Шчучынскі баксёр Ілья Сырыцкі – у свае 15 двойчы чэмпіён свету 8:19 10 октября 2019

Мала якія юнакі ў 15-гадовым узросце могуць ганарыцца тытулам чымпіёна свету па муайтай.

Шчучынскі баксёр Ілья Сырыцкі – у свае 15 двойчы чэмпіён свету

 шчучынскі баксёр Ілья Сырыцкі, якога трэніруе педагог дадатковай адукацыі Палаца творчасці дзяцей і моладзі Уладзімір Барысавіч Шурупаў, гэтую спартыўную вышыню пакарыў, прычым ужо двойчы! Нядаўна ён вярнуўся з Анталіі (Турцыя), дзе ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі выступаў на маладзёжным чэмпіянаце свету па тайскім боксе і заваяваў “золата”.

– Да гэтага турніру мы рыхтаваліся увесь бягучы год, – зазначае трэнер Уладзімір Барысавіч Шурупаў. – Спачатку паспяхова выступілі на Кубку Чорнага мора і першынстве рэспублікі Беларусь па тайскім боксе. Апошнія два месяцы перад чэмпіянатам свету нашы баксёры Андрэй Варонік і Ілья Сырыцкі амаль не пакідалі трэніровачную залу. Апошняму нават прыйшлося “сагнаць” чатыры кілаграмы вагі, каб прывесці сябе ў аптымальную фізічную форму. 

Арганізаваць паездку ў Турцыю было няпроста. Аднак шчучынскіх спартсменаў падтрымалі былы старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік і яго пераемнік на гэтай пасадзе Аляксей Валянцінавіч Садоўскі. Спонсарскую дапамогу рабятам аказала ААТ “Шчучынаграпрадукт”, якое ўзначальвае Вольга Браніславаўна Патапчык. І вось нашы баксёры вылецелі ў Анталію…

– Як толькі прызямліліся і аказаліся на месцы, адразу прайшлі рэгістрацыю і ўзважванне, – працягвае Уладзімір Барысавіч. – Усяго на ўдзел у турніры падалі заяўкі 1250 спартсменаў з 84 краін свету. Пасля жараб’ёўкі стала зразумела, што заваяваць чэмпіёнскі тытул маім выхаванцам будзе вельмі складана.

chempion2_big.jpg
chempion3_big.jpg

Першы бой шчучынскі баксёр Андрэй Варонік завяршыў датэрмінова, вымусіўшы свайго саперніка здацца. Дамінаваў ён і ў спарынгу з тайскім апанентам – двойчы чэмпіёнам свету. Аднак суддзі чамусьці прысудзілі перамогу апошняму, што выклікала моцнае здзіўленне у балельшчыкаў.

Наш спартсмен Ілья Сырыцкі пачаў узыход на спартыўны Алімп у паядынку з польскім баксёрам, якога ўпэўнена “дажаў” за тры раунды. Пасля перамог і расійскага апанента, які лічыўся фаварытам чэмпіянату.

– Бой з сапернікам з Казахстана быў няпростым і вельмі драматычным, – прызнаецца Ілья Сырыцкі. – Два з паловай раунды я “ганяў” яго па рынгу, не даючы апомніцца. Аднак літаральна за 30 секунд да заканчэння паядынка, ён падлавіў мяне і правёў свой каронны ўдар локцем з развароту ў галаву. Прылажыўся так моцна, што іскры з вачэй пасыпаліся. Толькі дзякуючы выдатнай фізічнай падрыхтоўцы і назапашанаму вопыту мне ўдалося выстаяць на нагах і адбіць контратаку. Сустрэча з брытанцам таксама не была простай. Напярэдадні ён упэўнена перамог тайскага баксёра – яшчэ аднаго фаварыта турніру. Але я ехаў за “золатам” і нікому не збіраўся ўступаць чэмпіёнскі тытул. Таму, калі выйшаў на рынг, забыў пра ўсё. Фізічнае і маральнае напружанне было каласальным. І ўсё ж у той дзень фартуна аказалася на маім баку, і я стаў двухразовым чэмпіёнам свету па муайтай!

chempion5_big.jpg

Гэтая цудоўная навіна за імгненне абляцела ўвесь раён. Сябры Ільі, якія сачылі за яго паядынкамі онлайн, “завалілі” шчучынскага баксёра віншаваннямі ў соцсетках. 

– Я была на працы, калі мне патэлефанавала сястра і са слязамі шчасця на вачах паведаміла, што мой сын стаў чэмпіёнам свету, – гаворыць Людміла Чаславаўна Сырыцкая. – Эмоцыі, якія адчула ў той момант, немагчыма перадаць словамі! Вельмі ганаруся, што Ілья дасягнуў такіх вышынь! Упэўнена, у яго вялікая спартыўная будучыня!

Па вяртанні дадому рабят і іх трэнера Уладзіміра Барысавіча Шурупава гасцінна сустрэлі ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі, дзе яго дырэктар Ірына Пятроўна Дзегцярова ўручыла спартсменам дыпломы і каштоўныя падарункі.

Нягледзячы на высокія тытулы, Ілья Сырыцкі застаецца ўсё тым жа сціплым юнаком, які цэніць шчырасць, добразычлівасць і сапраўднае сяброўства.

chempion7_big.jpg

– Напэўна, я яшчэ не ўсвядоміў увесь маштаб сваёй перамогі, – гаворыць Ілья. – Патрэбен час, каб прывесці думкі ў парадак. Таму бліжэйшы тыдзень планую як след адпачыць і пабыць са сваімі блізкімі. А пасля зноў прыступлю да інтэнсіўных трэніровак. Наперадзе чэмпіянат Еўропы па тайскім боксе, які пройдзе з 4 па 11 лістапада ў Мінску. Па сваім размаху гэты турнір не ўступае нядаўняму чэмпіянату свету ў Анталіі. Чакаецца, што склад байцоў будзе вельмі моцным. Аднак і мы не лыкам шытыя! Усім, каму давядзецца падчас спаборніцтваў сустрэцца са мной на рынгу, прыйдзецца не соладка!

grodnonews.by

Вам может быть интересно

Комментарии отключены