Наша зямлячка Валянціна Семяняка ўдастоена звання «Выдатнік адукацыі»

Шмат на Зэльвеншчыне настаўнікаў, адзначаных высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Сёлета іх рады папоўніліся – нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Беларусі “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджана дырэктар Князеўскай СШ Валянціна Семяняка.

Сімвалічна, што да гэтага такой жа высокай узнагародай быў адзначаны муж Валянціны Аляксандраўны – В.М. Семяняка. Што і казаць – уклад сям’і Семянякаў у развіццё адукацыі ў раёне вельмі значны. Былыя выпускнікі Цяглевіцкай СШ, потым – Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, яны пакінулі пасля сябе добрую памяць не ў адной школе раёна.

Стаць настаўніцай Валянціна Аляксандраўна марыла з дзяцінства. І натхніла яе на гэты шлях матуля: вельмі ж паважала яна настаўнікаў. І ў школе ўзорам настаўніка, чалавека, жанчыны стала для Валянціны выкладчыца рускай мовы і літаратуры Крысціна Іванаўна Нэттар. Любімая настаўніца вучыла ісці да здзяйснення мары, пераадольваючы ўсе церні. І ўчарашняя сельская школьніца бясстрашна пайшла штурмаваць універсітэт. Перамагла ў вялікім конкурсе на філалагічны факультэт. Вучылася добра, хоць была ўжо і жонкай, і маці. Дарэчы, Валянціна без акадэмічнага водпуску закончыла ўніверсітэт на стацыянары.

Першы год працы ў Дзяркацкай БШ – складаны і турботны (мужа, як пачынаючага дырэктара, накіравалі на 1,5 месяца на курсы, яна чакала другое дзіця) – згадваецца з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю. Удзячнасцю да бацькоў сваіх навучэнцаў, якія прыйшлі на дапамогу маладой сям’і і падтрымалі ў нялёгкім сельскім быце.

А потым сям’я пераехала ў Князева, якое ім стала родным. Валянціна Міхайлавіча назначылі дырэктарам мясцовай школы, а Валянціна Аляксандраўна стала працаваць у Крамяніцкай СШ. Пазней і яна працаўладкавалася ў Князеве.

Калектыў Князеўскай школы заўсёды быў і застаецца высокапрафесійным, здольным вырашаць самыя складаныя задачы. Было да каго звярнуцца за парадай, калі нешта не атрымлівалася. А ў маладой настаўніцы было галоўнае, што трэба педагогу: любоў да вучняў, веданне іх псіхалогіі. Валянціна Аляксандраўна заўсёды прымае дзяцей такімі, якімі яны ёсць ад прыроды. Тактоўна і асцярожна падыходзіць да іх, як да маленькіх асобаў, якім патрэбны разумны дарадчык. Не шкадуе часу на дадатковыя заняткі з тымі, хто не спраўляецца з вучэбнай праграмай. Вучні 8 класа Вадзім Бондар, Мілана Кашчыц, Дзяніс Кузьміч, Аляксандра і Аляксей Мазецы, Мікіта Мінаш і Ілля Чарняк не сумняваюцца ў любові да іх Валянціны Аляксандраўны. А яшчэ яны лічаць, што настаўніца вельмі не любіць дрэнных адзнак. “Калі мы не выказваем жадання прыйсці на дадатковыя заняткі, каб павысіць бал, – кажуць, – то Валянціна Аляксандраўна вельмі засмучаецца. Здаецца, яна больш за нас задаволена, калі мы атрымліваем дзявяткі ды дзясяткі”.

Былыя вучаніцы Валянціны Аляксандраўны, а зараз самі настаўніцы Л.А. Лудзіч, Л.Р. Кашчыц, Н.І. Азерская і іншыя ўспамінаюць, як любілі яны ўрокі мовы і літаратуры: “Было настолькі цікава, што ўрок пралятаў незаўважна. Яна так захапляюча расказвала нам пра жыццё і творчасць пісьменнікаў, так прыгожа чытала вершы і ўрыўкі з празаічных твораў, што хацелася слухаць і слухаць. І сам воблік яе – прыгожай, элегантнай – прыцягваў да сябе, заварожваў. І цяпер самі стараемся быць хоць у нечым падобнымі на любімую настаўніцу”.

