падарунак пажы- лым зэльвенцам прадаставілі раённае аб’яднанне прафсаюзаў, раённы савет ветэранаў і кіраўніц- тва філіяла “Князева”. Новы князеўскі мікрааўтобус хутка даімчаў да Слоніма.

Пабываць на ўсіх 16-ці пляцоўках города, якія прымалі гасцей, было немагчымы. І ўсё ж многае паспелі пабачыць зэльвенцы.

Вялікае ўражанне пакінуў помнік Льву Сапегу, які адкрывалі на цэнтральнай плошчы горада. З заміраннем сэрца нашы землякі слухалі выступленне аўтараў скульптуры – Івана Міско, Ула-дзіміра Піпіна і Сяргея Логвіна. Менавіта яны стварылі такі арыгінальны воблік галоўнага стваральніка Статута ВКЛ 1588 года.

Шмат цікавых мерапрыемстваў прайшло на галоўнай сцэне на вуліцы Чырвонаармейскай, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё ХХVI Дня беларускага пісьмен- ства. Там разгарнулася велічнае і прыгожае дзейства. Арганізатары свята пераносілі прысутных у часы старажытнага і сярэднявечнага Слоніма, знаёмілі то з Вітаўтам, то з Львом Сапегам, то са стваральнікам знакамітага опернага тэатра Міхалам Агінскім, то з яго пляменнікам, аўтарам знакамітага “Паланеза”, пад гукі якога закружыліся пары ў шыкоўных уборах 18 стагоддзя. А потым гледачоў вярталі ў сённяшні час.

На гэтай жа сцэне адбылося ўзнагароджанне переможцаў конкурсу на атрыманне нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сярод узнагароджанных быў і госць “Зэльвенскіх сакавін-2007” Мікола Маляўка, і наш зямляк Уладзімір Ягоўдзік.

Пасля зэльвенцы разышліся па розных пляцоўках свята: хто хацеў купіць кнігу, хто сувенір, хто – паўдзельнічаць у конкурсах. Усе засталіся задаволены і набытымі сувенірамі, і знаёмствамі, і сустрэчамі. Галіна Андрэева не толькі павіншавала з перамогай Міколу Маляўку, але і ачаравала вядучую, зрабіўшы з ёю сэлфі. Алена Кішнеўская павіншавала Уладзіміра Ягоўдзіка і нават згадала з ім часы маладосці. Вера Тульвінская паспрабавала сябе ў конкурсе танцораў, а Таццяна Мананнікава пазнаёмілася з кіраўніком літаратурнага аб’яднання з Баранавіч і дамовілася аб супрацоўніцтве баранавіцкіх і зэльвенскіх аматараў літаратуры. А потым, калі сышліся разам, з задавальнненнем аддаліся ўладзе Льва Сапегі, вядома!

Кацярына СЯРГЕЙ
Алена ГАРБАЦЭВІЧ
Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены