Вучні Дзярэчынскага дзіцячага сада-сярэдняй школы наведалі мемарыяльны комплекс «Шавулічы»

22 сакавіка адзначаецца Дзень памяці Хатынскай трагедыі. Святы абавязак кожнага з нас – захаваць памяць аб тых жудасных падзеях. У рамках тыдня памяці Хатынскай трагедыі вучні 9-11 класаў нашай установы наведалі мемарыяльны комплекс «Шавулічы» і ўшанавалі памяць жыхароў вёскі.

Так атрымалася, што дзеці змаглі папрысутнічаць на рэпетыцыі мітынгу, які будзе праведзены 22 сакавіка. Нельга перадаць словамі тыя пачуцці, што можна было прачытаць у вачах школьнікаў. Усе словы вядучых аб тых жудасных падзеях смуткам ляглі на іх твары.

Гамоніць радасць сонечнага дня,
Цвітуць сады і прыгажэюць вуліцы.
А тут заўжды лунае цішыня
І гушкае згарэўшыя Шавулічы…

Шавулічы – сястра Хатыні. Летняя раніца 7 ліпеня 1943 года… Сёння свята Купалле. Гэта час росквіту жыццятворных зямных сіл. Прачынаецца вёска. Галасістыя пеўні гучна крычаць на ўсю акругу. Новы дзень – новыя сялянскія турботы. Але… Ніхто з жыхароў не здагадваецца, што гэта апошні дзень іх зямных клопатаў і трывог. У бок вёскі рухаецца атрад карнікаў нямецка-фашысцкага гарнізона, які размешчаны ў Ваўкавыску. Зараз яны пачнуць акружаць з усіх бакоў Шавулічы…

Мірныя жыхары паплаціліся сваімі жыццямі за тое, што побач з вёскай забілі нямецкага афіцэра — урача. У выніку гэтай карнай аперацыі былі расстраляны 366 жыхароў, з іх – 120 дзяцей. Усе хаты былі спалены.Так вёска Шавулічы, якая складалася з 77 двароў, дзе жыло 94 сям’і, перастала існаваць. Навекі знік з твару зямлі яшчэ адзін населены пункт, папоўніўшы спіс «вогненных вёсак».

Ніхто і нішто не парушыць цішыню гэтай мясціны. Тут толькі адны маўклівыя помнікі. І прыгадваюцца словы, якія гучаць для нас як напамін аб нявінных ахвярах фашызму: «Яны любілі сонца, неба, кветкі. Яны любілі жыццё…»

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Навучальна-педагагічны комплекс Дзярэчынскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Наталля Сякевіч

Вам может быть интересно

Комментарии отключены