Кабінет Валянціны Аляксандраўны заўсёды быў узорным і для князеўскіх педагогаў, і для філолагаў раёна. У ім знаходзілі адлюстраванне і творчыя работы вучняў, і вынікі іх экскусій у мясціны, звязаныя з лёсам знакамітых пісьменнікаў.

Доўга вагалася Валянціна Аляксандраўна, перш чым у 2007 годзе згадзілася ўзначаліць школу. Шкада было развітвацца з вучнямі, у якіх вяла мову і літаратуру. Было і страшнавата: за год да яе назначэння на пасаду кіраўніка школа стала гімназіяй. А гэта – забеспячэнне больш якаснага навучання, супрацоўніцтва з навукоўцамі, даследніцкая дзейнасць, удзел у шматлікіх праектах і г.д.

За кадры новы дырэктар была спакойна: кожны з настаўнікаў меў высокую кваліфікацыю, любіў сваю справу, умеў наладжваць кантакт з дзецьмі. Трэба было толькі ўмела накіроўваць усе старанні ў адно русла.

Паступова, крок за крокам Валянціна Аляксандраўна спасцігала ўсе тонкасці кіравання творчымі людзьмі. Яе крэда: “Усё можна вырашыць, сеўшы за стол перамоў”. Да сваіх калег яна адносіцца так, як калісьці яе мама да настаўнікаў: з вялікай павагай. Упэўнена, што педагог – знаўца псіхалогіі, заўсёды ў стане вырашыць самыя спрэчныя сітуацыі. У час, калі колькасць вучняў у сельскіх школах штогод змяншаецца, вельмі важна не дапусціць адтоку педагогаў з высокім прафесіяналізмам. Дырэктар змагла захаваць увесь касцяк
і даць пры гэтым магчымасць атрымліваць неблагую зарплату.

Гімназія ўдзельнічала ў некалькіх абласных і рэспубліканскіх праектах і пляцоўках. Ды і зараз, ужо ў статусе звычайнай сельскай школы, не адмаўляецца ад укаранення інавацый у навучальны і выхаваўчы працэсы. (Думаецца, няма патрэбы ў іх пераліку, так як “Праца” не раз пісала пра дасягненні калектыву).

Неаднаразовыя пераможцы ў конкурсах, алімпіядах, навукова-практычных і даследчых канферэнцыях, у біёлага-экалагічных і энергазберагаючых праектах… Настаўнікі ўзнагароджваліся граматамі, іх імёны заносіліся на раённую Дошку гонару, дзеці станавіліся “залатымі” медалістамі, а школа ў цэлым займала прызавыя месцы ў адпаведных рэйтынгах. У 2019 годзе па выніках тэсціравання стала адной з лепшых у рэспубліцы.

Валянціна Аляксандраўна ўмее стварыць утульнасць і ў сценах навучальнай установы, і на яе вялікай тэрыторыі. Разам з настаўніцай працоўнага навучання Л.Ч. Рудой, біёлагам Л.У. Лабовіч, загадчыцай гаспадаркі Н.У. Антончык у ідэальным стане падтрымліваюць прышкольны ўчастак і цяпліцу. Кампазіцыі кветак, дрэў і кустоўя радуюць вока. Школьная сталовая практычна не мае патрэбы ў закупках бульбы, морквы, буракоў ды цыбулі – гэта гародніна расце на дагледжаных участках.

Валянціна Аляксандраўна называла так шмат імён педагогаў і навучэнцаў, якімі яна ганарыцца, што пералічыць усіх проста немагчыма. Асаблівы гонар – выпускнікі, што вярнуліся ў родную школу настаўнікамі. Ці не гэта галоўная падзяка як былым кіраўнікам Князеўскай школы, так і ёй – выдатніку адукацыі.

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены