Семейный стаж Константина и Раисы Лазута составляет более пяти десятилетий

img_1547

Каб вучыць іншых, трэба самому шмат ведаць. Такога жыццёвага прынцыпу прытрымліваюцца зэльвенцы Канстанцін і Раіса Лазуты, сямейны стаж якіх складае больш за 50 гадоў 

Канстанцін Пятровіч родам з Бародзіч. Пасля заканчэння сямігодкі (дарэчы, школьныя гады прыйшліся на цяжкі пасляваенны час) ён вырашыў вучыцца далей: цяга да ведаў была большай за ўсе іншыя жыццёвыя абставіны. Уладкаваўся на працу электрыкам, а па вечарах наведваў школу працоўнай моладзі. Затым была служба ў арміі. Увесь вольны ад службы час Лазута адводзіў на падрыхтоўку да паступлення ў вну. Праўда, спроба стаць студэнтам Львоўскага сель-скагаспадарчага інстытута закончылася няўдачай – не хапіла балаў. Але гэта не спыніла Канстанціна, які падаў дакументы ў Аршанскае індустрыяльна-педагагічнае вучылішча і паспяхова вытрымаў уступныя экзамены.


Менавіта ў Оршы ён сустрэў сваю другую палавінку – такую ж апантанную да вучобы выдатніцу-актывістку Раісу, з якой са студэнцкіх гадоў разам крочаць па жыцці ўжо больш чым пяць дзясяткаў гадоў.
Канстанцін быў на апошнім курсе, калі Раісу Іванаўну, якая паступіла на год раней, накіравалі на працу ў школу-інтэрнат у Беразіно. Зараз жанчына згадвае, як амаль што-дня атрымлівала пісьмы ад мужа-студэнта, як часта ездзілі адзін да аднаго ў госці.
У 1963 годзе Лазуты пераехалі працаваць на Зэльвеншчыну. Нераўнадушных да школьнага жыцця маладых настаўнікаў працоўнага навучання палюбілі вучні і прызналі калегі.


На ўроках Канстанціна Пятровіча хлапчукі асвойвалі “мужчынскія” навукі: вучыліся слясарнаму майстэрству, сталярнічалі і г.д.
– Праграма працоўнага навучання для дзяўчынак часта мянялася, – успамінае Раіса Іванаўна. – Яны, як і хлопчыкі, павінны былі авалодаць ведамі ў вобласці дрэва- і металаапрацоўкі, да таго ж вучыліся дамаводству і працаваць на агародзе…


Лазуты прытрымліваліся думкі: каб вучыць другіх, трэба самому многа ведаць. У свой час абое завочна атрымалі вышэйшую адукацыю.
Шмат каму са школьнікаў Канстанцін Пятровіч і Раіса Іванаўна дапамаглі вызначыцца з будучай прафесіяй. Многія іх вучні звязалі свой лёс з тэхнічнымі спецыяльнасцямі. Зараз ужо дарослыя, яны не прамінаюць магчымасці, каб выказаць удзячнасць любімым педагогам.


Школьнікі з задавальненнем наведвалі суднамадэльны гурток, якім кіраваў Канстанцін Пятровіч. Заняткі прыносілі плён. Першае выступленне на абласных спаборніцтвах па суднамадэльным спорце прынесла выхаванцам настаўніка чацвёртае месца, праз год – другое. Хутка зэльвенскім мадэлістам не было роўных у вобласці. Яны неаднаразова выходзілі пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў. Дарэчы, мадэлі парусных лодак, падводных крэйсераў і буксіраў, зробленыя школьнікамі пад кіраўніцтвам Канстанціна Лазуты, захаваліся ў сярэдняй школе №2 да гэтага часу.


Жонка-настаўніца, як і муж, карпела па вечарах над планамі і канспектамі, рыхтавала прызёраў творчых конкурсаў сярод дзяўчынак.
Школа чырвонай стужкай прайшла праз жыццё Лазутаў. Багаты настаўніцкі лёс – 39 гадоў працоўнага стажу ў Раісы Іванаўны і 37 – у Канстанціна Пятровіча – нішто іншае, як прыклад адданасці дзецям і прафесіі.


Пацвярджэннем таму, што працавітасці Лазутам было не займаць, з’яўляецца прыгожы прасторны дом, пабудаваны і абуладкаваны сваімі рукамі.
Такімі ж працалюбівымі, адукаванымі, добрымі і спагадлівымі, як бацькі, выраслі трое сыноў Лазутаў.


Педагогі даўно на заслужаным адпачынку, але сядзець склаўшы рукі не любяць. Канстанцін Пятровіч сам сабраў два невялікія трактарчыкі, якія сталі памочнікамі па гаспадарцы. Раіса Іванаўна шчыруе на агародзе, любіць вязаць і вышываць, перачытваць паэтаў-класікаў і філосафаў.


– Сёння самі здзіўляемся, як раней на ўсё хапала часу. Магчыма, усюды паспявалі, бо займаліся любімай справай, – з прыемнасцю дзеляцца сакрэтамі сямейнага шчасця муж і жонка. – А яшчэ – заўсёды пад-трымлівалі адзін аднаго, паважалі і аддавалі цяпло сваіх сэрцаў.
Людміла ПОПКА.

 

Вам может быть интересно
1 комментарий
  1. Aleksandr says

    Спасибо вам огромное за труд ваш!Ваш бывший воспитанник.

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.